ВЕНІК
Прадмет хатняга ўжытку, надзелены ў народных уяўленнях дэманічнымі і апатрапейнымі якасцямі. Утылітарная яго суаднесенасць са смеццем паказвае на сувязь з продкамі, бо смецце само па сабе з’яўлялася як бы матэрыяльным увасабленнем душы чалавека: будучы ў судакрананні з чалавекам, яно “ўцягвала” яго пэўную ідэальную частку, надоўга захоўвала яе.
Таму натуральнае атаясамленне В. з хатнім духам. У вёсках забаранялася выкідваць В., так і казалі: “ Не нада выкідваць гаспадара”. В. – дамавік як увасабленне душаў апекуноў станавіўся надзейным абярэгам хаты ад пранікнення варожых уплываў: В. клалі пад калыску, маладым пад падушку, мялі хату пасля заходу сонца і ставілі ў парозе, калі хадзіў нябожчык (параўн. і моўны абярэг: “Соль табе ў вочы, галавешку ў зубы, галень між калень”).
У абрадах пахавання В. дэманструе рысы як абярэга, так і ўвасабленне душы памерлагапродка (што ў дыяхраніі арганічна звязана). Забараняецца месці ў хаце пасля таго, як нехта выправіўся ў дарогу, а таксама ў памінальныя дні. На Палессі не чапалі В. без патрэбы, “каб не патрывожыць душу”. Вядомыя прадпісанні перакідваць В. праз страху для палягчэння агоніі таму, хто памірае.
Семантыка В. як увасаблення і локуса дамавіка/душаў продкаў абумовіла выкарыстанне яго ў народнай медыцынскай магіі. Адметна, што В. мог “прымаць на сябе” хваробу(“ад урокаў матка хуценька праводзіць В. злева і выкідае той венік з хаты) і служыць своеасаблівым каналам для яе выдалення.
З утылітарнай функцыяй ачышчэння, вымятання нечысці звязаны абарончыя, ачышчальна – прадукавальныя функцыі В., успрыманне яго як сродку пазбаўлення ад сурокаў і хваробаў.
Шырока распаўсюджанае ўспрыманне В. як атрыбута нячыстай сілы ( на в. лётае чараўніца, а нячыстая сіла нават набывае выгляд мятлы) грунтуецца на хрысціянскай інверсіі семантыкі паганскіх багоў, душаў продкаў, калі яны набылі рэзка негатыўнае да сябе стаўленне і перайшлі ў разрад нежыці.
У народнай культуры размяжоўваюцца функцыі В. зялёнага і сухога, “змеценага”, які ў дыялектах меў назовы “галень”, “дзяркач” і актуалізаваў рысы пераважна хтанічна-дэманалагічнага кшталту. Зялёны, лазневы В., наадварот, увасабляў мужчынскую моц, здароўе, хоць і лічыўся датычным да праяваў іншасвету.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/382
|