“БЕЗ ТРОIЦЫ ДОМ НЕ СТРОIЦЦА”
НАЙБОЛЬШ СПРЫЯЛЬНЫ ЧАС, КАБ ЗАКЛАСЦІ ПАДМУРАК
Нашы продкi дакладна ведалi, што прырода з’яўляецца адзiным жывым арганiзмам, якi падпарадкоўваецца законам Космасу i перш за ўсё прыродным цыклам, звязаным з рухам Сонца i Месяца па небасхiле. Тут мы зноў не абыдземся без фундаментальнага прынцыпу народнай культуры “падобнае спрыяе падобнаму”.
Якраз таму найбольш спрыяльным часам для нарыхтоўкi будаўнiчых матэрыялаў для будучага жытла лiчыўся перыяд пачатку вясны (сакавiк—красавiк), калi дрэвы “ажывалi” пасля зiмовага спачыну i напаўнялiся “навалетнiмi” сокамi зямлi. Новы вiток (цыкл) у жыццi павiнен быў паспрыяць “зачаццю” новага жыцця ў будуемым жытле.
Другое нябеснае свяцiла — Месяц — самым непасрэдным чынам уплывае на стан вады на зямлi. Ад яго (Месяца) залежаць не толькi прылiвы i адлiвы ў марах i акiянах, яму падпарадкоўваецца ўся зямная вiльгаць, у тым лiку баланс вады ў арганiзме чалавека, усiх жывых iстот, раслiн i дрэў. Калi Месяц знаходзiцца ў растучай фазе, ён “прыцягвае” да сябе сокi зямлi i накiроўвае iх да вершалiны дрэва.
У гэты час пачынаюць актыўна расцi тыя раслiны, якiя даюць плады ў надземнай частцы. Калi ж начное свяцiла пераходзiць у сваю “старэючую” фазу (збыту), жыццёвыя сокi раслiннага свету накiроўваюцца да каранёў. У гэты ж час набiраюць моц караняплоды. Якраз у гэты непрацяглы перыяд нашы продкi iмкнулiся займацца нарыхтоўкай лесу для будаўнiцтва хаты.
Дрэва ўжо “ажыло”, але колькасць вiльгацi ў iм самая мiнiмальная. Вось такi стан драўнiны гарантаваў яе максiмальную захаванасць, што i патрэбна было чалавеку, якi ўзводзiў сваё жытло на цэлы век. Беларускiя сяляне iмкнулiся выбiраць тыя дрэвы, у якiх быў тоўсты стрыжань — смалiстая сарцавiна, а абалонь, наадварот, як мага танчэйшая.
Калi пачыналi падсякаць дрэва, а яно нечым не спадабалася спрактыкаванаму воку цесляра, яго пакiдалi на дровы, а самi пераходзiлi да наступнага. Здаралася так, што людзям не спадабалiся першыя тры дрэвы. У такiм выпадку работа спынялася (бо гэта лiчылася кепскiм знакам), i людзi адпраўлялiся дадому. Пачатак адказнай справы пераносiўся на наступны дзень.
ВЫЗНАЧЭННЕ ЧАСУ ДЛЯ ПАЧАТКУ БУДАЎНIЦТВА
У сiстэме традыцыйных усходнеславянскiх абрадаў каляндарнай i сямейна-родавай накiраванасцi самая значная ўвага надавалася сiмволiцы пачатку, або першага, што адпавядала яшчэ аднаму асноватворнаму прынцыпу фармiравання культурных каштоўнасцей: “як пачнеш (сустрэнеш), так яно i будзе”. Будаўнiчы абрад закладвання падвалiн таксама ўлiчваў гэты сакральна-магiчны фактар як адзiн з вызначальных у далейшай долi будучых гаспадароў.
Пры гэтым, безумоўна, улiчвалася i геаграфiчнае месцазнаходжанне, i павер’i, звязаныя з зямлёй, яе “сном”, “зачаццем” i “нараджэннем” новага ўраджаю. Сярод беларусаў пераважала правiла: “Без Троiцы хата не строiцца”. Да веснавога дня ўшанавання памерлых (Радаўнiца) чапаць зямлю не дазвалялася, таму самым распаўсюджаным для пачатку будаўнiцтва быў перыяд ад Радаўнiцы да Тройцы.
Будаўнiцтва распачыналi толькi на растучай фазе Месяца (на маладзiку). А ў асобных мясцiнах першыя падвалiны закладвалi на сёмы дзень новага Месяца або на сёмы дзень пасля поўнi (ужо “на старыку”), каб гаспадары хаты дажылi да сталага веку. На Украiне новабудоўлю распачыналi ў днi ўшанавання тых святых, якiя лiчылiся ахоўнiкамi сям’i, дамашняга ачага i сямейнага дабрабыту.
Меркавалi, што ў такiм выпадку будаўнiцтва будзе завершана своечасова, а сама будынiна ўвесь век будзе знаходзiцца пад патранатам нябесных сiл. На Беларускiм Палессi шырока распаўсюджанай была традыцыя закладваць дом у дзень нараджэння гаспадара. Неспрыяльнымi для пачатку будаўнiцтва лiчылiся панядзелак, серада i пятнiца.
Адпаведна перавага аддавалася такiм дням, як аўторак, чацвер i нядзеля. У некаторых славянскiх народаў улiчваўся яшчэ адзiн немалаважны фактар — час сутак. Так, паўднёвыя славяне аддавалi перавагу цi часу перад самым усходам Сонца, цi з дзевяцi да дванаццацi гадзiн дня. Пры гэтым шапталi простыя, але вельмi глыбокiя па сэнсу словы: “Як дзень расце i развiваецца, так павiнен расцi i развiвацца новы дом”.
Адразу ж на памяць прыходзяць некаторыя матывiроўкi астролагаў адносна часу нараджэння чалавека: калi ён нарадзiўся ранiцай, усё будзе паспяваць рабiць своечасова i пражыве доўгi век.
Як бачым, крок за крокам мы ўсё больш i больш пераконваемся ў тым, што ўсё тое, што спадарожнiчала будаўнiцтву дома, нагадвала час вялiкага першатварэння свету. Толькi ў дадзеным выпадку творцам свайго зямнога небасхiлу быў сам чалавек.
Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=30527