НАВАСЕЛЛЕ, УВАХОДЗІНЫ, УЛАЗІНЫ
Сямейная ўрачыстасць з нагоды перасялення ў новы дом (хату, кватэру). На Н. запрашаюць родных, сваякоў, суседзяў, сяброў. Віншуюць гаспадароў, госці ўручаюць ім падарункі.
У вёсцы раней прыносілі з сабой зерне (пераважна жыта), печаны хлеб, сала, каўбасы і інш. прадукты. У наш час дораць прамысловыя тавары, прадметы нар. промыслаў.
Пераступаючы парог, некаторыя госці кідаюць на падлогу манеты, жадаючы такім чынам дабрабыту ў доме. Перад засяленнем (іншы раз паводле традыцыі за суткі да пераезду) многія гаспадары пускалі ў хату ката ці пеўня, якія выступалі як абярэгі ад хвароб і смерці членаў сям’і.
Элементы Н. – агледзіны жылля, святочнае застолле, танцы і інш. забавы.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/17819
З НАВАСЕЛЛЕМ!
Улазіны (уходзіны). Адным з самых распаўсюджаных славянскіх павер’яў, якія звязаны з пераездам (уваходам) у новую хату, з’яўляецца тое, што новае жытло абавязкова павінна ўзяць сабе ахвяру — таго, хто ўваходзіць першым. Здавён першым у хату пушчалі ката, а на падворак — пеўня. Ужо за імі з хлебам-соллю і абразамі ішлі гаспадар з гаспадыняй і дзецьмі.
Па павер’ях, кошка першай сустракае свайго гаспадара на тым свеце, а певень заўсёды быў гаспадаром на падворку — без яго і скаціна не вялася, і карова не даілася і г.д. Пасля гэтага абавязкова неабходна было перанесці агонь са старой хаты.
* Народныя ўяўленні аб дабрабыце ў хаце былі звязаны з дамавіком. Таму рабілі цэлы шэраг абрадавых дзеянняў, каб запрасіць дамавіка са старой хаты ў новую: на даху ставілі пачастунак — кавалак хлеба з соллю і чарку гарэлкі, прыносілі ў хату стары венік — месца жыхарства дамавіка. Пры гэтым казалі: “Гаспадар-бацюхна, прыходзь да мяне ў госці, хлеб-соль частаваць, маю скацінку даглядаць”.
* Пераязджалі ў новую хату толькі на маладым, а яшчэ лепш на поўным месяцы, каб у хаце заўсёды быў дастатак і дабрабыт.
* Перад тым як з’ехаць на новае месца, у старой хаце заўсёды старанна прыбіралі. Залатое правіла — нічога не пакідаць пасля сябе. У тым выпадку, калі ў старой хаце жыццё добра ладзілася, крыху смецця з падлогі маглі перанесці ў новую хату.
* Самым удалым днём для пераезду ў новую хату лічыўся Сямёнаў дзень (14 верасня).
* Улазіны спраўлялі ўрачыста, як вяселле, накрывалі святочны стол, запрашалі і сваякоў, і суседзяў, і членаў абшчыны. Тыя у сваю чаргу прыходзілі на ўлазіны з падарункамі, жадалі шчаслівага і спрыяльнага жыцця ў новай хаце. Найбольшай пашанай на ўлазінах заўсёды былі цесляры і печнікі.
* Перад тым як увайсці ў хату, па ёй рассыпалі жыта, а ў кожным куце клалі манету жоўтага металу — каб у хаце быў дабрабыт і вяліся грошы.
Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=18615
|