АСВЯЧЭННЕ ЕЖЫ
Важнай часткай велікоднага святкавання было рытуальнае асвячэнне велікодных страў. Да сённяшняга часу гэты рытуал напоўнены асаблівай узнёсласцю, духам агульначалавечай паяднанасці, тайнай судакранання з міфалагічным часам першатварэння. Пост, які папярэднічаў надзвычайнай святочнай падзеі, забараняў любое праяўленне весялосці, святочнасці, жартаўлівасці, вымагаў гранічнай стрыманасці, абмежаванасці і пакорлівасці.
Асабліва жорсткія абмежаванні датычыліся паводзін вернікаў у апошні перадвелікодны тыдзень. Рытуал асвячэння святочнай ежы праводзіўся двойчы: або з апоўдня і да захаду сонца ў Чырвоную суботу, або ўжо ў святую нядзелю, раніцай, з усходам сонейка. Асвячэнне адбывалася на тэрыторыі вакол храма: у адным выпадку ежу расстаўлялі на спецыяльна прыгатаваных сталах, у іншых — непасрэдна на зямлі.
Спачатку рассцілалі абрус, затым на яго ставілі галоўную абрадавую страву — "пасху" або куліч. У сярэдзіну святочнага хлеба ўтыкалі загадзя купленую свечку. Вакол "пасхі" раскладвалі астатнія прысмакі: пафарбаваныя яйкі, адно з якіх напалавіну ачышчалі ад шалупіння, "каб святасць лепш прайшла", вэнджанае сала, паляндвіцу, варанае мяса, каўбасу, соль, хлеб, рознае хлебнае печыва.
Пасвечанае на Вялікдзень сала лічылі самым надзейным сродкам пры лячэнні ранак і трэшчын на руках і нагах падчас цяжкай працы летам і восенню. Уздоўж жывой людской ручаіны ішоў святар са сваёй світай і свяціў вадой не толькі прыгатаваныя стравы, але і людзей. Як толькі святар набліжаўся да вернікаў, яны запальвалі свечкі, хрысціліся, адорвалі яго хто рублём на ўтрыманне храма, хто чырвоным яйкам для юродзівых.
Пасля асвячэння ўсё хуценька збіралі і спяшаліся дадому. У народзе існавана павер'е: чым хутчэй чалавек дойдзе дадому (пры гэтым апярэдзіўшы суседзяў), тым лепш будуць ладзіцца справы ў гаспадарцы, тым хутчэй будзе сабраны ўраджай, тым менш нараканняў будзе на паводзіны дзяцей і г.д.
Там, дзе не было храмаў, асвячэнне рытуальнай ежы праходзіла гэтаксама, як і чацвярговай солі — "на сямі вятрах". Рытуальныя стравы проста пакідалі на ўсю ноч на дварэ: "Бог усё пасвяцае". У іншых мясцінах прыгатаваныя стравы крапілі святой вадой, якую захоўвалі з Вадохрышча.
Аксана Катовіч, Янка Крук (Беларуская міфалогія).
|