ГРЭЧКА
Расліна ўсходняга паходжання. На тэрыторыі Беларусі з’явілася ў XV – XVI СТ.СТ. Паколькі прыйшла сюды даволі позна, то і яе абрадавае выкарыстанне абмежаванае. Звычайна гэта абрадава каша, якая служыць заменнікам іншай, больш старажытнай стравы.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/1102
ЕЖА ВОЛАТАЎ
Грэчка і каша з гэтых круп заўсёды былі сімвалам і ўвасабленнем дабрабыту і багацця. Увогуле, з грэчкай у славян было звязана шмат паданняў. Часцей за ўсё падкрэсліваюць паходжанне грэчкі з татарскіх земляў і нават часам завуць татаркай.
Акуліна-грачышніца — прысвятак сённяшняга дня. Усе звычаі гэтага дня былі звязаны з грэчкай. Яе маладыя парасткі не вытрымліваюць нават лёгкіх маразоў, таму сяляне, улічваючы шматвяковы вопыт, казалі: “Сей грэчку на Акуліну”, а яшчэ дакладней: “Грэчку сей ці за тыдзень да Акуліны, ці на тыдзень пазней”.
* Вельмі складаную па агратэхніцы грэчку селянін вырошчваў, не шкадуючы ні працы, ні часу, звяртаючыся з малітвай да святой пакутніцы Акуліны: “Дапамажы нам, матухна, вырасціць вялікі ўраджай грэчачкі...”
* Калі грэчка пачынае квітнець, з поля зрывалі невялікія пучкі і ўпрыгожвалі ў хаце ікону святой Акуліны.
* Аб карысных для здароўя чалавека якасцях грэчкі было вядома здавён. Грэчневую кашу — “галоўную” з усіх сялянскіх каш — лічылі ежай волатаў.
* Часцей за ўсё грэчкай лячылі захворванні страўніка: пякотку і жаўтуху.
* У кожнай мясцовасці былі свае правілы пасеву грэчкі. Пасеў прымяркоўвалі да дзён, калі квітнела каліна. Лічылася, што ў такім выпадку ўраджай будзе вялікім, надзвычай багатым.
* Лічылася, што нельга сеяць грэчку ў ясны, сонечны дзень: “Такая грэчка дасць выдатную салому, але будзе пустацветам”. Таму неабходна было абавязкова дачакацца пахмурнага дня.
* Абавязкова глядзелі на стан Месяца: для пасеву грэчкі лічыўся спрыяльным час, калі Месяц быў “на збыта”.
* Сеяць грэчку на поўню ці пры моцным ветры было забаронена — усе роўна што не сеяць, збіраць нічога не давядзецца.
* Па стану пасеваў грэчкі маглі разважаць аб неўраджаі.
* Грэчка — меданос. Таму яе сеялі побач з пчальніком. Асабліва карысны цёмны мёд завецца грачышным.
Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=23079
|