КАЗА [2]
Народная назва нейкага сузор’я (Віцебшчына), верагодна, сузор’я зімовага небе Вознік. Падобныя назвы вядомыя ў Польшчы: koza, kozielki, kozki, kozka, якія, як лічыцца, калькуюць лац. Capella “козачка” – самая яркая зорка сузор’я Вознік.
Аднак не адмаўляецца і незалежнае ўтварэнне, бо перыяд высокага ўзыходжання гэтага сузор’я прыкладна прыпадае на калядныя святкаванні, у часе якіх “каза” з’яўляецца адным з цэнтральных персанажаў, параўн. і палескую (былы Мазырскі павет) назву другой Куцці – Куцця святога козліка.
Аповед пра паходжанне апошняй назвы паўтарае тэму антычнага міфа пра Амалтэю (лац. Капэля): гэта клопат казы (козліка) пра схаванага ад пераследу немаўляці Зеўса (Ісуса Хрыста).
Звернем увагу на тое, што зорка Капэля на Каляды – гэта самая высокая і вельмі яркая зорка на небе. І гэты момант яўна адлюстраваны ў калядных песнях, падобных да той, што была запісана, напрыклад, у Паўстаўскім р-не:
“У чыстым полі лаза стаіць, каляда.
На тэй лазе каза сядзіць.
Прыйшоў да яе серанькі ваўчок.
- Да злезь, каза, патанцуім…”
Для беларускага фальклору вобраз нейкага персанажа на дрэве звычайны і адпавядае моманту кульмінацыі адпаведнага гэтаму персанажу нябеснага свяціла. Параўнайма, напрыклад, провады Юр’я на дрэва ў момант, калі кульмінуе зорка Арктур у сузор’і Валапаса ( а гэта самая яркая зорка веснавога зорнага неба).
Гэткая сітуацыя можа здавацца і вобразам гары, вяршыня якой, як і вяршаліна дрэва, сімвалізуе неба, як у каляднай песні:
“На гарэ каза
З казлянятамі,
А ў даліне ваўчок,
З ваўчанятамі.
Выскачыў ваўчок,
Казу – за бачок.
А ваўчанята -
За казлянята”.
Воўк у тэкстах такога кшталту заўсёды знаходзіцца ўнізе. Простым спраўджваннем па зорнай мапе можна пераканацца, што менавіта ў гэты момант здараецца ўзыходжанне ўжо згаданай зоркі Арктур, якая вельмі верагодна, адпавядае фальклорнаму св. Юр’ю.
З іншага боку, ваўкі, як вядома, з’яўляюцца яго сакральнымі жывёламі, якім ён можа прызначаць на ахвяру свойскіх жывёлін. Такім чынам, сітуацыя, якая сімвалічна апісваецца добра ўзгодненай з падзеямі, якія адбываюцца на зорным небе.
Але ў гэтай тэмы ёсць і іншы паварот. Таксама да калядных святаў дапасоўваецца добра ўсім з дзяцінства вядомы казачны сюжэт пра К. і сямёра казлянятаў. Раней рускі астраном Дз. Свяцкі заўважыў, што калі пад ваўком разумець Месяц, пад К. – зорку Капэлю, а пад сямю казлянятамі – Пляяды, то змест гэтай дзіцячай казкі адпавядае нябеснай драме, якая перыядычна адбываецца на калядным зорным небе.
І звязана гэта з тым, што Месяц, рухаючыся па высокай траеторыі ў зімовы перыяд, мала адхіляецца ад экліптыкі – бачнага гадавога перасоўвання Сонца па нябеснай сферы, а яна ў сваю чаргу вельмі блізка праходзіць ад зоркавага згуртавання Пляядаў, так што Месяц перыядычна, асабліва пад поўню, можа іх цалкам сабой затуляць.
У казцы гэтаму адпавядае пажыранне ваўком-Месяцам (а гэткае сімвалічнае атаясамленне добра вядомае) казлянятаў – Пляядаў. Але ўжо праз дзён колькі воўк-Месяц значна аддаляецца ад гэтай кропкі нябеснай сферы і калі ён з поўні пераходзіць на сходы, то адразу танчэе, нібы выпусціўшы казлянятаў – Пляядаў са свайго чэрава.
І тут можна бачыць відавочны касмаганічны падтэкст – тэму новага нараджэння (адраджэння), сімвалічна выражаную персанажамі (К. і яе дзеткамі), якія традыцыйна ў нас асацыююцца з тэмай плоднасці, багацця, дастатку, з тымі самымі азнакамі, якімі характарызуецца вырай.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/2172