ЖАБРАКІ
Людзі, што існавалі за кошт міласціны і ахвяраванняў. У часы феадалізму і капіталізму жабравала пераважна безмаёмасная насельніцтва: беззямельныя і збеглыя сяляне, гарадская галыцьба – плебс (гл. Лёзныя), а таксама калекі (“уломныя”), хворыя, састарэлыя, сіраты і інш.
Часам жабравалі вандроўнікі – рамеснікі, манахі, салдаты, студэнты і інш., якія па просьбе, “за росказанье” ці проста “па міласці божай” атрымлівалі грошы, бясплатнае харчаванне, начлег і інш.
У бедных сем’ях жабраваць пасылалі дзяцей, каб здабыць сродкі для існавання. Цяжкія ўмовы жыцця, войны, эпідэміі, неўраджаі і інш. фактары абумовілі спагадлівыя адносіны бел. насельніцтва да Ж.: за кошт цэркваў, рэлігійных брацтваў, рамесных цэхаў пры манастырах утвараліся шпіталі, начлежкі і інш. дабрачынныя ўстановы.
Абавязковым лічылася раздача міласціны (т. зв. “ялмужная”) у дні царкоўных, цэхавых, гарадскіх і інш. свят і ўрачыстасцей. У 16 – 18 ст. пры гарадскіх магістратах – радах існавалі спец.
Службовыя чыны – “старасты калецкія”, якія складалі асобныя “рэестры калецкія” і сачылі за жыццём Ж. У 16 – 19 ст. у шэрагу гарадоў Беларусі (Капылі, Магілёве, Слуцку і інш.) існавалі спец. аб’яднанні – “цэхі ўломных”, “брацтвы Ж.” і інш., якія мелі свае ўласныя статусы (“вількеры”), органы самакіравання, часам – прывілеі, касы ўзаемадапамогі і інш.
Часта Ж. каб захаваць свае сакрэты ці сакрэты брацтва, карысталіся ўмоўнымі мовамі (гл. таксама Адверніцкая гаворка, Любецкі лемент, Семажаўскіх жабракоў мова).
Крыніца: http://www.rv-blr.com/dictonary/view/13103