МЯДЗВЕДЖАЕ СВЯТА
04.04.2008
На Беларусі 6 красавіка святкавалі “Камаедзіцу” -- старажытнае славянскае свята пакланення мядзведзю. • Лічылася, што менавіта ў гэты дзень мядзведзь прачынаецца ад зімовай спячкі і выходзіць з бярлогі. Каб мядзведзь лёгка прачнуўся ад сну, неабходна было выканаць шэраг рытуальных дзеянняў.
Таму ў гэты дзень рыхтавалі асаблівую ежу -- кісель з аўса, камы з гароху, а таксама ўжывалі сушаную рэпу, таму што мядзведзь харчуецца ў асноўным раслінным кормам.
Ад назвы асноўнай стравы гэтага дня -- камоў -- атрымаў сваю назву і дзень -- Камаедзіца.
• Пасля такога незвычайнага абеду ўся сям’я, і старыя, і малыя, ішлі адпачываць, але не спаць. Яны апраналі кажухі, вывернутыя воўнай наверх, мазалі твары сажай.
У такім выглядзе яны сапраўды нагадвалі мядзведжую сям’ю. Трэба было абавязкова варочацца з боку на бок, як гэта робіць мядзведзь у бярлозе. Пасля такіх дзеянняў уся сям’я зноў садзилася за стол і працягвала святкаваць. А затым наладжвалі танцы, імітуючы рухі мядзведзя.
• У гэты дзень катэгарычна забаранялася прасці. Лічылася, што ў такім выпадку лета будзе мокрае, з частымі дажджамі. А той, хто будзе насіць адзенне з тканіны, сатканай у гэты дзень, будзе хварэць.
• Напярэдадні Благавешчання палілі старыя саламяныя пасцелі, абкурвалі дымам зімовае адзенне, каб адагнаць нячыстую сілу.
• У ноч на Благавешчанне не тушылі святло ў хаце -- каб лепей радзіў лён.
• Напярэдадні Благавешчання не аднімалі цяля ад каровы: лічылася, што ў гэту ноч каровам асабліва шкодзяць ведзьмакі, але Боская Маці абараняе тых кароў, побач з якімі ёсць цяля.
Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=20878
СВЯТА Ў ГОНАР МЯДЗВЕДЗЯ
26.03.2009
Такое свята на самай справе было зафіксавана ў Докшыцкім раёне (ваколіцы Бягомльшчыны) Віцебскай вобласці. Яно адзначалася 6 красавіка (24 сакавіка па старым стылі), якраз напярэдадні Благавешчання, або Звеставання, і атрымала незвычайную назву -- Камаедзіца.
Акрамя Камаедзіцы беларуская сакральна-абрадавая традыцыя так ці інакш узгадвае мядзведзя на Каляды і ў чацвер на Масленічным тыдні або 24 лютага -- у дзень ушанавання бога-ахоўніка Вялеса.
На Сорак пакутнікаў (22 сакавіка) мядзведзь павінен быў пакінуць сваё лежбішча. Існавала прыкмета: калі мядзведзь, разбуджаны веснавым цяплом, выйдзе з бярлогі і ўбачыць свой цень, то ён вернецца назад і праспіць яшчэ сорак дзён, бо столькі будуць працягвацца замаразкі.
Канчаткова мядзведзь пакідаў сваю зімовую бярлогу 7 красавіка -- на Благавешчанне. У асяроддзі паўднёвых славян таксама існавалі “мядзведжыя дні”. 11 студзеня балгары адзначалі дзень святога Савы, які ахоўваў людзей ад мядзведзяў. У якасці падарунка-ахвяравання варылі кукурузную або аўсяную кашу і пакідалі яе нанач.
У гэты ж самы дзень строга забаранялася хадзіць у лес, узгадваць мядзведзя ў гаворцы, працаваць, запрагаць хатнюю жывёлу. 21 ліпеня балгары адзначалі яшчэ адзін мядзведжы дзень, паколькі лічылі, што функцыю ахоўніка ад дзікага звера выконвае і святы Пракоп. Аналагічныя падзеі разгортваліся і ў дзень святога Андрэя -- 13 снежня.
Прычым у гэты дзень абмежаванняў у характары працоўнай дзейнасці было яшчэ больш. На Камаедзіцу калісьці рыхтавалі асаблівую ежу. На першую страву гатавалі сушаны рэпнік -- у знак таго, што мядзведзь ужывае пераважна раслінную ежу. На другую страву падавалі жур (аўсяны кісель), таму што мядзведзь любіць авёс.
А вось месца трэцяй рытуальнай стравы займала гарохавая каша, якая разварвалася або ўправала так, што калі яе падавалі на стол, то яна была ў выглядзе камоў (камкоў, камякоў). Менавіта каша і стала асновай для назвы абраду (“есці камы”) і свята, падчас якога ён выконваўся.