ВЫКУП
Элемент вясельнага абраду; адгалосак старажытнага шлюбнага звычаю "куплі - продажу" (гл. Умыканне і купля - продаж нявесты) нявесты, таму звычайна звязаны з асобай маладой і рэчамі, што ёй належаць.
Найчасцей абрад В. выконваецца па дарозе маладога да маладой, у час прыезду да яе і калі яе забірае дружына маладога. Аднавяскоўцы "маладой" прымушаюць маладога даваць В. за яе як за члена абшчыны, калі ён пераязджае праз браму (рагатку), якую робяць перад вёскай, калі ўязджае ў двор, уваходзіць у хату маладой, выкупляе месца каля яе, саму маладую (у бацькоў і сябровак), яе касу (у брата).
Абрад В. адбываецца на працягу ўсяго вяселля. Першы В. жаніх дае ў час запоін або заручын дзяўчатам за тое, што адбірае ў іх сяброўку, апошні пасля завівання маладой.
Акрамя таго, жаніх пірагом "плоціць" дзяўчатам за нявесту ў суборную суботу вечарам або назаўтра раніцай, калі прыязджае па яе; выкупляе вянок, які зрабілі дружкі для яе, вывад яе з хаты, пасаг і інш. Характэрна, што В. атрымліваюць маці, брат або сястра маладой, а не яе бацька, што сведчыць пра сувязь яе абраду В. з эпохай матрыярхату.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/10963
ЯК ВЫКУПЛЯЛІ МАЛАДУЮ НАШЫ ПРОДКІ
У структуры традыцыйнага вяселля выкуп нявесты быў адным з найбольш эмацыянальных момантаў, у якім выяўляліся шматлікія рысы нацыянальнага характару: павага да іншых і самапавага кожнага з бакоў, далікатнасць, вытанчанасць манер і дзелавітасць.
У ім прысутнічалі характэрныя для беларускага кірмашу рысы: аднаму боку трэба было як мага больш выгандляваць за незвычайны «тавар», другому – мудрагеліста збіць кошт да мінімуму. Разам з тым у выкупе маладой выразна выяўлялася этнічная асаблівасць «атакаваць» супрацьлеглы бок не паасобку, а талакой, гуртам.
Адначасова кожны з бакоў мог звярнуцца і да «забароненых» прыёмаў: паспрабаваць зняважыць саперніка, закрануць яго за жывое, выкрыўшы ў скупасці і іншых адмоўных якасцях. Відавочна, больш старажытнай традыцыяй з’яўляецца той варыянт, калі дружына жаніха павінна была выкупіць нявесту ў яе старэйшай сястры.
Пазней (з часу, калі мужчына стаў галавой у сям’і) «таргавацца» даводзілася з яе родным братам або хросным бацькам. Часам жаніху прапаноўвалі пазнаць сваю нарачоную сярод іншых дзяўчат, маглі вывесці жаніху падстаўную нявесту – пераапранутую ў маладую старэнькую бабулю.
Аднак пасля выяўлення падмены баярка (старэйшая шаферка) выводзіла тую, дзеля якой збіралася мноства гасцей, і пачынаўся непаўторны гандаль.
Аўтар: «Народная газета».
Крыніца: http://www.belarustime.ru/belarus/nativeword/d6b3fdfb0348204b.html