ПАДАРОЖНЫ (БОЖЫ) ЧАЛАВЕК
У светаўспрыманнi беларусаў з’яўляўся медыятарам, вестуном «iншасвету», цесна звязаным з iдэяй дарогi як шляху ў свет памерлых; надзяляўся мудрасцю i магiчнымi здольнасцямi (знахарства, варажба).
Сувязь са светам памерлых выяўляецца ў абавязковым надзяленнi С. рэшткамi памiнальнай вячэры (Дзяды, Радаўнiца) i перакананнем, што дар, зроблены С., — лепшы сродак перадаць што–небудзь нябожчыку.
Людзi звярталiся да С. з просьбай памянуць крэўных, памалiцца за ўраджай, прыплод скацiны, здароўе сям’i, на пакаранне «злоснiкаў» дому; каб у сне не з’яўлялiся нябожчыкi, С. давалi крыху солi.
Сувязь жабракоў з «iншасветам» падкрэслiвалася iх «крывiзной» (частковая цi поўная слепата, калецтва), суаднесенасцю iх з «памежнымi» кропкамi прасторы: яны спяваюць пад вакном (узгадай калядоўнікаў, валачобнiкаў), частуюць iх не за сталом, а ля парога.
У той жа час С. (падарожныя) успрымалiся i як носьбiты долi. Лiчылася, што калi падчас нараджэння дзiцяцi ў хату завiтае С., — дзiця будзе шчаслiвае. Прычым узнаўленне гэтай старцавай долi (а праз яго долi ўсiх Дзядоў) было абавязковым штогод.
Так, на пачатку сяўбы гаспадар гукаў: «Радзi, Божа, i на старцаву долю!» Характэрна, што адорванне С. успрымалася не як дар - мовы пачастунак, а як плата за зробленую працу (своеасаблiвае ахвяраванне): «гукаюць яны муское, усё добрае яны знаюць, малайцоў i маладзiц яны навучаюць».
Нягледзячы на тое, што С. лiчылiся «божымi людзьмi», яны, паводле сведчання Нiкiфароўскага, пазбягалi царквы i споведзi. Непавага да С., абраза на яго адрас маглi выклiкаць разнастайныя бедствы i нястачы (пажар, няўрод, мор скацiны), што ўспрымалася як «кара божая».
Паказальна, што, ходзячы па зямлi, Бог, паводле беларускiх павер’яў, сам набывае вобраз С. С. былi захавальнiкамi i асобных фальклорных жанраў, перш за ўсё духоўных вершаў.
Гл. таксама павер’е: «каб каровы вялiся, у Мiколу пяклi курачкi: адзiн бацюшку, другi — жабракам, трэцi — сабе бралi».
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/5533
|