ВАДЗЯНАЯ КУЦЦЯ
Трэцяя, Вадапосная, Галодная, Хрышчэнская куцця, Вадапосце, Вадзянуха. Апошнім этапам у святкаванні Калядаў была Трэцяя куцця, якая адзначалася 18 студзеня. Тры калядныя куцці (і найперш абрады гэтых святочных вечароў) мадэліравалі па прынцыпу падабенства да асноўных этапаў у сельскагаспадарчым цыкле веснавых і летніх работ.
Першая куцця (характар яе абрадавых дзеянняў, паводзіны людзей, дыялог з продкамі і зварот да Уладара Нябёсаў) быццам бы пераносіла чалавека ў вясну, на час сяўбы.
Другая куцця (Шчодрая) павінна была паўплываць на росквіт сельскагаспадарчых культур. Шчодрая куцця -- багаты ўраджай.
Нарэшце, паводзіны людзей падчас Трэцяй куцці павінны былі паўплываць на заканчэнне збору ўраджаю, перш за ўсё на падзеі жніва. • Калі набліжалася Посная, вадзяная куцця, стараліся чыста прыбраць у хаце, каб улетку ўрадзіўся чысты і высокі лён.
• Імкнуліся ў гэты дзень нічога не рабіць. Падлогу вымяталі вельмі рана, а смецце спальвалі ў печы, "каб нішто не шкодзіла ў хаце".
• Ужо не раз узгадвалася аб розных забаронах выконваць якую-небудзь працу ў калядныя дні. Калі ж здаралася так, што ў Першую або Другую куццю хто-небудзь выпадкова што-небудзь рабіў, то ў Трэцюю ўсё гэта можна было “адчараваць” наступнымі словамі: "Што завязалася -- развяжыся, што шылася -- расшыйся, што паролася -- распарыся, што рабілася -- адрабіся". Людзі былі перакананы, што ў такім выпадку парушэнне забароны не прынясе шкоды.
• Сад і агарод таксама не пакідалі без увагі. "Попелу ад святочных дзён няможна выкідваць аж да Вадохрышча" -- гэты попел збіралі і захоўвалі на працягу ўсяго года. Летам ім пасыпалі сад, каб захаваць ад шкодных насякомых.
• Калі грушы не пладаносілі, то менавіта пад вечар на Вадохрышча іх перавязвалі саломай у трох месцах: каля кораня, ствол, пад кронай.
• А яшчэ ў гэты ж дзень пяклі хлеб і рэшткамі “хрышчэнскага” цеста абмазвалі дрэвы, каб яны давалі добры ўраджай.
• Мыцца ў гэты дзень можна было толькі да захаду сонца, таму што вечарам напярэдадні Хрышчэння адбывалася першае асвячэнне вады -- унутры храмаў, другое -- у сам дзень Вадохрышча -- у рэках і азёрах.
Перад тым як сям'я сядзе за святочны стол (а ён па характару свайму нагадваў Першую куццю, таму Трэцяя куцця называлася "Скупой", "Вадзяной", "Поснай"), бацька браў гаршчок з кашай, крыж, хлеб, падрыхтаванае крапіла з жытніх каласоў і асвечанай вадой акрапляў усе гаспадарчыя забудовы: хлеў, лазню, пуню, склеп, варыўню, стопку, дрывотню, гумно.
На варотах, дзвярах, сценах і вокнах крэйдай маляваў крыжы. Яны павінны былі абараніць сям'ю і гаспадарку ад вядзьмацкіх чараў, адагнаць ад скаціны нячыстую сілу. Затым гэты кавалачак крэйды хавалі за абразы.
Характар сталавання прадвызначаўся жаданнем прадбачыць умовы ўборкі ўраджаю. Сама вячэра не была доўгай, як папярэдняя. Людзі елі ў пэўнай ступені паспешліва, спадзеючыся, што летам гэтаксама хутка ўправяцца з асноўнымі палявымі работамі.
Заканчвалася застолле незвычайнай жартаўлівай гульнёй-абрадам. Маці брала качаргу і злёгку стукала ёю па бацьку. Той хуценька падаў. А маці тым часам гаварыла наступныя словы: "Каб так хутка снапы ў час жніва падалі!"
СТРОГАЯ ЗАБАРОНА
У гэтыя дні (18--19 студзеня) нельга выносіць ваду з хаты ні з якой нагоды. Для хатніх жывёл трэба падрыхтаваць ваду загадзя. А калі да вас нехта прыйдзе і папросіць вады, узгадайце гэты наказ.
Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=18873
|