ДЗЕДАВІЦА

ДЗЯВОЧНІК
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ДЗЯВОЧНІК

    Даўні звычай наладжваюць вечарынку ў нявесты напярэдадні весялле; тое, што і суборная субота.

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/12423

    ДЗЯВОЦКІ ВЕЧАР

    У апошні перад вяселлем дзень у хаце нявесты адбываўся абрад пад назвай дзявочы вечар (дзявішнік, дзявічкі, дзявоцкі вечар, зборны дзень, зборава субота, вянкі). У хаце збіраліся шматлікія сваякі нявесты: маці, бацька, дзядзькі, цёткі, браты, сёстры і іншыя. Сяброўкі спявалі песні, пыталіся благаслаўлення ўсёй радзіны — распусціць нявесце касу і адвесці ў лазню.

    Пры гэтым нявеста павінна была плакаць і кланяцца ўсім у ногі, пачынаючы ад самых старэйшых. Плач нявесты напярэдадні вяселля быў абавязковым, для гэтага ёй нават маглі нацерці вочы цыбуляй: “Дайце Марысьцы помачы — горкай цыбулі пад вочы, Знаць табе, Марыська, замуж хочацца, калі твае слёзкі не коцяцца”.

    Нявеста плакала па сваёй “прыгажосці”, “касе”, “волі”, бесклапотным жыцці ў бацькоў. Лічылася, чым больш слёз пралье дзяўчына ў бацькоўскай хаце, тым меней яна будзе плакаць у сямейным жыцці.

    У лазню пад спеў сябровак нявесту вялі свахі. Увесь працэс наведвання лазні (прынясенне вады, купанне нявесты, выліванне выкарыстанай вады) суправаджаўся рытуальна-магічнымі дзеяннямі і ўсемагчымымі абярэгамі нявесты, праецыраваннем нараджэння здаровых дзяцей, добрых адносін з мужам і г.д.

    Лазня напярэдадні вяселля мела на мэце рытуальнае ачышчэнне нявесты ад усіх ранейшых бед і нястач перад тым, як увайсці ў новае жыццёвае становішча. Пасля вяртання з лазні ў хаце ладзілі вячэру. За сталом нявеста разам з сяброўкамі спявала песню, сэнс якой быў заключаны ў тым, каб бацька і маці благаславілі дачку на жыццё-быццё ў “далёкім краі”.

    Пасля такіх слоў бацька благаслаўляў дачку, яна ж, у сваю чаргу, павінна была падараваць яму што-небудзь з пасагу. Тая ж песня гучала яшчэ некалькі разоў, але зараз ужо прасілі благаславення ў бліжэйшых сваякоў, якія прымалі ўдзел у вячэры.

    Нявеста і іх абдорвала невялікімі падарункамі. Пасля працяглых спеваў нявесту садзілі на лаву і ў апошні раз у бацькоўскім доме ёй запляталі касу пад спеў-галашэнне сябровак.

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=27534

    Адным са складовых этапаў дзявочага вечара было прыгатаванне вянка нявесты, вясельнага дрэўца і знакаў адрознення шафераў — “кветачак”. Мы ўжо казалі аб значэнні вясельнага вянка, які выконваў даволі важную ролю на вяселлі, сімвалізуючы сабой цнатлівасць нявесты.

    У дзявочы вечар дзяўчаты садзіліся вакол стала і плялі вянок з раней прыгатаваных свежых ці сушаных траў, каляровых стужак, пацерак і іншых упрыгажэнняў.

    Але перш старшая шаферка тройчы прасіла благаславення ў бацькоў нявесты: “Благаславіце вянкі”. Вянкі плялі доўга, на працягу ўсёй работы дзяўчаты спявалі песні: “Сягоння субота, святы дзянёчак, Вілі Ганначцы з руты вяночак...” Часцей за ўсё ў песнях пелі аб бесклапотным жыцці дзяўчыны ў бацькоў і цяжкім, паднявольным жыцці жанчыны ў хаце мужа.

    Яшчэ ў пасляваенны час сваёй неардынарнасцю вылучаўся вянок нявесты, які рабілі ў Верхнядзвінскім раёне. У зялёнае суквецце лекавых (абавязкова!) траў упляталі чырвоную стужку-абярэг, каля скроневых доляў замацоўвалі вырабленыя з воску вінаградныя гронкі. Калі вянок быў зроблены, нявеста падыходзіла да стала, кланялася дзяўчатам у пояс і таксама абдорвала іх невялікімі падарункамі.

    У Маладзечанскім раёне існавала павер’е, калі іголку, якую выкарыстоўвалі пры вырабе вясельнага вянка, кінуць у раку, то тая дзяўчына хутка возьме шлюб. Пасля гэтага пачыналі ўпрыгожваць вясельнае дрэўца: “гільцэ”, “вільцэ”, “елку”, “шаблю” — сімвалічны знак дабрабыту, рабілі “кветачкі”, якія на працягу ўсяго вяселля будуць упрыгожваць шафера і шаферку.

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=27568

    “Вясельнае дрэўца” — знак грамадскага прызнання і магічнага экраніравання маладых. Гэты важны атрыбут вясельнага абраду сімвалізаваў момант “пераходу” — разрыў з дзявочымі гадамі і стварэнне сваёй сям’і. Па форме гэта невялікае дрэўца (некалькі галінак, вершаліна) з елкі, сасны, піхты, радзей з верасу, бярозы, арэшыны.

    Упрыгажэннем вясельнага дрэўца маглі быць жывыя кветкі, вечназялёныя расліны (барвінак, плюшч, лаўр), яблыкі, пер’е хатняй і лясной птушкі, арэхі, ягады каліны, калоссе, рознакаляровыя стужкі, а таксама сушаныя кветкі ці вырабленыя з паперы. Вясельнае дрэўца сімвалізавала дзявоцкасць, таму яго яшчэ звалі “прыгажосць” ці “воля”.

    Раніцай вясельнае дрэўца ставілі на плоце перад хатай нявесты, тым самым паказваючы, што вяселле пачынаецца. Пасля заканчэння вяселля дрэўца ламалі і па галінцы давалі гасцям (такім жа чынам, як і дзялілі вясельны каравай паміж усімі ўдзельнікамі вясельнай урачыстасці). “Дзеўка без касы не мае красы”.

    Такое рытуальнае дзеянне, як распусканне касы, “завіванне нявесты”, уяўляла сабой пачатковую ступень яе змены: валасы прыбіралі ў новую прычоску, ужо не па-дзявочаму, а па-жаночаму (на галаве рабілі роўны прабор, каб адну касу падзяліць на дзве). І толькі вянок сімвалізаваў яе дзявоцкасць.

    На вяселлі вянок зменіцца жаночым галаўным уборам. Паглядзець, як “завівалі нявесту”, прыходзілі ўсе жыхары вёскі, асабліва жаночая яе палавіна. Усе абрадавыя дзеянні заканчваліся апоўначы, нявеста і сяброўкі клаліся спаць у адным пакоі, каб раніцай, калі ўстане сонейка, працягнуць вясельныя прыгатаванні.

    Да тае пары, пакуль нявесту не возьме пад руку жаніх, яе нельга было пакідаць адну. На Беларусі абрад развітання з дзявочым жыццём асабліва яскрава прадстаўлены на поўначы. На Магілёўшчыне такі абрад практычна адсутнічаў. На Палессі нявеста развітвалася з сяброўкамі так: рыхтавала напярэдадні вяселля рытуальнае частаванне, а раніцай, перад тым як ехаць да жаніха, танчыла з кожнай сяброўкай.

    У некаторых рэгіёнах развітанне нявесты з дзявочым жыццём адбывалася на самім вяселлі перад ад’ездам нявесты з бацькоўскай хаты. Такое развітанне дасягала сваёй кульмінацыі ў той момант, калі нявеста з жаніхом ехала пад вянец. У гэты час спявалі песні аб развітанні з родным домам.

    Хлапечы вечар. Адначасова з правядзеннем дзявочага вечара ў хаце жаніха таксама ладзілася развітальная вячэра. Жаніх разам са сваімі нежанатымі сябрамі праводзіў свой апошні “хлапечы вечар” (хлапечнік, маладзецкую вечарыну, халасты вечар, жаніхоў пір, провады, жаніхоў поезд).

    У культуры ўсходніх славян гэты абрад быў распаўсюджаны толькі ў асобных рэгіёнах і быў рытуалізаваны значна менш, чым дзявочы вечар. Асноўны змест хлапечага вечара быў у тым, што халастыя хлопцы развітваліся, “прапівалі” свайго сябра. У некаторых рэгіёнах гэты вечар ладзілі ў гонар вясельнага кума (хроснага бацькі), які з гэтага моманту атрымліваў асаблівыя — вясельныя — паўнамоцтвы.

    Часам на хлапечым вечары танчылі, ладзілі гульні эратычнага кшталту, узгадвалі цікавыя выпадкі з “халастога” жыцця. Напярэдадні вяселля жаніх, таксама як і нявеста, ішоў у лазню. Паралельна з абрадам “распускання касы” ў некаторых мясцінах Беларусі быў вядомы абрад пад назвай “застрыгаць касу”: брат жаніха, а потым і іншыя халастыя хлопцы падразалі ці прыпальвалі свечкай валасы на лбе і каля вушэй жаніха.

    Часам дзявочы і хлапечы вечары аб’ядноўваліся ў адзін абрад. Сумеснае правядзенне хлапечага і дзявочага вечароў было характэрна і для некаторых рэгіёнаў усходняга Палесся, напрыклад для Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці.

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=27614




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz