КАБ МАЛАДЫЯ АДСВЯТКАВАЛІ ЗАЛАТЫ ЮБІЛЕЙ
Пасля заканчэння ўсіх рытуальных дзеянняў да стала маладых падыходзіла маці жаніха, рассцілала на стале той ручнік, на якім маладыя стаялі ў храме падчас шлюбу.
Затым выцірала сурвэткай талеркі, лыжкі, фужэры, якімі карысталіся маладыя, і складвала іх на ручнік. Пасля гэтага здымала «кветкі» жаніха і нявесты, пераплятала іх паміж сабой і таксама клала на ручнік.
Сюды ж клалі вянчальныя свечкі і тую частку каравая, якой надарылі маладых. гэту абрадавую «спадчыну» клалі ў шафу (куфэрак, куфар) і ніколі ў жыцці не развязвалі, лічачы знакам шчаслівага сямейнага жыцця.
Пасля гэтага жаніх і нявеста, а таксама моладзь, пакідалі вяселле. «Сваё вяселле» пачыналі гуляць прадстаўнікі сярэдняга і старэйшага пакалення: з ліку гасцей выбіралі пару пажылых людзей, пераапраналі іх у «жаніха» і «нявесту» і да позняй ночы спявалі, танчылі...
ПЕРШАЯ ШЛЮБНАЯ НОЧ
Рыхтаваць шлюбны ложак для маладых павінна была або родная, або хросная маці жаніха. шлюбная ноч абавязкова праходзіла ў хаце жаніха. Нікога і ні па якой прычыне (у тым ліку самых блізкіх сваякоў) не пускалі ў пакой, дзе будзе праходзіць першая шлюбная ноч маладых.
Перш чым маладыя застануцца ў пакоі адны, камусьці з бацькоў варта тройчы крыжападобна апырскаць пакой і ложак асвячонай вадой.
У якасці абярэга ад уздзеянняў нядобразычліўцаў, якія жадалі пасварыць маладых, маці аб'яўляла, што маладыя будуць спаць у пакоі, рыхтавала ложак, выхвалялася пярынай, але, калі прыходзіў час шлюбнай ночы, яна ціха адводзіла маладых зусім у іншае месца, пра які ніхто нават і не здагадваўся.
Аўтар: Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК, «Звязда».
Крыніца: http://www.belarustime.ru/belarus/nativeword/fe25f9293f6d982a.html