ЛЮБІСТА
Прываротны сродак, які выкарыстоўваўся дзеля таго, каб выклікаць у кагосьці гарачае любоўнае пачуццё. Існавалі розныя спосабы такога любоўнага чаравання.
Для гэтага выкарыстоўвалася іголка з ніткай, апярэзванне маладых людзей ваўняным паскам або трохразовы абыход вакол іх, частае сумеснае ўжыванне акрайчыкаў хлеба, саломы ці сена, што пасвілі на прыдарожных кустах, вада пасля мыцця ў святочны дзень, гарэлка, у якой была замучана пчаліная матка, зямля са слядоў прыгледжанай асобы, яблык, які тройчы трымалі пад пахай у час набажэнства, галава каршуна, ношаная на жываце, дробка солі, абнесеная вакол хлопца або дзяўчыны, розныя рэчы, якія мелі кантакт з падпахамі або з потам таго, хто прычароўвае, дзве жабы, адарваная ад жывога крата лапка ды інш.
Але самым моцным сродкам лічылася “кручкі” і “вілачкі”, якія здабываліся рознымі спосабамі. Самым, відаць, распаўсюджаным быў такі: жывога кажана нанач закопвалі ў мурашніку і адыходзілі не азіраючыся, каб не аглухнуць на ўсё жыццё і каб галава не засталася тварам назад, на раніцу адкопвалі дзве костачкі ў выглядзе кручочка і вілачак.
Каб прысушыць кагосьці да сябе, трэба было неўпрыкмет пацягнуць яго да сябе або ціхенька кальнуць з боку сэрца. Пасля гэтага узнікае неверагодна моцнае каханне да таго, хто такім кручком скарыстаўся. Каб адсушыць моцна закаханага, трэба было ціхенька адштурхнуць яго ад сябе – ад кахання не застанецца і следу. Здабывалі такія костачкі і з дзвюх спараных жаб падчас іх нерасту, а таксама з дрэва, на якім спявае салавей.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/3253