КУЦЦЯ СВЯТОГА КОЗЛІКА
Рэгіянальная назва конадня Новага года (Мазыршчына), зафіксаваная П. Шэйнам пры канцы XIX ст. Назва тлумачыцца паданнем, паводле якога, калі нарадзіўся Хрыстос, то яго схавалі ў яслі ад пераследу з боку цара Ірада. Каля ясляў тым часам знаходзіўся малады козлік, які, здагадаўшыся, што нарадзіўся Бог, стаў прыкрываць яго сенам, каб той не змерз.
У знак гэтага, як п’юць першую чарку на Васілле, то кажуць: “Святой Козлік, Святой Васіллейко, надзялі, Боже, здаровейкам!” Гэтае паданне вельмі нагадвае старажфтнагрэцкі міф пра тое, як козачка Амальтэя ўзгадвала сваім малаком схаванага ад пераследу з боку бацькі немаўля Дзэўса – будучага грознага валадара Алімпа.
Лацінскі адпаведнік імя Амальтэі – Капэла – літаральна азначае “козачка”. Менавіта пад гэтай назвай вядома адна з вельмі яркіх зорак зімовага зоркавага неба – альфа сузор’я Возніка, якая кульмінуе апоўначы акурат пад Новы год. Ёсць дастатковыя падставы лічыць, што гэтая нябесная Козачка мае самае непасрэднае дачыненне да “казы” або “казла” – цэнтральнага і найбольш пашыранага персанажа нашых Калядаў.
Кульмінацыя ж нябесных свяцілаў, асацыяваных з пэўнымі міфалагічнымі персанажамі, перадаецца традыцыйнымі міфапаэтычнымі сродкамі як знаходжанне гэтых персанажаў у вяршаліне Сусветнага дрэва або гары, якія рэпрэзентуюць вось Сусвету (axis mundi). І гэты момант яўна адлюстраваны ў калядных песнях, падобных да той, што была запісана, напрыклад, у Пастаўскім р-не:
“Ў чыстым полі лаза стаіць, каляда.
На тэй лазе каза сядзіць.
Прышоў да яе серанькі ваўчок.
- Да злезь, каза, патанцуім.
- Не палезу, цябе баюся…”
Параўн. таксама провады Юр’і на дрэва ў момант, калі кульмінуе зорка Арктур у сузор’і Валапаса ( а гэта самая яркая зорка веснавога зорнага неба). Гэткая сітуацыя можа здавацца і вобразам гары, вяршыня якой, як і вяршаліна дрэва, сімвалізуе неба, як у наступнай каляднай песні:
"На гарэ каза
З казляняткамі,
А ў даліне воўк
З ваўчанятамі…”
Воўк у такіх калядных тэкстах заўсёды знаходзіцца ўнізе. Спраўджваннем па зорнай мапе можна пераканацца, што менавіта ў гэты момант здараецца ўзыходжанне над небакраем ужо згаданай зоркі Арктур, якая, вельмі верагодна, адпавядае фальклорнаму св. Юр’ю.
З іншага боку, ваўкі, як вядома, з’яўляюцца яго сакральнымі жывёламі, якім ён можа прызначаць на ахвяру хатніх жывёлін. Такім чынам, сітуацыя, якая сімвалічна апісваецца ў калядных песнях, аказваецца добра ўзгодненай з падзеямі, якія адбываюцца на зоркавым небе.
А тое, што фальклорныя каза і воўк маюць непасрэднае дачыненне менавіта да калядных святкаванняў, падкрэсліваецца і зафіксаванай у Беларусі назвай вядомай казкі пра казу і сямёра казлянят – “Калядная казка”.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/2953
|