КУРГАН
Насып над магілай, звычайна з зямлі, часам з камянёў і зямлі. К. вядомы на ўсіх кантынентах акрамя Аўстраліі. Звычай хаваць нябожчыка ў К. з’явіўся на мяжы неаліту і энеаліту (IV – III тыс. Да н. э.).
Найбольш вядомыя скіфскія К. у Прычарнамор’і (другая палова IV тыс. Да н. э.). На тэрыторыі паўднёвай Беларусі К. з’явіліся ў эпоху бронзы і ранняга жалезнага веку. Асноўная маса курганных могільнікаў належыць да канца І і пачатку ІІ тысячагоддзя.
Вядомы курганныя насыпы часоў позняга Сярэднявечча. У народзе К. маюць свае назвы – Валатоўкі, Капцы, Курганкі, Шведскія магілы, Французскія магілы, Дзявочыя магілы, Змяінкі, Сопкі, Старыя кладкі. Ёсць і іншыя найменні: Балваны, Гуслішча, Дудкі, Казлова курганне, Пагоня, Туравы горы, Цымбалы, Ямішча.
Найбольш распаўсюджаныя сюжэты паданняў пра К. – у іх пахаваныя воіны – асілкі (волаты), закапаныя скарбы, з’яўляецца агонь, з К. з’язджае вершнік на белым кані або збягае белы бык.
Да пачатку XX ст. захоўваўся звычай на Радаўніцу, перш чым ісці на магілы сваіх блізкіх, заходзіць на К. і пакідаць там ежу (яйка, вяндліну, сыр).
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/2903