БЕЛЫ КОЛЕР ЯК ДАРОГА Ў СВЕТ ПРОДКАЎ
Пра тое, што ў хату прыйшла бяда – смерць блізкага чалавека, – сведчылі адпаведныя дзеянні людзей і адмысловыя рытуальныя знакі-атрыбуты. На Беларусі першым рытуальным дзеяннем пасмяротнай гадзіны было вывешванне на акно з боку вуліцы белага, без малюнка і арнаменту, ручніка.
Далей змянялася і каляровае напаўненне ўнутранай прасторы хаты: «У хаце памерлага і ў хатах сваякоў усе ручнікі і фіранкі замяняюцца на белыя, сумныя».
Люстэркі, а разам з імі ўсе шкляныя, паліраваныя паверхні ў тым пакоі, у якім знаходзіўся памерлы, і па ходзе вынасу нябожчыка з хаты экраніравалі тканінай белага колеру: каб смерць не «падвоілася», г.зн. не «зачапіла» каго-небудзь з родных гэтай хаты, а хутчэй за ўсё таго, хто першы ў яго паглядзіцца.
У заходніх раёнах Беларусі, у якіх пераважае каталіцкае насельніцтва, з гэтай мэтай часта выкарыстоўваліся тканіны і стужкі чорнага колеру. Гэта традыцыя даволі позняя па часе ўзнікнення, у больш раннія часы люстэрка проста перагортвалі да сцяны.
Калі зазірнуць у казкі і быліны, то мы выразна ўбачым, што колер Свету Вечнасці, ці «таго свету», – белы. Смерць уяўляецца нам жанчынай у белым саване, у якой доўгія распушчаныя валасы, кашчавыя рукі, «на якую, як на сонца, ва ўсе вочы не зірнеш і ад якой нельга ні адкупіцца, ні адмаліцца»...
Яна цягаецца па палях і з'яўляецца людзям, каб папярэдзіць пра хуткае гора ці канстатаваць яго. У жыцці проставалосая жанчына заўсёды была «знакам бяды». Калі паміраў муж ці дзіця, то жанчына на працягу сарака дзён не заплятала валасы ў косы, не пакрывала галаву хусткай, што ва ўсе астатнія часы лічылася вялікім грахом і ненарматыўнымі паводзінамі.
У палякаў пра памерлага казалі: «Ажаніўся з Белай». У народзе даўно кажуць: «Што ты белы, нібы смерць?» Г.С. Маслова ў манаграфіі «Народнае адзенне ва ўсходнеславянскіх традыцыйных звычаях і абрадах ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя» адзначае: «Белы колер пераважаў у пахавальным адзенні ўсходніх славян.
У мужчын – белыя кашуля і порткі, панчохі, шапка; у жанчын – кашуля, сарафан, спадніца, світка, намітка ці хустка і г. д.».
Аўтар: Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК, «Звязда».
Крыніца: http://www.belarustime.ru/belarus/nativeword/a3602f2d91094e31.html