“ПАДОБНАЕ ВЫКЛІКАЕ ПАДОБНАЕ”
Яшчэ адным фундаментальным прынцыпам народнай культуры з’яўляецца прынцып падабенства: падобнае выклікае падобнае. Гэты прынцып пранізвае-цэментуе практычна ўсе рытуальна-абрадавыя комплексы беларусаў, усе святы традыцыйнага календара і жыццёвага кола чалавека. Ён базіруецца на неабсяжным полі прыродных і сацыяльных асацыяцый.
Фактычна ўся вясельна-абрадавая паэзія створана на аснове цеснага перапляцення ўнутранага стану чалавека і яго гарманічнага суладдзя са станам прыроды. У гэтым рэчышчы разгортваюцца шматлікія абрады, выкарыстоўваюцца магічныя атрыбуты, прадметы навакольнага асяроддзя. Напрыклад, на вяселлі маладых садзілі на вывернуты кажух, каб яны былі багатымі і мелі шмат дзяцей.
Моладзь перадшлюбнага ўзросту не дапускалі да ўдзелу ў пахавальным абрадзе, як і не дазвалялі прысутнічаць за памінальным сталом, каб яна магла захаваць здольнасць нарадзіць дзяцей і прадоўжыць свой род.
На навагодні стол ставілі дванаццаць страў, каб кожны месяц года быў такім жа багатым і разнастайным. Асаблівае пашырэнне гэты прынцып атрымаў у кантэксце абраднасці, звязанай з цяжарнасцю жанчыны: ёй нельга было глядзець на непрыгожых людзей, каб, крый Божа, не нарадзілася непрыгожае дзіця.
Рэдактар выдавецтва, жанчына ўжо сталых гадоў, падчас працы над рукапісам нашай кнігі ўзгадала, як у раддоме да яе падышла санітарка і параіла схаваць яе любімую цацку — чабурашку, маўляў, у прыродзе такіх звяроў няма, таму цяжарнай жанчыне глядзець на падобныя дзівосы не пажадана.
Узгаданыя вышэй прынцыпы з’яўляюцца свайго роду універсальным ключом-дэшыфратарам, з дапамогай якога мы паспрабуем пранікнуць у разгорнутую сістэму вясельных рэгламентацый, зразумець сэнс асобных рытуальных дзеянняў і адначасова механізм уключэння бліжэйшых сваякоў або сяброў і аднавяскоўцаў у кола абавязковых удзельнікаў традыцыйнага вяселля.
Прынцып падабенства прадпісваў: у цэнтры вясельнага святкавання павінны быць тыя людзі, сямейнае становішча і сацыяльны статус якіх адпавядаў нормам і ідэалам паўнавартаснасці, шчаслівага лёсу, парнасці, дабрачыннасці.
У той жа час з ліку людзей, непасрэдна задзейнічаных у правядзенні вясельнага абраду, выключалі тых, хто меў якую-небудзь недасканаласць, неадпаведнасць, непаўнавартаснасць, рознага кшталту хібы: людзей разведзеных, удаўцоў, жанатых другім шлюбам, у каго памерла шмат дзяцей, бяздзетных, тых, хто да сарака год не стварыў сваю сям’ю, адным словам, тых, у каго была не зусім шчаслівая доля.
Аксана Катовіч, Янка Крук
Крыніца: http://www.belarustime.ru/belarus/nativeword/db744691e26d37c5.html
|