ВОЗЕРА
Пакланенне азёрам звязанае з культам урадлівасці. Сведчаннем прыналежнасці возера да паклоннага сталі найменні: Святое возера (Свяціца, Свяцец, Святазер’е ды інш.). На берагах некаторых такіх азёраў зафіксаваны сляды паганскіх капішчаў. Часам гэта быў камень, дуб, высокі ўзгорак.
Да культавых можна далучыць таксама азёры з паганскімі назовамі: Валовае, Бабіна, Лысае, Чортава, Чортава вока, Ігрышча, Янава, Дзевіна, а таксама Царкавішча, Крэсцішча, Белае, Чорнае, Сіняе, Краснае.
Белае і Чорнае азёры размешчаны часта побач. Паводле легенды, на беразе возера Валовае блізу Полацка было паганскае капішча Перуна. Сюжэты паданняў пра азёры зводзяцца ў асноўным да таго, што на іх месцы правалілася царква (касцёл), вёска або горад.
Ёсць паданні пра затопленыя званы, скарбы або пра змея, які жыў у возеры. Насельнікі В.: азярніцы, русалкі, свіцязянкі, яваркі, ядзеркі.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/502
|