ЛЕБЕДЗЬ
Рэдкая ў прыродзе птушка, здаўна быў аб’ектам подзіву і паэтычнага натхнення нашых продкаў. Белы Л. – улюбёны вобраз традыцыйнай паэзіі, ён служыць сімвалам вернасці ў каханні ( птушка манагамная), хараства, чысціні, святасці. Амаль поўнае знікненне Л. з вадаёмаў нашай азёрнай і рачной краіны (даверлівая птушка была вельмі лёгкім і жаданым прадметам палявання) патрабавала нейкага тлумачэння.
Міф спрабуе знайсці карэнныя прычыны такога становішча і пачынае шукаць іх “ад патопу”. Паводле яго, калі Яной пачаў збіраць усё жывое на карабель, каб ратаваць іх ад “затопу”, моцны птах лебедзь на імя Страцім надумаў самастойна плаваць па водах. Але на яго населі розныя птушкі, што плаваць не ўмелі, і патапілі яго.
Таму і няма цяпер нашчадкаў гэтай птушкі. У творы максіма Багдановіча “Страцім – лебедзь” праводзіцца думка пра трагічнасць лёсу асобы, якая, ратуючы іншых, слабых, неразумных, сама мусіць гінуць. Як і іншыя вадаплпўныя птушкі (перадусім качкі), Л. звязаны з першымі фазамі касмагенезу.
Так, у адным з касмаганічных паданняў менавіта Л. (д’ябал у вобразе Л.) здабывае пяску са дна мора, з якога Бог стварыў роўную, шырокую зямлю. Але Л. – чорт прыхаваў у носе крыху гэтага пяску і панатварыў з яго балоты і горы. У гэтым паданні Л. выступае як персанаж, якому падуладная водная прастора.
Гэтая ж ідэя абыгрываецца і ў легендзе пра паходжанне назвы сялібы “Лебедзева дно”. У гэтай легендзе апавядаецца, што некалі на сярэдзіне вялікага возера жылі Л. Людзі не чапалі гэтых высакародных птушак, бо лічылі, што менавіта яны ахоўваюць возера, будуюць і рамантуюць схаваныя пад вадой дамбы і плаціны, чым утрымліваюць возера між высокіх пагоркаў.
Толькі аднаго разу нейкі ліхі чалавек застрэліў Л. – важака, і птушкі пакінулі возера. Вельмі хутка разбурыліся без дагляду плаціны і дамбы, і вада з возера абрынула ў рэчку, нарабіўшы вялікія разбурэнні ў наваколлі (яшчэ адна рэалізацыя матыву “Л. і патоп”). Магчыма, што некаторыя “хтанічныя” рысы ў вобразе Л. абумоўленыя не толькі яго сувяззю з вадой (пачатковымі водамі), але і белым колерам яго пер’я, якім часта Л. і сімвалізуецца, як, напрыклад, у загадках: “Што бела не белячы?” – “Лебедзь” (параўн. пра ворана: “Што чорна не чэрнячы?”).
У Свіслацкім р-не запісана паданне пра паходжанне чорных Л. Апавядалі, што некалі на месцы невялічкага ляснога возера стаяў замак, у якім жыў граф са сваёй дачкой, якая палюбіла маладога конюха. Даведаўшыся пра гэта каханне, жонка графа пракляла і дачку і яе каханага, і апоўначы, калі тыя гатовыя былі ўцячы з замка, замак праваліўся пад зямлю і на яго месцы разлілося возера.
З таго часу якраз апоўначы прылятаюць на возера два чорныя Л. і плаваюць кругамі, не могучы наблізіцца адзін да аднаго дзеля матчынага праклёну. Найчасцей Л. сімвалізуе жаночы пачатак, пра што можа сведчыць і касмаганічная роля Л., і ператварэння Л. (наагул вадаплаўных птушак) у дзяўчат – прыгажунь у чарадзейных казках, і загадкі накшталт:
“Белы лебедзь на блюдзе не быў, усе людзі елі” з адгадкай “грудзі маці”.
У шэрагу выпадкаў у выніку балта-славянскай моўнай інтэрферэнцыі Л. могуць выступаць як галубы паводле падабенства з літоўскай назвай лебедзя guble, прынамсі, у тэкстах накшталт:
“- Ой, ты, сіненькі галубочак,
Дзе бываў, лётаў далёка?
Да ці быў жа ж ты на моры?
Ой, ці быў жа ты на моры,
На сінюсенькім азёры?”
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/3073