ЗЯЗЮЛЬЧЫНА ДОЛЯ
У шматлікіх народаў зязюля сімвалізавала надыход вясны і прадказвала будучыню: «Зязюля, зязюля, скажы, колькі мне гадоў жыць?». Па народных уяўленнях, колькі разоў зязюля пракуе, столькі чалавеку, які варажыў, гадоў пражыць засталося.
Вясной, калі чулі першы голас зязюлі, нашы продкі раілі бразгацець манетамі (ключамі) у кішэні, каб увесь год быць з прыбыткам. Зязюля таксама была сімвалам дрэннай маці з той прычыны, што яна не даглядае сваіх птушанят, а падкідвае яйкі ў гнёзды іншых птушак.
Прылёт зязюлі і яе першае «ку-ку» нарадзілі ў народнай свядомасці шэраг прыкмет і прадказанняў:
* Калі зязюля закуе на ўзыходзе сонца і на «зялёным» дрэве, год будзе ўраджайным; калі закуе ўвечары і на «голы» лес – чакай бяды і няўроду.
* Пачуць салаўя раней за зязюлю – да ўдалага года, наадварот – да нешчаслівага.
* З прылётам зязюлі суадносілі і пачатак некаторых сельскагаспадарчых работ, напрыклад пасеў ільну: «Зязюля закуе – час ільны сеяць».
* Зязюля прыносіла цяпло з «вы-раю», таму лічылі: «Пакуль зязюля не закукуе, купацца нельга».
* Калі ўвесну пачуеце голас зязюлі справа – вам увесь год будзе спрыяць удача, поспех ва ўсіх справах; калі злева – поспехаў не чакай.
* Калі вы чуеце зязюлю справа, загадайце самае патаемнае жаданне, і яно абавязкова здзейсніцца ў гэтым годзе.
* У народзе верылі: чым чалавек займаўся, калі пачуў увесну «першую» зязюлю, той справай ён будзе займацца на працягу ўсяго года.
* У народных песнях і павер’ях зязюля часта выступала сімвалам вяселля: сядзела на каліне і «наспявала вяселле».
* Па колькасці «ку-ку» зязюлі незамужнія дзяўчаты варажылі «колькі гадоў яшчэ ў дзеўках хадзіць?».
* Нявеста, калі развітвалася з матуляй, быццам бы апраўдваючыся, казала: «А зязюлька кукавала...» і абяцала вяртацца ў родную хату шэрай зязюлькай. Па адным з паданняў зязюляй стала дзяўчына, якую выдалі замуж супраць яе жадання. Маці забараніла ёй наведваць родную хату сем гадоў, але дзяўчына не вытрымала, ператварылася ў птушку і прыляцела ў бацькоўскую хату.
* Магічнымі якасцямі ў народзе надзялялі пер’е і тую галінку, на якой сядзела зязюля і кувала. Яе спілоўвалі і насілі пры сабе як абярэг.
* Каб муж з жонкай не сварыліся, іх паілі адварам кораня расліны з прыгожай назвай «зязюльчыны слёзы».
* Зязюла замаўкала напачатку жніўня. Гэты момант у народзе звязвалі з часам каласавання жыта, пшаніцы і аўса. Таму казалі: «Зязюля змоўкла – жытным зернем падавілася».
* Народ быў перакананы, што зязюля адлятае «на той свет» (у вы-рай) першай, а вяртаецца апошняй, таму яе звалі яшчэ ключніцай – гаспадыняй ключоў ад раю.
Менавіта таму прылёт зязюлі ў вёску заўсёды лічыўся дрэнным знакам: У народных песнях зязюла стала ўвасабленнем жалобы і роспачы па памерлых сваяках: удавы, сястры, дачкі ці маці, у якой сына забралі ў войска.
Аўтар: «Народная газета».
Крыніца: http://www.belarustime.ru/belarus/nativeword/a1434504408f71ba.html |