АГАРОДЖА
Тын, агароджа, плот — часцей за ўсё драўляная агароджа падворка i хаты. Агароджа стала сiмвалiчнай мяжой, якая падзяляла "сваю" i "чужую" прасторы. Плотам абносiлi не толькi жылыя памяшканнi, але i могiлкi, загоны для жывёлы. У даўнiя часы агароджай з вялiкiх бярвёнаў (валам, сцяной) абносiлi ўсю вёску цi горад, што часам было адзiнай аховай ад ворагаў.
Галоўная функцыя плота — паказаць засвоеную тэрыторыю. У традыцыйнай культуры ўсходнiх славянаў тын набыў статус небяспечнага, "нячыстага", але ў той жа час сакральнага месца цi рэчы.
Плот быў надзелены статусам цэласнасцi i недатыкальнасцi. Таму выхад за плот не праз вароты цi злом плота параўноўвалi з незаконным нараджэннем дзiцяцi, стратай нявiннасцi i пазашлюбнымi адносiнамi: "Хата без плота, што баба без мужыка", "Вяселле пад плотам, а вянчанне потым", "Хадзiць з дзiркай у плоце" — значыць, страцiць нявiннасць па-за шлюбам.
Цяжарнай жанчыне забаранялася пералазiць цераз плот, каб "не выкiнуць", не страцiць дзiця. У той жа час, калi роды былi цяжкiмi, мужу раiлi знесцi, разламаць частку плота. Лiчылася, што такiя магiчныя дзеяннi паспрыяюць хуткаму нараджэнню дзiцяцi. На плоце нiколi не сушылi дзiцячае адзенне, пялюшкi. Плот стаў небяспечным месцам, дзе не павiнны хадзiць людзi.
Пад плот (самую яго аддаленую ад жылых памяшканняў частку) вылiвалi ваду пасля абмывання нябожчыка. Пад агароджай могiлак хавалi нехрышчоных i незаконнанароджаных дзяцей, "задушных" нябожчыкаў (самазабойцаў, тапельцаў i г.д.). Травой, сабранай пад плотам, а значыць, травой, якую нiхто не кранаў i дзе не хадзiлi людзi, народныя лекары лячылi людзей i хатнюю жывёлу.
Каля плота абмывалi людзей, якiя хварэлi "падучай" хваробай. Пад плотам закопвалi рытуальныя рэчы, на якiя "адсылалi" хваробы i няшчасцi. Каб пазбавiць дзiця ад сурокаў, пад плотам рабiлi лаз i прымушалi хворае дзiця некалькi разоў пралезцi ў гэты лаз. Самым небяспечным месцам лiчылiся стыкi цi вуглы плота. У народзе верылi, што там селяцца "упыры".
Нездарма ва Украiне iмкнулiся рабiць агароджу вакол сваёй хаты скругленай, без вуглоў. Плот быў асноўным "удзельнiкам" варажбы на Раство. Дзяўчаты перакiдвалi цераз плот боты, i хацелi даведацца: у якiм баку жыве суджаны. Цотная колькасць слупоў прадказвала "пару", няцотная — адзiноту. На плот у час калядавання аднавяскоўцы вешалi чучала, якое сiмвалiзавала сквапнасць цi злоснасць гаспадароў хаты.
Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.
|