ВАЛАЧОБНІЦТВА
З дахрысціянскіх часоў дайшлі да нас велікодны хлеб-паска і пафарбаваныя ў чырвоны колер яйкі – абрадавая ежа галоўнага веснавога свята, якое адзначаецца ў першую нядзелю пасля веснавога раўнадзенства і поўні. Лічылася, што пышная паска з печы азначае для сям’і поспех, а калі яна атрымлівалася ацеслівай, або з патрэсканай скарынкай, то чакалі непрыемных навін.
Невыпадкова жанкі прыкладалі ўсе намаганні, каб кулічы выходзілі і прыгожыя, і смачныя. Нездарма Якуб Колас параўноўваў: “Кабеты таксама разрумяніліся, як тыя пірагі пад Вялікдзень у добрае гаспадыні”. А Артур Вольскі пад уражаннем успамінаў дзяцінства нават заклінаў: “Хай у нашых жанок, хай у нашых дачок рукі будуць такія, як матчыны рукі”.
Але галоўным сімвалам найвялікшага хрысціянскага свята і сёння застаецца фарбаванае яйка. З часоў, калі Святая Марыя Магдалена прынесла чырвонае яйка рымскаму імператару Тыберыю, жадаючы сказаць, што Ісус Хрыстос сваёй крывёю заплаціў за грахі людзей, але дараваў ім жыццё, і трэба спа¬дзявацца, што ён уваскрэсне.
Пазней разам з аднакаляровымі крашанкамі ў славян сталі ўжывацца і пісанкі – яйкі, размаляваныя арнаментамі, якімі людзі імкнуліся прыхіліць да сябе таямнічыя сілы прыроды, захаваць сябе і гаспадарку ад хвароб, іншых няшчасцяў і нястач. На Вялікдзень яйкі свянцілі ў царкве, і затым на працягу трох дзён яны суправаджалі гаспадароў літаральна ўсюды.
З іх пачыналі святочную трапезу; клалі ў ваду, якой мылася ўся сям’я, каб быць здаровымі і прыгожымі; давалі гасцям і бралі з сабой у госці; дзяўчаты адорвалі імі кавалераў і жаніхоў; дзеці гулялі ў біткі, качалі іх на пагорках. Усяму гэтаму папярэднічаў Вялікі пост, які нярэдка быў выпрабаваннем, асабліва для мужчын.
І калі Алена Васілевіч адкрывала сакрэт пашчэння: “Прасцей бывае ў пост: сушаныя грыбы, цыбуля, кіслая капуста – усё гэта расце, сушыцца і соліцца на месцы”, дык Раман Сабаленка вялікай таямніцы не рабіў: “Завядзёнка тады яшчэ ў людзей такая была: увесь год можаш поснічаць, а на… Вялікдзень абавязкова разгавецца свежыною”.
Прычым, як пісаў Якуб Колас, “На Вялікдзень звычайна ў госці не запрашалі, хто хацеў, прыходзіў сам. Такі быў звычай, заведзены дзядамі і прадзедамі”. Не толькі за сталом сустракалі свята. Моладзь у гэты дзень ішла на ўзвышша або нават залазіла на званіцу, каб сустрэць узыход сонца, якое, паводле павер’я, гуляла – апускалася і ўзнімалася.
І юнакі з дзяўчатамі таксама гушкаліся на арэлях, што павінна было садзейнічаць росту ільну і іншых карысных раслін. Але галоўнай асаблівасцю беларускага святкавання Вялікдня было валачобніцтва, прынцыпова падобнае на зімовы абыход калядоўшчыкаў. Ніл Гілевіч так прааналізаваў гэтую акалічнасць: “Зместам і характарам сваім валачобныя песні вельмі напамінаюць велічальныя песні калядоўшчыкаў, толькі дух велічання выяўлены ў іх яшчэ больш поўна і ярка”.
Пад вечар збіраліся валачобнікі і спявалі: “Валачобныя – людзі добрыя, валачыліся, намачыліся, Хрыстос васкрэс сам Гасподзь!..”. За ноч яны паспявалі зайсці ў кожную хату, павіншаваць гаспадароў, пажадаць ім здароўя, дабрабыту. Калі гаспадар з гаспадыняю шчодра адорвалі валачобнікаў, тыя ўсё складвалі ў мех і ад шчырага сэрца жадалі сям’і мноства шчадрот: “Песенька спета напроці лета, а будзь жа весел, як вясна красна, а будзь жа ціхі, як ціха лета, а будзь жа багаты, як багата восень”.
Як адзначаў Якуб Колас, спевакі падбадзёрвалі сябе, працавалі дружна: “А вы, валачобнікі, далучайцеся да нас: прыпеўку спяваем усе!”. Імкнуліся не пакінуць па-за ўвагай нікога: “
– Ведаеш, Янка, трэба ў нашу валачобную песню дадаць прысвячэнне Вользе Сцяпанаўне”, – чытаем у Якуба Коласа. На заканчэнне свята кампанія віншавальнікаў ішла ў хату, а часам у карчму ці нават у гумно, дзе дзяліла ўсё сабранае паміж сабой. Частка смакаты з’ядалася тут жа, астатняе забіралася дамоў. А з чырвонымі яйкамі назаўтра ўсе ішлі да месца, дзе адбывалася вясёлая гульня.
Аляксандр Бяляеў.
Крыніца: http://life.bobr.by/inc_page.php?print=12443