ПАМІНАЛЬНЫ ДЗЕНЬ
На працягу першага года пасля смерці сваяка і ўсіх наступных гадоў на могілкі лепш хадзіць па суботах (акрамя 9-га і 40-га дзён пасля смерці, а таксама дня шанавання продкаў — Радаўніцы, якая заўсёды выпадае на аўторак).
Варта ведаць і вучыць гэтаму дзяцей: якой дарогай вы прыходзіце на могілкі, такой і назад вяртайцеся. На працягу трох гадоў адзначалі дзень нараджэння памерлага і дзень яго смерці.
Пасля заканчэння гэтага тэрміну адзначалі толькі дзень смерці і ўсе гадавыя царкоўныя святы памінання продкаў. Мы прывядзём самыя распаўсюджаныя памінальныя дні, якія былі зафіксаваныя ў розныя часы на тэрыторыі Беларусі (даты адпавядаюць праваслаўнаму календару):
-Дзедава пятніца, Дзедава субота — пятніца і субота на 10-м тыдні перад Вялікаднем;
-Дзедава пятніца, субота, Мясаедныя, Мясапусныя Дзяды — пятніца і субота на 9-м тыдні перад Вялікаднем;
-Грамнічныя Дзяды — пятніца і субота напярэдадні Грамніц, або Стрэчання (15 лютага);
-Бацькоўская субота — субота на 6-м тыдні перад Вялікаднем;
-Бацькоўская субота — субота на 5-м тыдні перад Вялікаднем;
-Бацькоўская субота — субота на 4-м тыдні перад Вялікаднем;
-Радаўніца — аўторак на 2-м тыдні пасля Вялікадня;
-Траецкая субота — субота на 7-м тыдні пасля Вялікадня;
-Яблычны Спас — 19 жніўня (дзень памінання памерлых дзяцей);
-Спасаўскія Дзяды — пятніца і субота перад Успеннем Багародзіцы (28 жніўня),
-Восеньскія Дзяды — субота на 3-м тыдні пасля Пакроваў (14 кастрычніка),
-Змітраўскія Дзяды — субота напярэдадні 8 лістапада (дзень ушанавання святога Дзмітрыя Салунскага);
-Міхайлаўскія Дзяды — субота напярэдадні 21 лістапада (дзень ушанавання архістратыга Міхаіла);
-Піліпаўскія Дзяды — пятніца і субота напярэдадні Каляднага паста (пачатак — 28 лістапада).
Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.
|