МЁРТВАЕ ВОЗЕРА
(легенда)
Вандроўныя марскія воіны са Скандынавіі, вікінгі, па рацэ Страча трапілі ў край Блакітных азёр. Наша Паазер'е ім вельмі спадабалася. Яны тут сталі займацца рыбалоўствам, несці ваенную службу ў мясцовых князёў. Вызначаліся вікінгі асаблівым умельствам весці бой на вадзе, сябе лічылі "марскімі ваўкамі".
Паводле іх звычаяў астанкі памерлых ці загінуўшых патрэбна было аддаваць не зямлі, а вадзе. Вось і выбралі яны для могільніка невялікае бяссточнае возера на левым беразе Страчы каля старадаўняй дарогі Полацк-Вільня, якую зараз называюць "панскай". Так яна стала называцца тады, калі страціла сваё значэнне гасцінца і стала выкарыстоўвацца панамі толькі для прагулак на брычцы.
Вікінгі забітых у час баявых сутычак воінаў хавалі з ушанаваннем, на дно возера апускалі ў даспехах, астанкі памерлых ад старасці ці хваробы спальвалі, а попел таксама апускалі на дно. Гэты вадаём назвалі возерам Мёртвых. Ішоў з Полацка ў Вільню манах-пілігрым, які чуў пра незвычайнае возера-могільнік вікінгаў, і вырашыў пацікавіцца ім.
Справа была пад вечар. Багамолец заначаваў на беразе. Не паспеў ён закончыць вячэрнюю малітву, як над вадзяной гладдзю зазвінелі званочкі і з сярэдзіны возера стаў падплываць да берага кораб, напоўнены каштоўнасцямі. Манах абхапіў яго, паставіў пад сасну і стаў разглядаць, што ў ім знаходзіцца. Вакол нікога. На хвіліну ім авалодала сквапнасць – скарбаў хопіць на ўсё нябеднае жыццё...
І ўжо памкнуўся ўладкоўваць у пляцак.
-- Але гэта не маё. Мной авалодала спакуса...
Дрыжачай рукой ён перахрысціў кораб. У гэты момант узняўся віхор і закруціў верх сасны, і зноў усталявалася цішыня. Потым з вышыні пачуўся мілагучны голас:
-- Ты высакародны манах, стрымаў абяцанне. Табе я даю ганаровае даручэнне – вазьмі з кораба залатую пласціну і занясі ў Вільню да абраза Маці Божай Вострабрамскай. Гэта падарунак ад Полацкай зямлі, ад Еўфрасінні...
Манах выканаў даручэнне. Сасна з закручаным верхам стаяла некалькі соцен год і была цудадзейнай. Да яе прыходзілі самотныя і пакрыўджаныя, дзяліліся сваім горам і атрымлівалі душэўную палёгку.
З гадамі старая сасна рухнула, а на яе месцы вырасла маладая з такім жа верхам. Яна таксама валодае ўласцівасцю здымаць душэўны цяжар, чым часта карыстаюцца прахожыя і турысты. А возера гэта любіць цішыню, гасіць розныя гукі і паглынае рэха. Запісаў І.Драўніцкі ад Б.І.Габрыновіч.
Крыніца: http://www.narochpark.by/ecomarshrut/ecotour/legends/
|