ЖУРАВЕЛЬ, ЖОРАЎ
Вобраз Ж. у вераваннях беларусаў у многім пераклікаецца з вобразам бусла. Яднае іх перадусім вонкавае падабенства, а таксама ўспрыманне як птушак іншасвету ў яго станоўчым разуменні. Ж. лічылі носьбітам дабрабыту – убачыўшы іх, казалі: “Здароў будзь”. Ж., як і бусла, бралі ў свій гурт калядоўнікі.
У Асіповіцкім р-не да пераапранутага ў Ж. звярталіся: “Жораў, жораў! Пакажы свій нораў. Сцягні блін, вылеці ў комін!. У песні “наляталі журавы із чужое стараны, селі-палі на раллі дай расказвалі”. Іх прылёт з “чужой стараны” і тлумачыць валоданне ведамі, сакральнай інфармацыяй. Менавіта як апякуп-продак успрымаецца Ж. у вядомай казцы пра чароўную торбачку ды рог, якія ён дорыць беднаму дзеду.
Табу не прамое называнне гэтай птушкі Ж. – “трэба казаць весялец, а не журавель, а тобудзеш увесь год жырыцца” – зыходзіць з прынцыпаў народнаэтымалагічнай магіі, хаця можа мець і глыбейшыя вытокі. Значэнне фальклорнага вобраза Ж. падкрэслівае яго актыўны, мужчынскі пачатак – узгадаем аднайменную гульню, выразы накшталт “панадзіўся журавель у нашу канапель” ды інш.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/1642
ЖОРАЎ
У апошнiя днi жнiўня, у пачатку верасня назiралi за паводзiнамi жораваў: "Калi жоравы паляцяць, то ў сярэдзiне кастрычнiка мароз пачнецца, а калi не — то зiма позна прыйдзе". Жораў ва ўсiм свеце з'яўляецца сiмвалам стасункаў з боствамi. У культуры ўсходнiх славян гэту прыгожую птушку заўсёды лiчылi свяшчэннай, вестуном усяго добрага, станоўчага.
Па ўяўленнi нашых продкаў, увосень жоравы пакiдаюць наш край, адлятаюць на зiмоўку i нясуць з сабой прэч грэшныя душы, а рана ўвесну вяртаюцца з выраю (iрыю), каб прынесцi з сабой душы будучых дзяцей, якiя народзяцца ў гэты год.
Сувязь жораваў з тым, iншым светам, светам продкаў, недвухсэнсоўна адлюстравалася ў культуры ўсходнiх славян: калодзежы з доўгiм шастом, пры дапамозе якога бралi ваду з глыбiнi, таксама атрымалi назву "жораў". У час адлёту жоравы падаюць даволi гучны доўгi крык. Зыходзячы з народнай этымалогii, чалавеку, якi сумаваў, менавiта таму казалi: "Не журыся!".
Жораў заўсёды быў годнай, незалежнай, недасягальнай для чалавека птушкай. Калi ў жыццi чалавека стваралiся сiтуацыi, у якiх неабходна было зрабiць выбар, у народзе казалi: "Лепш сiнiца ў руках, чым жораў (журавель) ў небе". Аб чымсьцi вельмi жаданым, але недасягальным, казалi: "Што жораў ў небе".
Забiць жорава значыла назаўсёды развiтацца з асабiстым шчасцем: нiва будзе бясплоднай, гаспадарка прыйдзе ў заняпад, у сям'i пачнуцца сваркi i хваробы. Шматлiкiя рытуальныя дзеяннi i прыкметы, звязаныя з жоравам, супадалi з дзеяннямi ў дачыненнi да бусла. Так, на Палессi ранняй вясной, калi вы бачылi першага жорава, неабходна было "пакачацца" па полi, каб на працягу года не было болю ў спiне.
Лiчылi, што на тым полi, куды села шмат жораваў, будзе добры ўраджай. Па палёце жораваў прадказвалi надвор'е: — жоравы ляцяць высока — да дажджу; — жораў заляцеў у вёску — чакай непагадзi, буры; — калi жоравы ў час адлёту на поўдзень ляцяць высока, не спяшаючыся, "перагаворваюцца", — будзе цiхая добрая восень.
Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.
|