ПЕРШАЕ КУПАННЕ
З моманту нараджэння і да першых сарака дзён жыцця дзіця будзе праходзіць тры этапы «сцірання» інфармацыі і паслядоўнага ўжыўлення ў прастору сямейнага існавання. Самым першым этапам «ачалавечвання» нованароджанага з’яўлялася першае купанне – трэба было змыць сляды яго нядаўняга жыцця ў лоне маці.
Наступным і даволі адказным абрадам было першае рытуальнае купанне дзіцяці, якое праходзіла на дзявяты дзень пасля нараджэння. Яно было заклікана працягнуць працэс праграмавання найважнейшых аспектаў будучага жыцця.
Так, пры купанні дзяўчынкі ў ваду клалі:
-дзевяць (або сорак) зярнят жыта, каб яна вырасла здаровай і змагла нарадзіць дзіця, працягнуць свой род;
-срэбную або медную манету самага маленькага кошту, каб тым самым «звесці» да мінімуму працягласць і балючасць месячных дзяўчынкі;
-дадавалі крыху свежага малака, каб твар дзяўчынкі быў белы і чысты;
-некалькі вугольчыкаў, каб не паддавалася сурокам;
-розныя лекавыя травы, сабраныя на Купалле (рамонкі, чабор, чыстацел і інш).
Пад ночвы, у якіх купалі дзіцятка, клалі грабеньчык, верацяно, іголку, лён і г. д., каб дзяўчынка стала добрай гаспадыняй і майстрыхай.
Пры першым рытуальным купанні хлопчыка здзяйснялі прыкладна такія ж дзеянні:
-у ночвы клалі збожжа, -заручальны пярсцёнак бацькі (з той жа прадуцыравальнай мэтай – працяг роду),
-трохі мёду,
-каранёў дзівасілу,
-срэбную манету, каб хлопчык быў здаровым, прыгожым і багатым.
Пад ночвы клалі сякеру, малаток, цвік і т. п., каб закласці навыкі, якія неабходны добраму гаспадару.
У пазнейшы час у некаторых рэгіёнах Беларусі пад ночвы клалі кнігу (часцей за ўсё Біблію), каб дзіця было разумным і адукаваным чалавекам. Лічылася, што ў таго, хто навучыцца пісаць і лічыць, жыццё будзе лягчэйшым і багацейшым.
Пасля рытуальнага купання дзяцей спавівалі ў белае адзенне, але абавязкова ў тое, якім ужо карысталіся, а зверху перавязвалі чырвоным поясам-абярэгам, каб зберагчы нованароджанага ад сурокаў. Падчас першага рытуальнага купання бацька звычайна ўпершыню прамаўляў імя нованароджанага.
Аўтар: «Народная газета».
Крыніца: http://www.belarustime.ru/belarus/nativeword/b1f346af05575dd2.html