ЧАС НАВЕСЦІ ПАРАДАК У ДОМЕ І ДУШЫ
08.04.2009
Гэтымі днямі вернікі згадваюць пра шлях Хрыста на Галгофу, дзе ён быў укрыжаваны і выкупіў грахі чалавецтва. У Вялікі чацвер, Вялікую пятніцу і Вялікую суботу людзі ўспамінаюць пакуты і смерць Ісуса і рыхтуюцца да свята Яго ўваскрэсення.
Да канца тыдня трэба прытрымлівацца самага строгага посту — не толькі ў ежы, але і ў паводзінах: быць стрыманым, цярплівым да блізкіх.
У касцёлах гэтымі днямі не адзначаюць памяці святых, не памінаюць памерлых, нельга браць шлюб і хрысціць дзяцей. Сёння — апошні дзень, калі яшчэ можна дарабіць няскончаныя справы па гаспадарцы.
Бо заўтра — Чысты чацвер. К гэтаму часу дома мусіць быць наведзены парадак, вымыта адзенне, бялізна. Вялікая пятніца — час найвялікшага смутку за ўвесь царкоўны год, бо ў гэты дзень Хрыста ўкрыжавалі.
Гэта дзень найстражэйшага посту. У Вялікую суботу памінаецца пахаванне Хрыста, яго сыход у пекла, абвяшчэнне там перамогі над смерцю і збаўлення душ, што чакалі прышэсця Месіі.
У нядзелю — Вялікдзень, які пачнецца ранішнім набажэнствам у касцёле. Перад імшой традыцыйна адбываецца ўрачысты ход са Святымі Дарамі вакол храма.
Віктар КОРБУТ
Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=31262
|