ЭРАТЫЧНЫ КОД БЕЛАРУСКАГА ВЯСЕЛЛЯ
Уладзімер Лобач 08.04.2008 г.
Ідэя стварэння сямейнай пары, якая ёсць першаасновай шлюбу, мае выразны касмаганічны сэнс: супрацьпастаўленыя, але адначасова ўзаемадапаўняльныя часткі складаюць якасна новае адзінае цэлае, што і гарантуе касмічны (сацыяльны, культурны) парадак. Адсюль рытуальны аспект узяцця шлюбу (вяселля) быў максімальна разгорнуты і сімвалічна насычаны. Выключэннем з гэтага правіла магло быць толькі «покрыцкае» вяселле, калі маладая была ўжо цяжарнай. У гэтым выпадку вясельны рытуал быў абмежаваны і сціплы: «Не час малíцца, калі з-за пазухі валíцца».
Вяселле сімвалізавала паўтор двух асноўных жыццёвых пачаткаў адначасова: сыходу (смерці) і прыходу (нараджэння). Шлюбную абрадавасць можна падзяліць на дзве часткі: сімвалічнае паміранне жаніха і нявесты ў сваім моладзевым статусе і нараджэнне якасна новых людзей - мужа і жонкі. Ужо падчас сватання галоўныя функцыі выконваюцца сватамі з боку хлопца і бацькамі - з боку дзяўчыны. Актыўнасць маладых зводзіцца да мінімуму - яны амаль не размаўляюць, а рухі абмежаваныя.
Пасля засватання (заручын) хлопец і дзяўчына атрымліваюць прамежкавы статус: «князь» і «княгіня», і яшчэ больш «мярцвеюць» для сваёй узростава-полавай групы - не ўдзельнічаюць у вячорках, моладзевых забавах, іх з'яўленне па-за хатай жорстка абмежаванае. Апагеем сімвалічнай смерці старога статусу быў Пасад. І для жаніха, і для нявесты Пасад, па сутнасці, быў актам сімвалічнай дэфларацыі, калі яны гублялі сваю маладзецкую або дзявоцкую «красу» - базавую характарыстыку іхняга ранейшага статусу.
Мэтай вясельнага абраду было не фармальнае злучэнне маладых у адну сям'ю, а забеспячэнне новай сям'і шчаснай доляй, - ёй жадалі нараджэння здаровых дзяцей, а ўжо потым - гаспадарчага дабрабыту. Паколькі ў ідэале першы сексуальны досвед маладыя атрымлівалі падчас вяселля («каморы»), а асноўнымі дзеячамі вясельнага рытуалу былі дарослыя, сямейныя людзі, то эратычны сімвалізм насіў больш празрысты характар. Ужо пачынаючы са сватання актыўна выкарыстоўваліся рэчы з выразнай сексуальнай сімволікай.
Найбольш насычанымі эротыкай былі этапы вяселля, звязаныя з выпечкай каравая і «пакладзінамі» маладых. Галоўнай ідэяй, якую ўвасабляў каравай як сімвал Долі, была ідэя плоднасці, нараджальнасці, ураджайнасці. У гэтым сэнсе ён выступаў своеасаблівай матрыцай будучага сямейнага жыцця маладой пары. Яшчэ ў ХІХ ст. на караваі размяшчалі выявы спарвання самца і саміцы: певень на курыцы, гусак на гусыні, кабан на свінні, а таксама вобразы родавых мужчынскіх і жаночых органаў.
І нават на пачатку ХХ ст. у Вяліжы каравай пёкся жанчынамі пад спяванне «саромных» песень, убіраўся таксама саромнымі фігурамі, напрыклад фігурай мужчыны, які трымаў у руках свой penis вялікага памеру. Выраб каравая, пачынаючы ад самых першых аперацыяў, прыпадабняўся зачаццю і нараджэнню дзіцяці, дзе функцыі жаночага ўлоння выконвала хлебная дзяжа і печ. Так, месячы цеста, каравайніцы спявалі: «Караваю-раю, цесцечка, / Чатыры калені ўмесцечка» ці: «Тупнула не памалу, / Падкацілася пад лаву, / Падкацілася пад Грыца, / Бо я яго маладзіца». Само пасаджэнне каравая ў печ усведамлялася як сімвалічны полавы акт, дзе каравай - увасабленне мужчынскай апладняльнай сілы, а печ - дзетароднага жаночага пачатку: «Даўно печка зіяе, / А прыпечак рагоча, / Печ каравая хоча».
Прачытваецца гэтае значэнне пірага і ў жартоўных песнях вясельнага застолля: «Не сядзі, сватка, ля сцяны, / Нашы дзеўкі жартаўлівы: / У сцяне дзіркі круцілі, / З тваёй кішэні, сватка, / Піражок дастаць наравілі. / Пад прыпечкам мышка піснула, / Свацця піражок сціснула. / Сват пірага не дае, / Дамоў дзецям панясе. / Не так дзіцяці - / Як старой свацці». Пасля таго як каравай вымалі з печы, ён канчаткова набываў рысы жывой істоты: «Дайця мне пасашок падпірацца, а да клеці дабрацца! А рагат я, багат, а ў малыя дзверкі не ўлезу».
Пэўныя «эратычныя вольнасці» гучалі і ў «вясельнай бяседзе», дзе галоўным аб'ектам жартаў былі сват (маршалак) і свацця (радзей дружка маладога). Звычайна гэтым персанажам прыпісваліся розныя «непрыстойнасці»: «Сват сваньку разуваў, / Андарак разадраў, / Падняў ножку, пазіраў…», «Прыехаў маршалак - мешчанін / Ды ў лаву яйца зашчаміў. / Тузаў, тузаў, тузаў, не выняў - / Застагнаў, заплакаў, закрычаў. / А хто ішоў міма - не мінуў, / Усялякі пугай сцебануў»; «Сядзіць дружко на лаўцы, / Спусціў булаўку пад лаўку. / Да прыбег курмяўко, / Да ўхапіў дружкаву булаўку. / Да «кыцы, кыцы» курмяўку, / Аддай маю булаўку, / Дам табе мяса дзялянку».
Часам заняткі свата і свацці выглядаюць амаль што «нявінна»: «Да ўсе гаруць, барануюць, / Сват сваньцы хвартух шые, / Шые ніткаю, трасе лыткаю…» Самое памяшканне (камора, клець), дзе клалі маладых спаць, было ўвасабленнем дабрабыту, дастатку (шырэй - Долі) усёй гасподы - там захоўваліся прадукты харчавання, збожжа, найбольш каштоўная маёмасць. «Спор» дабра, што захоўвалася ў каморы, мусіў станоўча ўздзейнічаць на патэнцыю маладых, а плодная патэнцыя маладой шлюбнай пары, у сваю чаргу, спрыяла павелічэнню дабрабыту ўсёй гаспадаркі.
Акрамя таго, усе гэтыя памяшканні (камора, клець) аб'ядноўвае тое, што яны халодныя, не маюць абразоў і іншых культурных сімвалаў, знаходзяцца ў межах засвоенай тэрыторыі. Прамежкавы, паміж «прыродай» і «культурай», статус гэтых памяшканняў падкрэслівае такі ж самы, па сутнасці, статус жаніха і нявесты. У адрозненне ад цяперашняй сітуацыі, калі «пакладзіны» маладых азначаюць перапынак у вясельных урачыстасцях, раней рытуал не перапыняўся ні на хвіліну.
Пакінуўшы жаніха і нявесту адных, госці пачыналі танцаваць, спяваць, жартаваць. Смех і жарты былі прыкметамі жыцця (мёртвыя не смяюцца) і адзнакай «свайго» свету (смех не ўласцівы нячысцікам - адно страшны рогат), а таму выступалі ў якасці дзейсных абярогаў ад магчымага ўздзеяння нячыстай сілы. Эратычны ж змест «калінак» (каморныя песні), з улікам веры ў рытуальную, магічную моц слова, толькі накіроўваў стваральную энергію на саму камору. Дэфларацыя нявесты на фалклорным узроўні апісвалася як акт першага ворыва: «Закладайце быкі-неўкі ў вярмо / Да будзем навінаньку й араці».
Адпаведна мужчынскі полавы орган выступаў у якасці земляробчай прылады: «Казалі нам, Сямёнка гультай, - / Залатую сошаньку напраўляў, / Чорную аблогу раздзіраў». Каб «саха» не схібіла ў адказны момант, былі прадугледжаны адмысловыя ўзбуджальнікі. Дружка з маладзіцамі вялі маладых у клець, дзе жаніха распраналі і клалі ў пасцель. Потым распраналі дагала маладую - «каб у жаніха разгаралася любоў к сваёй нявесце». Даволі распаўсюджанымі былі песні, дзе маладыя выступаюць у вобразе жывёлаў (лісіца і заяц), птушак (голуб і галубка; качар і «вутка») і нават жамяры (камар ды муха).
Полавыя ўзаемадачыненні паміж імі «закамуфляваны» жартоўным чынам: «Да наша лісухна п'яна была, / Да на гародах спаць лягла. / Прыбег заюхна, лёг на яе, / Прачнулася лісухна - мокра ў яе: / Ды ці не быў жа ты, касы, ля мяне?» Часам авалоданне маладой паказваецца як ваенныя дзеянні, штурм і захоп маладым нейкіх умацаванняў: «Куры, куры, да не пейце рана, / Да не пейце рана, не будзіце пана. / Ой, наш паночак з вайны прыехаў, / З вайны прыехаў, горад зваяваў».
Аднак у большасці выпадкаў «прычына» страты нявестай цнатлівасці выступае адасоблена ад вобразу маладога. Гэта можа быць і нейкае невядомае «трэцяе», што дзейнічае само сабою: «Жанішок да на ложыю ідзе, / Дзеваньку за сабой вядзе. / Палажылі двое спаці, / Трэце калыхаці. / - Спіце, дзеці, чутка, / Трэце ўстала хутка». Паводле каляровай суаднесенасці і здольнасці мяняць сваю кансістэнцыю і пругкасць гэта можа быць чарвяк: «- А мамачка, балазе, / Паўзе чарвяк па назе. / А мамачка, баюся, / Ён жа мяне ўкусе».
Пэўныя болевыя адчуванні дзяўчыны і ўяўленні аб мужчынскай «ярасці» прыводзілі да з'яўлення ў каморных песнях вобразу пчалы ці шэршня, якія джаляць: «Прыляцеў, мамка, шэршань / Дай уткнуў жала, / Сэрца маё задрыжала. / Дзеўку не за пуп, да за чэрава/ Укусіў па сераду». Здольнасць эрэгаванага полавага органа мужчыны павялічвацца ў памерах таксама выклікала цікавыя фальклорныя аналогіі: «А ў нас сёння шавялі былі, / Чатыры ножкі ў кучы былі, / Пятая ножачка шавяліла, / Нам гарэліцу саладзіла».
Хаця ў большасці выпадкаў актыўнай сілай выступае мужчынскі пачатак у розных іпастасях, часам зайздроснае ўмельства ў абыходжанні з тым самым «пачаткам» дэманструе маладая: «А наша малада ў клеці сядзіць, / У клеці сядзіць, каўбасы чыне. / Начыніла каўбасу - сам-другу не ўнясу, / Начыніла другую - яшчэ такую, / Начыніла трэцюю - яшчэ лепшую».
ЭРОТЫКА РАДЗІННАЙ АБРАДАВАСЦІ
Сімвалічнае адлюстраванне полавых дачыненняў, у прыватнасці зачацця і нараджэння дзяцей, у радзіннай абрадавасці мае некалькі ўзроўняў. Найбольш архаічная сімволіка ляжыць у аснове сюжэтаў, што тлумачаць прычыны з'яўлення дзіцяці на свет, у той час як тэма ўзаемаадносінаў кума і кумы вылучаецца больш выяўным эратызмам. Найбольш архаічны матыў зачацця, які фіксуецца амаль выключна на беларускім Падзвінні (арэал рассялення крывічоў), суадносіцца з вобразам каваля: «Ой, спасіба таму кавалю, / Што скувала дзяцёну. / Малаточкам не стукаў, / У ручачкі не хукаў, / А, ляжаўшы на палу, / Упіраўся ў сцяну. / Цёплая, добрая кузня была!» (У індаеўрапейскай міфалогіі вобраз каваля быў надзелены звышнатуральнай стваральнай сілай, звязанай з агнём, і валодаў функцыямі дэміурга.)
Як і зачацце, народзіны дзіцяці вымагалі ўзаемадзеяння мужчынскага і жаночага пачаткаў. Так, у беларусаў Смаленшчыны быў зафіксаваны звычай, калі мужчына «дапамагаў» сваёй жонцы нараджаць, імітуючы родавыя схваткі і пакуты. У выпадку, калі ягоныя стогны былі непераканаўчымі, бабка-павітуха навязвала на дзетародны орган мужа суворую нітку і раз-пораз адчувальна яе торгала. Аднак найбольш выразныя эратычныя элементы радзіннай абрадавасці выяўляюцца падчас «застольнай бяседы».
Асноўнымі «героямі» інтымных прыгодаў у радзінным фальклоры выступаюць кум і кума. Роля бабкі-павітухі і кумоў у рытуале, у параўнанні з бацькамі дзіцяці, была першаснай, бо павітуха «лепіць» цела чалавека, стварае форму, а хросныя даюць імя, далучаюць да сферы духоўнага. Тое, што галоўныя ўдзельнікі гэтага працэсу - не бацькі, а пабочныя, суадносіцца з тэндэнцыяй рытуалу да вылучэння дзіцяці з «прыроды». «Пікантнасць» сітуацыі палягала ў тым, што, будучы «бацькамі» дзіцяці, кум і кума, паводле народных уяўленняў, мусілі быць мужам і жонкай ці, як мінімум, мець узровень узаемадачыненняў, дастатковы для з'яўлення немаўляці.
Хаця ў рэальным жыцці полавыя дачыненні паміж кумам і кумой былі жорстка забароненыя, гэты «прабел» з лішкам кампенсаваўся віртуальна-жартоўным чынам у радзінным фальклоры. Найчасцей ініцыятыва ў збліжэнні прыпісваецца куму, які заляцаецца да кумы, прыносячы ёй адмысловыя падарункі: «А кум кумку / У садочак вядзе. / А кум кумцы / Агурочак нясе. / - Не хачу я / Агурочка твайго. / Не чапай ты / Хвартушочка майго. / А кум кумку / У садочак вядзе, / А кум кумцы / Ды кілбаску нясе. / - Не хачу я / Ды кілбаскі тваёй, / Не чапай ты / Ды спаднічкі маёй», але, пакаштаваўшы хмяльнога мёду, кума робіцца больш згаворлівай: «Упілася, кумок, мёдам тваім. / Ды рабі ты ўжо, што хочаш, / З жываточкам маім».
«Падарункі-пачастyнкі» кума маглі мець рэальныя наступствы: «Дам падарак дарагой, / Хоць маленькі, дак жывой. / Будзеш, кумка, калыхаць, / Будзеш кума праклінаць». Інтымныя дачыненні кумы й кума ў фальклоры часта набываюць выгляд гаспадарчай «дапамогі» з боку апошняга. Так, кум «крые куме хату» (а затым і ложак), сее канапелькі, арэ дзялку кумы ці нават тчэ на кроснах: «Кум да кумы заляцаўся, / Красёнкі ткаць ёй абяцаўся. / Як ён ткаў, прытыкаў, / Прытыкаючы, казаў: / - Ты кума, ты душа, / На ўсе кумы хараша!» (параўнайма кросны ў загадцы: «Хвартухам шаруе, нагамі кіруе, / Дзе разінецца - туды суне»).
Часам сваё жаданне кум выказвае досыць просталінейна: «Такі, кума, дайся, / Такі дагадайся, / Такі часам пад поясам / Пашчупаці дайся». Сама кума далёка не заўсёды выглядае пасіўнай у дачыненнях з кумам. Так, яна можа запрасіць яго на адмысловую «касьбу»: «Яшчэ, куме, не відно, / Хаваймася пад радно… / У мяне, куме, трава асака, / Касі, куме, з высака» ці папрасіць аб інтымнай паслузе: «Кум не п'ець, кум не п'ець, / Кума не хочыць. / У кумы ў прарэсе, у кумы ў прарэсе / Блыха шчакочыць. / - Кумочак-браточак, кумочак-браточак, / Не бойся грэху, / Выгані ў кумы, выгані ў кумы / Блыху з прарэху».
У жартоўнай форме адлюстраваны ў радзіннай паэзіі непасрэдны інтымны кантакт кумы і кума, падчас якога апошні сутыкаецца з невядомай «звярынай»: «А кум кумку разуваў, / Пад падолік заглядаў. / - А, кумачка, што за звер? / Я баюся, каб не з'еў. / - А кумочак-дурачок, / Ці ты ў лесе не бываў, / Такіх звярэй не відаў? / Гэта, кумок, выдра, / Што ўсім людзям відна. / Гэта, кумок, бобра, / Што ўсім людзям добра. / Кумка ў лесе бываў, / Такіх звярэй не відаў. / Не кукуе, не пяе, / Толькі роцік разяе».
КОЛА ДЗЁН
Не менш актуальнай тэма сексуальнасці была і ў будзённым жыцці. Сексуальная патэнцыя ўсведамлялася як адна з праяваў касмічнай стваральнай энергіі, што дазваляла чалавеку ўдзельнічаць у быцці Сусвету. У сімволіцы, звязанай з гаспадарчай дзейнасцю, полавыя органы мужчыны ці жанчыны ўвасаблялі прадукцыйнасць у адносінах да палеткаў, насення, будучага ўраджаю. На Віцебшчыне, каб пшаніца ўрадзіла, гаспадар сеяў яе ўночы, распрануўшыся дагала.
Калі садзілі гуркі, з мэтай стымуляцыі іх росту выкарыстоўвалі рэчы з выразнай фалічнай сімволікай: кол, палена, таўкач, пры гэтым катэгарычна забаранялася садзіць гуркі жанчыне не дзетароднага веку. Эратычную афарбоўку мела і качанне/кулянне жанчын на ніве падчас дажынак, а таксама маніпуляцыі з «барадой» - рэштай жытніх каласоў, пакінутых на полі. Беларус вёў полавае жыццё не толькі дзеля працягу роду, але і сабе ў ахвоту. У прыватнасці, гэта вынікае з суаднясення на шкале жыццёвых каштоўнасцяў полавага акту і харчавання: «На што бабе рашато, на што бабе сіта: дзед бабу патаптаў - будзе баба сыта».
Пры гэтым жарсць магла заспець у любым месцы, а сам «двубой» вызначаўся нічым не прыхаванай эмацыйнасцю: «Ах ты, Сідар-макацёр, / На парозе бабу цёр: / Што паверніць - / Баба пердніць, / Што пацісніць - / Баба пісьніць». Мужчынскай жа моцы, без усялякіх падпорак з боку «віягры», можа пазайздросціць ці не кожны прадстаўнік «моцнай паловы» і сёння: «Наш дзед сані гнець - / Па чатыры кліны б'ець: / Пастой, бабко, яшчэ слабко. / Ганю пяты - пойдзіць гладка!»
Пры гэтым «парыву плоці» з усёй апантанасцю, да поўнае знямогі аддаваліся не толькі мужчыны: «Там была, там была, / Дзе коні пасуцца; / Так дала, так дала, / Што рукі трасуцца». Аднак часам жаночыя спадзяванні не спраўджваліся: «А ну ж ты не дуж - ці на цябе ліха? Капашуся, варушуся, а ты ляжыш ціха?» Інтымная няўдача магла мець і даволі банальную прычыну: « - Шавялі, бабка, нагой! / - Ні магу, кармілец мой! / Я б і рада шавяліць - / Шавялуха не стаіць».
Што датычыць тэхнікі сексу, то, безумоўна, у нашых продкаў яна была больш сціплай, чым у «Камасутры», але досыць разнастайнай. Найбольш распаўсюджанай была класічная еўрапейская пазіцыя «мужчына зверху»: «Не лажыся, Марка, бокам - / Гэта табе не нарокам. / Да лажыся правусенька: / Будзе табе да мілюсенька». Даволі часта ў фальклоры сустракаецца ўказанне і на пазіцыю «мужчына ззаду»: «Як у полі, ў полі / Пасець дзеўка коні. / Прыйшоў да е Якаў - / Ставіў дзеўку ракам», а таксама «вершніца» ці «жанчына зверху»: «Сядзіць свацця на елі, / Распусціўшы калені». Бытавалі й аральныя формы сексу: «Люблю, люблю Пеценьку / За сладку конхеціньку: / Як паложыць у раток, / Дак заныіць жываток» ці «Сінія штаны, белая падкладка, а што ў штанах, тое сладка» (загадка пра цукровую галоўку).
Аральны секс, хутчэй за ўсё, не быў вуліцай з аднабаковым рухам: «Дзед бабу сагнуў, / касмоцце раздзьмуў. / Салодкае выкусіў, / А горкае выплюнуў» (арэх) ці «Як за лесам, за буйракам / Там стаяла баба ракам, / А дурань думаў - капліца, / Дай давай туды маліцца». На падлеткавую мастурбацыю як на сродак зняцця сексуальнай напругі (параўнайце: «Дазволь, матушка, жаніцца. / Дазволь узяць каго хачу; / Не дазволіш мне жаніцца - / Колам печ разварачу») у традыцыйнай супольнасці практычна не звярталі вялікай увагі. Досыць шырока паказана ў беларускім фальклоры й тэма пазашлюбных адносінаў.
Ці не самы распаўсюджаны сюжэт - здрада маладой жонкі старому мужу: «Прыйдзі, прыйдзі, малады хлопча, / У першай гадзіне. / Ідзі, ідзі, стары муж, / У лес па каліну». Калі ў старога абуджаюцца падазрэнні, маладзіца робіць контрзахады: «Калі, міленькі, ты мне не верыш, / Павесь званочак на падалочак! / Як хто затроніць - званок зазвоніць… / Званочак звініць у садзе ля хаты, / А муж не чуе, бо глухаваты». Вядома, што такія «бавы», а тым больш у адсутнасць мужа дома, мелі цалкам заканамерныя наступствы: «Начаваў у нас казак маладзенькі. / Начаваў ён тры дні і тры ночы. / Ды пакінуў мне карыя вочы».
Не меншай увішнасцю «на старане» вызначаліся і мужыкі, на што справядліва наракалі жонкі: «Ён арэць чужую ніўку, / Ён любіць чужую жонку». Пры гэтым у вачах здрадлівага мужа вабноты чужых жанчынаў былі больш прыцягальнымі, чым уласнай жонкі: «А ў суседа люба жана, / Як пабачу - сэрца млее. / Суседава ўрадліва, / Тлуста, бела, чарнабрыва. / Мая худа, рудаброва, / Суха, як кара дубова». Часам мужык абыходзіўся са сваёй жонкай больш радыкальна: «Замкнуў жонку на замок, / А сам пайшоў да дзявок».
Пазашлюбныя адносіны жанатых людзей усведамляліся традыцыяй як страта жыццёвай энергіі і, перш за ўсё, разумовых патэнцый: «Не паглядай чужых жонак: ці скасееш, ці здурнееш»; «Чужыя жонкі - безгалоўе». Лічылася, што найбольш юрлівыя мужчыны пачынаюць нагадваць свой дзетародны орган: «Хто к бабам вельмі многа мае дачынення, той хутка аблысее»; «Чужая мяккая падушка на чужой пасцелі лысіну працярэбіць».
Паколькі сексуальныя паводзіны чалавека з'яўляюцца прыватным выпадкам ягоных сацыяльных паводзінаў, то ўяўленні пра ўнармаваную/ненармальную сексуальнасць, якія існавалі ў традыцыйным грамадстве, былі адным з чыннікаў ідэнтыфікацыі свае/чужыя. Спасярод прадстаўнікоў іншых сацыяльных і этнічных груп найбольшай юрлівасцю і распустай характарызаваліся папы ды ксяндзы. Перадусім у «грахоўнай актыўнасці» вызначаліся праваслаўныя святары, якія маглі займацца аблуднай справай нават у царкве: «Мне няможна да царквы хадзіць, / Мне няможна на споведзі быць: / Папы, дзякі заляцаюцца, / І ў кніжках спамыляюцца».
Пры гэтым справа наўрад ці абмяжоўвалася аднымі залётамі: «Чужы жонкі Богу моляцца, / Мая шэльма з папом борацца… / Ох, і борацца, качаецца, / Ніяк, шэльма, з ім не справіцца». Дамагаючыся свайго, поп пераконвае цяжарную жанчыну ў неабходнасці дарабіць плод у ейным чэраве: «І пачаў поп маліцца да дзіця дарабляць, да так захадзіўся, што Матруна аж пачала крычаць».
У адрозненне ад папоў, «блуд» ксяндзоў, што ўвогуле не мелі права на сямейнае жыццё, у фальклоры паказаны больш закамуфляваным і вытанчаным. Паказальная ў гэтым сэнсе радзінная песня з Глыбоччыны: «- Трэба, трэба, дзяўчыначка, / Пераспавядаці, / Ці прыйшлося, дзяўчыначка, / Перад прабаваці? / - Не давала, пане ксёнжа, / Не давала нікому. / Толькі дала перад / Ксёндзу маладому. / - Будуць табе, дзяўчыначка, / Грахі адпушчоны, / Бо то ж цябе прабаваў / Чалавек свянцоны».
Пэўнай сексуальнай «ненармальнасцю» характарызаваліся ў беларускім фальклоры і прадстаўнікі этнічных супольнасцяў: «маскалі», «хахлы» ды іншыя. Як правіла, «чужынцам» прыпісвалася распуста («Жыла адна маскоўка да вельмі распусная баба…») і дзіўныя сямейныя ўзаемадачыненні: «Жыд жыдоўку не ўзлюбіў, / Па цыцке ярмолкай біў. / А жыдоўка не схацела, / І ярмолка адляцела». «Хахол» таксама быў непажаданым партнёрам для тутэйшай жанчыны: «Ахну, махну, / Я не дам хахлу. / Хахол чэсці не маіць - / Проці шэрсці піхаіць».
Часам моўная адрознасць «тутэйшага» і «чужынца» прыводзіла да камічных непаразуменняў з «эратычным» адценнем. «Раз, як стаялі маскалі ў сяле, так адзін хацеў перцу ды яец, дый кажэ на старую кабету: «Гэй! баба, папру да яец!» А яна: «А каб з цябе, - кажэ, - дух выперла! Куды ты мяне, старую, папрэш да яец!» «Атрымаць на арэхі» ад простай вясковай кабеты мог і пан са сваёй незразумелай тактоўнасцю.
«Быў сабе кірмаш, аж ідзе якісь панічык і нехаця штурхнуў бабу ў бок, так адвярнуўся і мувіць: «Пардон, бабка!» - «А каб цябе, - кажэ, - скула ўдушыла! - ляньцесе: даў сайку пад бок і яшчэ ля, ось кажэ: пярдун баба! А каб ты пярдзеў, гадзе ты, нігды ні стрымаўшысё!» Безумоўна, гэтыя гісторыі адносяцца да сферы народнага гумару, але «непадабенства» чужынцаў (у тым ліку і іх неадэкватныя сексуальныя паводзіны) не ў малой ступені ўплывала на тое, што пераважная большасць шлюбаў у традыцыйнай беларускай супольнасці была монаэтнічнай.
* * *
У традыцыйных супольнасцях абрадаваму афармленню падлягалі ўсе значныя моманты сацыяльнага і індывідуальнага жыцця, таму тэма сексуальных адносінаў мужчыны і жанчыны папросту не магла быць ігнараваная. Эратызм, сімвалічнае выяўленне сексуальнасці і полавых узаемадачыненняў былі абавязковым элементам практычна ўсіх рытуалаў каляндарнага і сямейнага цыклу.
Асабліва гэта датычылася абрадаў, якія сімвалічна рэалізоўвалі пераход ад «старога» да «новага» ці на калектыўным (Каляды, Масленка, Вялікдзень, Купалле), ці на індывідуальным (Радзіны, Вяселле) роўні. Эратычным зместам магла надзяляцца надзвычай шырокая катэгорыя з'яваў і рэчаў.
Так, фалічнае «прачытанне» маюць рэчы, звязаныя з дзейснай інструментальнай сферай: голка, хлебная лапата, саха, рала, таўкач, дзіда, шабля, меч, стрэльба, вуда і да т. п. Фармальнае (колер, абрысы) і тыпалагічнае (цвёрдасць, актыўнасць) ляжалі ў аснове такога сімвалізму: елка, шышка, морква, гурок, грыб, рыба, джала, каўбаса, пірог, кол, арэх, палка, рог - як фальклорныя значэнні фаласа. Жаночы, дзетародны пачатак сімвалізаваўся рэчамі полымі, з адтулінай, але прынцыпова пасіўнымі: гаршчок, бочка, вядро, дзяжа, мех, яма, нара, печ і да т. п.
Сам полавы акт выяўляецца ў катэгорыях актыўнай дзейнасці: каваць, араць, рабіць, дзяўбці, таўчы, засаджваць, устаўляць, мець, нацягваць, пароць, качаць, шыць і г. д. Вызначальная рыса беларускай традыцыйнай эротыкі (як і любой эротыкі ў прынцыпе) - яе цесная суаднесенасць з народнай смехавой культурай. І полавы акт, і смех адмаўляюць смерць і сцвярджаюць жыццё
Крыніца: http://kryuja.org/artykuly/lobacz/sieks_i_erotyka_u_bielaruskaj_tradycyjnaj_kultury.html