ДЗЕДАВІЦА

ВЫПЯКАННЕ ПТУШАК
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 32
    Гасцей: 32
    Карыстальнікаў: 0

    ПТУШКІ -- ВЕСТУНЫ ВЯСНЫ

    Адным з абавязковых абрадаў гукання вясны было выпяканне “птушак”. Як звычайна на золку гаспадыня распальвала печ, але пры гэтым звярталася да агню, як да жывой істоты, з кароткай формулай-замовай або малітвай. Затым з жытняй мукі рыхтавалася цеста, з якога трэба будзе выпечы значную колькасць “галушак” у выглядзе птушак (жаўранкаў, вераб’ёў, качак, “чырачак”).

    Выпяканне птушак і найперш “жаўранкаў” тлумачыцца тым, што якраз гэтыя птушкі з’яўляліся першымі і самымі раннімі вестунамі набліжэння цяпла. Назіранні за паводзінамі птушак дапамаглі нашым продкам бездакорна арыентавацца ў зменах прыроды.

    Яны маглі прадказаць надвор’е як на некалькі дзён наперад, так і на больш аддаленую перспектыву, што было для селяніна надзейным прадказальнікам для правядзення адпаведных земляробчых работ.

    Напрыклад, ранні прылёт ластавак прадказваў дружную вясну. Лічылі, калі гракі прыляталі раней святой Аўдакеі (14 сакавіка) -- быць лету мокраму.

    Лепшым тэрмінам прылёту гракоў лічылі 17 сакавіка -- дзень ушанавання святога Герасіма, на Беларусі казалі так: “Святы Герасім гракоў прыгнаў”; “Калі гракі сядзяць ужо ў гнёздах -- вясна будзе дружная, праз тры дні можна выходзіць на поле; калі лётаюць бязмэтна або іх увогуле не відаць -- вясна будзе позняя”.

    Вялікая колькасць прымет звязана з бусламі, шпакамі, варонамі, жураўлямі і некаторымі іншымі відамі птушак. Паралель прасочвалася самая непасрэдная. З далёкага выраю птушкі прыляталі ў пэўнай паслядоўнасці: “На Саракі, паводле народнага павер’я, вылятае з цёплага краю вястун вясны жаваранак; пасля яго -- гракі, што бывае за 12 дзён да адкрыцця вады; потым качкі і журавы і нарэшце зязюля, якая, як кажа народ, пачынае кукаваць за 12 дзён да святога Георгія (6 мая)”.

    Апошнімі прыляталі салаўі -- птушкі кахання. Да птушак беларусы ставіліся як да істот, якія звязаны з вы-Раем -- месцам знаходжання душ памерлых продкаў. Таму іх прылёт з Выраю ўспрымаўся абвесткай новага жыцця, адушаўлення-ажывання прыроды. Разуменне зместу дадзенай міфалагемы дазволіць нам патлумачыць некаторыя асаблівасці пэўных абрадавых дзеянняў.

    Да выпякання “птушак” гаспадыня запрашала дзяцей. Яны пры дапамозе спецыяльных папяровых або драўляных форм выразалі з цеста выявы птушак і клалі іх на хлебную лапату або на капусныя лісты, а потым на патэльню. Колькасць “птушак” вагалася ў залежнасці ад мясцовай традыцыі -- недзе ад дваццаці да сарака.

    Такое вялікае разыходжанне тлумачыцца тым, што сорак галушак выпякалі ў тым выпадку, калі гуканне вясны праводзілася адначасова з Саракамі. Палявыя запісы, зробленыя ў канцы 20-га ст. студэнтамі Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Ф.Скарыны пад кіраўніцтвам В.С.Новак, яскрава сведчаць пра тое, што фактычна ў кожным раёне Гомельшчыны былі свае адметнасці ў выкананні абрадаў гукання вясны.

    Вось толькі некаторыя з іх: -- у Рэчыцкім раёне птушак не выпякалі, а рабілі з гліны. Моладзь бегала з імі па вёсцы, падкідвала ўгару і спявала песні-вяснякі:

    А святое Благавешчанне,

    А святое Благавешчанне,

    Благаславі, Божа.

    Дай, Божа, вясну красну

    Да на цёплыя лета,

    Да на густыя жыта,

    На густыя, ядраністыя,

    Коласам каласістыя!

    А ў полі -- капамі,

    А ў клеці -- караблямі.

    -- у Буда-Кашалёўскім раёне рабілі птушкі-свісцёлкі, у якія хлапчукі спачатку свісталі, а затым гучна казалі:

    Прыйдзі, вясна, прыйдзі, красна,

    Адамкні лецечка, замкні зімачку.

    Адразу пасля таго як печыва дастануць з печы, гаспадыня выконвала абавязковае рытуальнае дзеянне -- кідала назад у печ адну “птушачку” -- прыносіла ахвяру, можа, вясне, можа, агню, можа, добраму духу хаты...

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=30142




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz