БАРЫС СКУРАЛУП
15/2 травеня Барыс (Барыс Скуралуп). Лічыцца апекуном палявых работ. На Палессі праводзіліся абрады каля крыніц, вада якіх прызнавалася гаючай пры хваробах вачэй. У валачобных песнях
Барыс ...ляды паліць,
Зямлю грэець, ячмень сеець
З поўнай сявенькі, з правай жменькі.
Кінеш рэдка – дасць Бог густа.
Дай жа , Божа, зарадзі, Божа,
Каласіста, ядраніста,
а таксама «па памежах ходзіць, поле дзеліць», «бабы сеець», «збожжа высіць», «бульбу засяець», «коні пасець у зялёных лугах». Раней казалі: «Як запяе ўдод, тады сей боб». На гэты дзень прымяркоўвалася «паленне грудаў», правядзенне падсечнага земляробства, падрыхтоўка так званых лядаў, для будучага поля раскарчоўвалі дзялянку і палілі груды (Нікіфароўскі, 1898)
Барыс увабраў рысы не толькі апекуна земляробства, але і жывёлагадоўлі, асабліва коней: «Святы Барыс коні пасець» (з валачобнай п.), «У Барысаў дзень нельга працаваць на конях, бо такі ўстаноў дзяды здзелалі» (Шлюбскі, 1927), «Барыс – скуралуп. Халодны тыдзень. Трэба скаціне корм даваць; цяляткі дохнуць» (Дабравольскі, 1914).
У хрысціянскім календары – перанясенне мошчаў благаверных князей расійскіх Барыса і Глеба (таксама яны адзначаюцца 6 жніўня і 18 верасня). Гэта першыя рускія святыя, што былі кананізаваны Рускай і Візантыйскай царквамі.
Яны ў 1015 годзе былі забіты іх старэйшым братам, князем Святаполкам, і з'яўляюцца сімвалам пакутніцтва. Вядомы даследчык язычніцтва Б.Рыбакоў даволі пераканаўча даказвае, што на месцы дня Барыса і Глеба адзначаўся «дзень першых парасткаў».
Гэтаму сведчаць як усходнеславянскія матэрыялы, так і ў большай ступені заходняй Еўропы. Майскія святы, у якіх галоўная ўвага надавалася маладому майскаму дрэву (arbor majalis – у рымлян, Maibaum – у немцаў і г.д.), вядомы амаль усім народам Еўропы.
Святы 1-2 мая праводзіліся ў гонар багіні «Maja», «Zywie» -- заключае вучоны. І гэта вядзе да глыбокай індаеўрапейскай старыны. Крытамікенскія надпісы ведаюць багіню «Ма», маці багоў, архаічную гаспадыню свету (заходнеславянскае Ziwie і старажытнарускае Дзіва, Дзівія) (Рыбакоў, 1988. С. 671-673).
Алесь Лозка
|