СЯРЭБРАНАЯ КРЫНІЧКА
На ўскрайку фруктовага саду Хамінскіх стаяў домік, у якім жыў садоўнік. Вясной, летам, увосень у садзе працы шмат, а ўзімку - менш. Каб дарэмна не марнаваць час, садоўнік плёў для яблыкаў кашы, кошыкі і карзінкі. Яму дапамагала жонка, і асабліва захапляўся гэтай работай іх сын Янка. Сям’я жыла дружна, зладжана.
А вясной здарылася бяда - бацькі Янкі раптоўна памерлі. Пані ўсынавіла сірату, адвяла яму ў палацы асобны пакой і разам са сваім сынам адправіла ў школу. Хлопчыкі пасябравалі. Яе сын Стась больш чытаў кнігі пра вайну, подзвігі, а янка ў вольны час займаўся сваёй любімай справай - пляценнем.
Плёў кошыкі і кошычкі з лазы, яловых каранёў, навучыўся рабіць карзіначкі з лучыны, ліпавай кары, бяросты. З часам пайшоў у ход рагоз, чарот, саломка. Яго фантазія стварала адмысловыя падвазонніцы, кашолачкі, фруктоўніцы, хлебніцы, цукерніцы, падносы, шкатулкі, сумачкі, брылі, цацкі, насценныя пано.
Усе вырабы Янкі пані выстаўляла ў гасцёўні як аздобу інтэр’ера. Хлопцы падраслі і паехалі вучыцца ў Вільню: Стась захацеў быць афіцэрам, а янка - садоўнікам. Летам хлопцы прыязджалі на вакацыі. Стась больш займаўся спортам, коннай яздой, а Янка - пляценнем. Колькасць вырабаў усё павялічвалася і павялічвалася.
Улетку да Хамінскіх прыязджала адпачыць з розных месц шмат гасцей. Яны з цікавасцю аглядалі вырабы, захапляліся майстэрствам Янкі. Пані прыкмеціла, што многія хацелі б набыць вырабы ў якасці сувеніраў і, параіўшыся з Янкам, аднойчы аб’явіла: – Гэта работы майго прыёмнага сына, круглага сіраты Янкі.
Каб стварыць вам прыемнасць, мы дамовіліся, што можаце браць вырабы ў якасці сувеніраў на памяць аб наведванні Альшэва за сімвалічны кошт. Вось у гэты кош кладзіце манеты, хто колькі. Я аддам іх Янку ў дзень вяселля. Трэба сказаць, што госці не скупіліся. Больш таго - адзін перад адным адным шчодра сыпалі жмені срэбраных манет у кошык-скарбрнку.
Праз некалькі гадоў кош даверху напоўніўся манетамі. На канікулах Янка пазнаёміўся з дзяўчынай-гараджанкай Аней, дачкой паненскай сяброўкі, якая праводзіла тут канікулы. Цэлымі днямі сядзелі яны ў альшэўскім парку на лавачцы ля дарожкі, што вяла да прыстані. Аб іх размовах ведалі хіба толькі стогадовыя ліпы ды разгалістыя клёны.
Аднойчы Янка прызнаўся прыёмнай маці, што кахае аню. Пані паабяцала перагаварыць з анінай маці. Якімі шчаслівымі адчувалі сябе закаханыя, калі даведаліся, што дарослыя адносяцца да іх кахання з разуменнем. Аднойчы прыехаў Стась з Вільні і аб’явіў маці, што едзе дабравольцам на турэцкую вайну, вызваляць Балгарыю ад захопнікаў.
Калі даведаўся пра гэта Янка, то таксама заахвоціўся ехаць разам з ім. Засумавала Аня. Працягвала адна хадзіць на іх улюблёнае месца, успамінаць пра сустрэчы, чакаць, спадзявацца, што любы хутка вернецца. У адзін з вечароў з-пад зямлі забурліла-завіравала крынічка. Што гэта мае быць за знаменне?
А праз некаторы час прыйшла сумная вестка, што Янка загінуў. – Гэта крынічка - вестачка ад любага, што яго няма ў жывых, — загаласіла Аня, і яе слёзы разам з крынічнай вадою пацяклі-паструменіліся ў Страчу. Пані, не ведаючы што рабіць з сабраным скарбам, прынесла кошык да крынічкі і высыпала срэбраныя манеты ў яе чыстую бяздонную глыбіню.
Многім наталяла смагу крынічка свёй вадзіцай. Легенду пра срэбраную крыніцу перадавалі з вуснаў у вусны. Вада была ў ёй крыштальна чыстая і вельмі прыемная на смак. Можа ад срэбра, але хутчэй за ўсё ад глыбокага і моцнага чалавечага кахання. Запісаў І.П.Драўніцкі ад Нескаромнай Апалёніі Антонаўны ў 1983 годзе (вёска Альшэва, Мядзельскі раён).
Крыніца: http://narachanka.by/?page_id=998