ДЗЕДАВІЦА

ЦІ ТАК НЕАБХОДНА СЁННЯ КРАСЦІ НЯВЕСТУ НА ВЯСЕЛЛІ.
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ЦІ ТАК НЕАБХОДНА СЁННЯ КРАСЦІ НЯВЕСТУ НА ВЯСЕЛЛІ.

    Той варыянт вяселля, які быў найбольш распаўсюджаны ў асяродку беларускага народа ў другой палове мінулага стагоддзя і які цалкам захаваў звычаі, абрады і традыцыі сівой даўніны, складваўся на працягу шматлікіх гісторыка-культурных эпох, а канчаткова сфарміраваўся не пазней за ХVIII—XIX стагоддзі.

    Больш раннія формы шлюбных зносін, якія яму папярэднічалі, панеслі значныя сэнсавыя і змястоўныя змены і з цягам часу сталі абавязковымі, але гульнявымі па форме і зместу элементамі шматдзённай вясельнай урачыстасці (напрыклад, выкуп нявесты дружынай маладога).

    Як сведчаць старажытнарускія і сярэдневяковыя літаратурныя крыніцы, у мінулым сярод славянскіх народаў існавалі розныя формы заключэння шлюбных адносін. Найбольш ранняй з іх, відавочна, з’яўляецца “выкраданне нявесты”.

    У старажытнарускай “Аповесці мінулых часоў” летапісец прыводзіць сведчанні аб ранніх гістарычных формах шлюбных зносін у розных славянскіх плямёнаў: “Схожахуся на игрища, на плясанье и на вся бесовьская игрища, и ту умыкаху жены собе, с нею же кто съвещашеся”, “...брака у них не бываше, но умыкиваху у воды девиця”.

    Часцей за ўсё гэта адбывалася так: у час святкавання Купалля (у ноч на 24 чэрвеня, у дзень летняга сонцастаяння) дзяўчаты перадшлюбнага ўзросту варажылі аб сваім будучым лёсе (хуткім шлюбе) каля вады (на беразе возера ці ракі).

    Яны плялі вянкі з лекавых раслін, якія валодалі “нагаворнымі” якасцямі, і пушчалі іх на ваду. Маладыя людзі, якія жадалі стварыць сям’ю, ведалі традыцыйныя месцы дзявочых варожбаў і цярпліва чакалі будучых “спадарожніц” жыцця апоўначы.

    Гэта магло адбыцца і на досвітку купальскага дня, калі моладзь распраналася і ішла купацца на раку. Жаніхі, якія хаваліся недалёка, мелі магчымасць не толькі прыгледзецца да прыгажосці будучай жонкі, але і пазбавіць яе дзявоцкасці, пасля чаго шлюб лічыўся абавязковым.

    Ян Ласіцкі ў сваёй працы “Шлюбныя звычаі Беларусі ў XVI стагоддзі” сведчыць аб тым, што выкраданне нявест сярод беларусаў існавала нават у познім сярэднявеччы, але ў некалькі іншым варыянце: “Шлюб бяруць так. Юнак, якому спадабалася якая-небудзь дзяўчына, пасылае трох-чатырох сваякоў да яе бацькоў, якіх яны пераконваюць аддаць дачку.

    Бацькі ж, каб яшчэ больш падахвоціць жаніха, гавораць, што нічога з гэтага не атрымаецца, выдумляюць сватам якую-небудзь сур’ёзную прычыну. Жаніх, які пацярпеў такую няўдачу, робіць цяпер так.

    Ён вырашае завалодаць дзяўчынаю сілай і падбірае для гэтага зручны момант. І вось, калі дзяўчына выходзіць выпадкова з бацькоўскага дому, памагатыя жаніха, якія хаваліся ў засадзе, ловяць яе, чаго яна ніяк не чакае і таму не засцерагаецца, і перадаюць, як паляўнічыя здабычу, жаніху. Пасля таго як ён пазбавіць яе дзявоцкасці, ужо другія пасланцы жаніха дастаўляюць яе да бацькоў.

    Пасланцы часткова прызнаюць віну, але адначасова апраўдваюць учынак жаніха моцным каханнем. Калі бацькі даюць нарэшце згоду, прызначаецца дзень вяселля. Але жаніху з нявестай нельга жыць разам, пакуль не адбылася публічная ўрачыстасць”.

    Вясельны абрад, які склаўся на тэрыторыі Беларусі да заканчэння ХІХ стагоддзя, быў з’явай даволі складанай як у структурным, так і ў змястоўным плане. Ён увабраў у сябе значную колькасць лакальна-рэгіянальных асаблівасцей, абумоўленых культурным ландшафтам плямёнаў, якія прымалі ўдзел у фарміраванні беларускага этнасу (крывічы, дрыгавічы, радзімічы, паляне).

    Вядома, вясельныя абрады адлюстравалі і саслоўную структуру беларускага грамадства: сялян, шляхты і магнатаў. Нашы продкі пачынаюць ствараць сем’і па папярэдняй шлюбнай дамоўленасці паміж бацькамі жаніха і нявесты і са згоды ўладара маёнтка.

    Цікава тое, што па сённяшні дзень на вяселлях мы працягваем “выкрадаць” нявесту, патрабуючы выкуп ад гасцей з боку жаніха. Што гэта — прыклад генетычнай памяці або даніна традыцыі продкаў? Пытанне, якое патрабуе нашых разважанняў, а самае галоўнае, асэнсавання і ацэнкі.




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz