ПАХАВАННЕ СТРАЛЫ
Архаічны абрад, распаўсюджаны пераважна ў Пасожжы і блізкім сумежжы, на тэрыторыі рассялення радзімічаў. І само дзейства, і песні, уключаныя ў яго, і народнае тлумачэнне сэнсу абраду сведчаць, што найперш ён праводзіўся з мэтай адвесці “грамавую стралу” ад вёскі, пазбегнуць веснавых пажараў ад Перуна, ад маланкі (“Каб маланка не ўбіла”, “Кабы ўвесці гразу на лета ад дзярэўні”).
Разам з тым у абрадзе П. с. праглядваюцца выразна сляды аграрнай магіі – качанне жанчын – удзельніц па жыце – і сляды ахвяравання (закопванне лялькі на ніве ці нейкага прадмета, асабіста належнага ўдзельніцы абраду (пярсцёнка, касніка, грабяня ды інш.).
Тут выразна праяўляецца замена чалавечай ахвяры нейкім сімвалічным прадметам, хоць у песнях гаворыцца часта, што “Ляцела страла ўздоўж сяла, забіла страла добрага малайца”, а таксама частыя просьбы: “Не ляці, страла, да ўздоўж сяла, не забі, страла, добрага малайца”.
Ёсць варыянты, дзе мадэлюецца магічным шляхам неабходная сітуацыя:
“Як пушчу стралу да й удоль сяла,
Ох і ой, лёлі, да й удоль ся… У!”
Прыпеў адпаведны:
“Як уб’е страла добра молайца.
Па том молайцу некаму плакаці…”.
Страла тут незвычайная, грамавая: “Кажуць страла – як хмары йдуць, так маланка”. Песня “страла” – галоўная песня абраду, які дажыў да нашых дзён: у 80 – ых гг.
Нашага стагоддзя ў асобных сёлах на “пахаванне стралы” збіралася на Ушэсце (40 – ы дзень ад Вялікадня, заканчэнне перыяду “вясны” і веснавых песняў) да 500 чалавек, амаль ва ўсіх версіях апавядаецца пра забітага малойчыка, якога аплакваюць маці, сястра, жонка, прытым увесь час падкрэсліваецца перавага роднасці па крыві – жонка мала плача, шукае другога сябра.
Існуе версія, дзе забіты сокал альбо чорны воран. Ён не аплакваецца. Такім чынам, абрад П. с. можна аднесці да абрадаў засцерагальнай магіі, які скіраваны на забеспячэнне абшчыны ад грамавых стрэлаў і пажараў і на замыканне веснавога перыяду, а таксама на магічнае садзеянне ўрадлівасці збожжавых ніў.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/4063
|