ПЕРУНОВЫ СТРЭЛЫ, ГРАМАВЫЯ СТРЭЛЫ
Каменныя сякеры, якія звязваліся з культам Перуна (лічыліся зброяй Перуна), з ахоўнай магіяй, былі сімвалам жыццяздольнасці, здароўя, плоднасці, сродкам супраць эпідэміяй. Гэтая магічная рэч суправаджала чалавека ад нараджэння да смерці.
Сякеру клалі пад ложак парадзіхі, на дарозе, праз якую павінны былі прайсці (праехаць) маладыя, пад лаву, на якой ляжаў нябожчык.
Усё гэта рабілася з мэтай адагнаць ліхіх духаў. Лічылася, што П. с. з’яўляюцца ў чс навальніцы, захоўваюцца ў зямлі 7 (паводле іншых дадзеных 12) гадоў і потым выходзяць на паверхню. Той, хто знойдзе П. с., будзе застрахаваны ад удараў маланкі.
Каменныя сякеры клалі на парога або вешалі іх пад страхой хатаў, у хляве, захоўвалі ў куфрах. Каб абараніць ураджай ад граду, сякеру клалі ў полі вастрыём уверх або падкідвалі ў неба. З мэтай спрыяць прыплоду сякеру перакідвалі праз жывёлу крыж – накрыж.
Гаспадыні апускалі сякеру ў дзяжу, каб быў лепшы хлеб. П. с. выкарыстоўвалі ў народнай медыцыне, асабліва ад пярэпалэху, шаленства, болю жывата. Сякерай націралі зацвярдзенне малочных залозаў у жанчын і вымені ў каровы.
Карову даілі праз адтуліну ў сякеры. Сякеру клалі ў конаўку з вадой і шапталі над ёй. Потым ваду давалі выпіць хвораму. Награвалі і скраблі каменную сякеру, затым атрыманы парашок растваралі ў вадзе і выкарыстоўвалі як лекі.
Каменныя сякеры лічыліся абярэгамі супраць Мары, якая ноччу заязджала коней. Таму сякеру падвешвалі на шнурках у стайнях.
Паводле легендарных апавяданняў, П. с. забаўляліся волаты – асілкі. У Клімавіцкім р-не ў кургане Волатава магіла нібыта пахаваны старэйшы брат, якога выпадкова забіў малодшы ў час гульні каменнымі сякерамі.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/4123