МАШКАРА
(інсекты рознага кшталту6 камары, мошкі і г. д., што збіраюцца ў кучу і таўкуцца ў паветры – “мак таўкуць”), у хрысціянізаванай беларускай традыцыі з’явілася дзякуючы чорту. Апошні захацеў зраўняцца з Богам у плане стварэння свету (вельмі пашыраны матыў – “стваральнае спаборніцтва” чорта з Богам).
Чорт “узяў жменю пяску, шыбануў яго ўгору ды й кажа: “Ляцеце”, - а хто – забыўся сказаць. А тут як сыпануць мошкі, камары, авады ды ўсялякі гнюс…” Згодна з другім павер’ем, М., “якая таўчэцца на значнай вышыні, - гэта не што іншае, як душы памерлых…” Гэтыя душы, аказваецца, выпушчаныя на “прыхацку” і “перасушку”.
Паводле розных прыкметаў і забабонаў М. устойліва звязана з гаспадаркай селяніна. Па – першае, машкара прадказвае надвор’е. Калі яна літаральна лезе ў вочы ці “таўчэ мак”, трэба чакаць дажджу.
Але калі яна снуе на захадзе Сонца, увечары, то гэта прадказвае раніцай добрае надвор’е. па – другое, М. сімвалізуе сабой якасць ураджаю шматлікіх гаспадарчых культур: пшаніцы, аўсу, грэчкі, ільну.
Паказальнікі добрага ўраджаю адмысловыя: вялікая колькасць М., значная вышыня іх палёту і нават ступень кудлатасці ножак. За М. не толькі статычна назіраюць, але і робяць наступныя дзеянні: “З – пад першых камароў, якія “таўкуцца”… трэба ўзяць жменюд зямлі і рассыпаць на градах, каб гародніна высока падымалася…”
Адзначым “жменю зямлі”, бо менавіта з “жмені пяску” чорт і стварыў М. Добра ўплываць М. можа і на гаспадарчых птушак: прапануецца вышэй згаданую зямлю пакласці ў гняздо квактухі, каб вывадкі былі “надзейныя”.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/3433
|