“КРЫЛІШЧЫ» Ў ТРАДЫЦЫЙНАЙ ПЕДЫЯТРЫІ БЕЛАРУСАЎ:
МІФАЛАГІЧНЫ АНАМНЕЗ
Таццяна Валодзіна 15.10.2008 г. 1688
У даволі шматлікім рэестры хваробаў, ад якіх пакутвалі колішнія беларусы, сустракаюцца найменні, ідэнтыфікаваць якія з пазіцый так званай навуковай медыцыны не ўяўляецца магчымым. За кожным з такіх тэрмінаў — дадзеныя не толькі чыста медыцынскага плану, але і цэлыя комплексы міфалагічных уяўленняў.
Да ліку такіх, багатых на міфалагічныя падтэксты, адносяцца каўтун, падвей, сцень, сурокі і інш. Звяртае на сябе ўвагу і той факт, што большасць дадзеных пра дзіцячыя хваробы гэтаксама не знаходзіць адэкватных адпаведнікаў у афіцыйных медыцынскіх энцыклапедыях.
У беларусаў да такіх зміфалагізаваных хваравітых станаў дзіцяці залічваюцца знос, шчэпіны, вадзяніцы, крактуны, крылішчы і інш. У дадзеным выпадку паспрабуем вызначыць міфалагічны анамнез крылішчаў і ахарактарызаваць іх народную тэрапію.
СІМПТАМАТЫКА
Пакутуюць на гэтую хваробу толькі дзеці груднога ўзросту, у асобных запісах падкрэсліваецца: ««Як малэньки, до шэсти месяцэ, буўають крылыска»[1]. На спінцы ў немаўляці з’яўляюцца поўстка, пупырышкі «між крыламі», пачынаецца сверб, ад якога дзіця не спіць, крэкча, варочаецца («будуть як голочка колоты ребёнку, шо нэ можэ спаты»,» будэ шэрсть на рэбьонку и вин будэ плакаты"[2]).
ЭТЫЯЛОГІЯ
Прычынаю пакутаў дзіцяці адназначна называюцца няправільныя паводзіны яго маці ў часе цяжарнасці. Рэгламентацыя паводзінаў цяжарнай жанчыны ўлучае забароны празмернага кантактавання яе з хатняй жывёлай і птушкамі, асабліва падкрэсліваецца недапушчальнасць біць іх нагою: «Цяжарнай жанчыне нельга было пінаць куру, бо дзіця будзе крахтаць, варочацца»[3].
Да непажаданых вынікаў прыводзіла і празмернае захапленне цяжарнай жанчыны стравамі з птушкі і асабліва абсмоктванне птушыных костачак -»Калі ў час цяжарнасці маці любіла абгрызаць і абсмоктваць курыныя косці, дзіця будзе хварэць на небяспечную і непрыемную хваробу — крылішчы, у час якое пакутуюць ад свербу паміж «крыламі»[4].
У іншых запісах этыялогія немачы зводзіцца да таго, што цяжарную «пераляцела» варона ці якая іншая птушка[5] альбо «да нигдэ мо курица пробигла чэрэз ноги»[6]. Такім чынам, дзіця, будучы яшчэ ва ўлонні маці, якое сімвалічна раўнавалася да тагасветаў, праз кантактаванне з птушкай (жывёлай) набіраецца іх уласцівасцяў, перадусім, у яго з’яўляецца поўсць, пупырышкі і пад.
Празмерны, нерэгламентаваны кантакт цяжарнай жанчыны з птушкамі адкрывае доступ інфернальных сілаў да дзіцяці, актывізуе хваробатворнае ўздзеянне іншасветаў на маленькага чалавека. Такое звышнатуральнае аваласенне ўзмацняе хтанічную кампаненту ў дзіцячым цельцы і паўстае як маркёр прыроднасці дзіцяці, яшчэ не пераадоленай прыналежнасці да іншасвету.
Да яго канчатковага замацавання ў соцыуме, прызнання за паўнавартаснага чалавека, патрабуецца пэўны перыяд, у час якога немаўля паступова збывае ўсе прыкметы і ўласцівасці таго свету. Да ліку захадаў, накіраваных на паўнавартаснае ўваходжанне дзіцяці ў «свой» свет, скіроўвалася і рытуальна-магічнае пазбаўленне ад «крылішчаў».
Праяўленне «чужога» менавіта ў «валасатых» сімптомах знаходзіць падтрымку ва ўяўленнях пра іншыя хваробы ды чарадзейства наогул. Прычына блізкіх па сімптомах да «крылішчаў» крактуноў гэтаксама зводзілася да пазанарматыўнага кантактавання жанчыны з хатняй жывёлай — «Як бярэмінная нагой ката падкідаіць, тады рабёнак ня спіць, галавой круціць, крэкчыць.
Тады свежым хлебам качалі мякішам па спіне, а хлеб сабаку ці каму. Буваіць, неяк хлеб разадраць, так валасоў начапаіцца»[7]. Інтэрвенцыя іншасветаў у мікракосм чалавечага цела якраз і праяўляецца ў празмерным з’яўленні валасоў, як звонку, так і знутры. Да прыкладу, М.Федароўскі прыводзіць расказ пра тое, як лекар цэлы год лячыў зачараванага і нічога не мог зрабіць, знахар жа даў яму піць попелу з коміна.
У выніку хворы званітаваў клубок валасоў, які калісь «задала яму нейкая баба ў гарэлцы»[8]. Выдаленне валасападобнай хваробатворнай існасці з цела пры дапамозе попелу і воска назіраецца і ў тэрапіі валасня — «праз перавернутае рэшата прасейваюць трошку попелу і разводзяць яго ў цёплай вадзе; гэтым шчолакам абліваюцца потым язвы валасня праз асвечаную траву альбо праз падрыхтаваныя пучкі каласоў»[9].
Падкрэслена як валасяніца ў асобных раёнах Гродзеншчыны называецца дзіцячая хвароба, якая выражаецца ў начным плачы[10] і больш вядомая як начніцы. Беларусы ў гэтым рэгіёне начніцу як хваробатворнага духа ўяўлялі якраз у выглядзе чарвяка: «Ёсць такі чарвяк, чорны, кудлаты, ён называецца начніца, то ён як прапаўзе пад калыскай, то дзіця будзе плакаць па начох і спаць не будзе»[11].
У Вілейскім раёне хатні дух, які трывожыў ноччу людзей і пужаў іх у сне, так і называўся — валасень, хаця і ўяўляўся ў выглядзе аброслай доўгай поўсцю істоты[12].
Фактычна дзеці сваім знешнім выглядам прыпадабняліся да «кудлатага чарвяка», бо іншасвет, завалодаўшы дзіцем, боль-чарвяк, які прысутнічае ў целе ад самага нараджэння, як бы пачыналі прабівацца вонкі. У вераваннях сялян Валагодскай губерні, дзіцяці не дае спаць так званая «щетинка», якая зараджаецца ў целе ад «родимой грязи» і ўночы выходзіць на спінку і плечыкі дзіцяці[13].
ТЭРАПІЯ
У рэчышчы разумення хваробы як інтэрвенцыі ў цела чалавека дэманічнае існасці альбо актывізацыі «адпрыроднай» хтанічнай кампаненты лекаванне ў якасці дамінавальнай вылучала ідэю выдалення «чужога» і наступнае ўзнаўленне страчанай раўнавагі.
Уласна выдаленне меркавала найперш своеасаблівую матэрыялізацыю сімптома, канцэнтраванне валосікаў, поўсткі, якія не давалі дзіцяці спакою, у матчыным малацэ. Гл. да прыкладу: «Чи кота удариты ногою, чи собаку, чи свинню — нэльзя ногою удариты, будэ шэрсть на рэбьонку и вин будэ плакаты. Крылишча будуть. Уозьмуть с грудэй молока да нацыдять да гэ труть (адваротным бокам далоні па спіне), да повылазыть шэрсть така, би от кота, от собаки, як бьеш»[14].
Замест малака скарыстоўвалася і сліна — «Трэба пуд жыўатыком наслаты пелёночку и гэ прамо ныякыю ўодычкою тэплою, плюнуть на ту спынку слынэю да так потрэ гэтою рукою, а оно нишчо такое и выкачваецца»[6]. Хвароба, будучы своеасаблівай рэплікай тагасветаў, разам з тым выдалялася з цела менавіта з яго дапамогаю — «Хвароба хутка мінецца. калі тры дні запар церці месца, якое цярэбіцца, крыламі жывой чорнай курыцы, кожны раз прыблізна па паўгадзіны»[16].
Народная тэрапія і ў гэтым выпадку прадпісвала зварот да найбольш тыповага прадстаўніка хтанічных сілаў у хатняй гаспадарцы і адначасова медыуму паміж светамі — да чорнай курыцы. Да таго ж пры асобных фіксацыях пёркі вырываліся ў яе з-пад крыла — месца, сімвалічна тоеснага да пахі ў чалавека, локуса з яркай замагільнай, дэманічнай, медыятыўнай семантыкай.
«Баба клала дзіця ніцма, накрывала яго ночвамі. З-пад крыла чорнае курыцы вырывала дзевяць перын, вязала іх па тры ў тры пучкі, секла на ночвах нажом. Маці выходзіла за дзверы і пытала: „Што сячэш?“ — „Крылішча“. — „Сячы, каб не было“. І так тры разы»[17].
Такія пёры станавіліся сімвалічным рэпрэзентантам самое хваробы як праявы іншасвету і належылі да «рассячэння». У Капыльскім раёне зафіксаваны і такі варыянт лекавання: «То трэба злавіць курыцу, павысякаць у яе крылішчы або пасекчы пяро. Або палажыць дзіця на парог і пастукаць сякераю па парозе, г. зн. высякалі крылішчы»[18].
МЕСЦА КРЫЛІШЧАЎ У НАРОДНАЙ ПЕДЫЯТРЫІ
Назіраем заемаперасячэнне і ўзаеманакладванне сістэмаў, звязаных з крылішчамі і крактунамі, як на роўні тэрміналогіі, так і рытуальнай тэрапіі. Абмежаваная пакуль колькасць фіксацый не дазваляе з упэўненасцю абмаляваць іх рэгіянальнае распаўсюджанне, бо ўяўленні, звязаныя з крылішчамі, зафіксаваныя ў Віцебскім, Капыльскім, Баранавіцкім і Пінскім раёнах, а з крактунамі — у Лепельскім, Ушацкім, Чашніцкім, Віцебскім, Магілёўскім, Ваўкавыскім раёнах.
У асноўных пазіцыях супадаюць сімптомы, этыялогія і тэрапія гэтых хваробаў. Відавочна, крылішчы звязаныя з пазанарматыўным кантактаваннем цяжарнай жанчыны перадусім з птушкамі, але запісы з Піншчыны паказваюць і на ўлучанасць у такія кантэксты жывёлы: «Кот, собака штоб скрозь ноги нэ пэрэходылы — будуть як голочка колоты ребёнку, шо нэ можэ спаты. Тогды цедять молоко и кладуть ребёнка до сэбэ на колина, стукають по спыны:
Выкатываю крылыска котячий, собачий, курячий, гусячий, свинячий»[19]. У асобных запісах крылішчы і крактуны наогул не дыферэнцуюцца, а лекаванне іх разглядваецца ў адной парадыгме з тэрапіяй пры пярэпалаху — іншасветнае ўмяшанне «выкачвалі» хлебам: «Калі неасцярожная маці ў час цяжарнасці дапусціла жывёлу „цірнуцца выма ляшык“, то ў дзіцяці хутка з’явіцца на спіне „шаростка“ ці нават пер’е, гледзячы па роду жывёлы.
Як толькі гэта выявілася, дзіця трэба доўга купаць у шчалачной вадзе і потым гэдак жа доўга катаць па спіне хлебным мякішам. Ад гэтага „шаростка“ адстае ад спінкі і прыліпае да мякіша. Гэтую хлебную „катэлку“ трэба аддаць сабаку ці, лепш за ўсё, той жывёле, якая сталася прычынаю хваробы»[20].
Акрамя таго, і крылішчы, і крактуны выяўляюць шэраг агульных рысаў з начніцамі, крыксамі, найменні якіх часам выступаюць у якасці абагуленага абазначэння дзіцячых пакутаў.
Паказальна і тое, што куры маглі спрычыніцца да актывізацыі начніц — «трэба асцерагацца, каб курыца не праляцела часам над калыскаю, бо дзіця будзе мучыцца бяссоннем»[21], і нават яшчэ да нараджэння дзіцяці:
«Это где куры ночуют, беременна ходит…Вот ходить нельзя. Самая это болезнь пристает к ребенку, ночник»[22].
Такім чынам, дзіцячыя хваробы арганічна ўваходзяць у сістэму ўяўленняў, звязаных з самім нараджэннем дзіцяці на свет і паступовым яго зацвярджэннем у якасці паўнавартаснага члена соцыуму.
Крылішчы выступаюць як маркёр прыроднага ў чалавечым целе і мусяць быць выдаленыя ды знішчаныя альбо адпраўленыя ў належную ім прастору. Прафілактычныя і лекавальныя працэдуры сцвярджаюць ідэю неабходнасці гарманічнага суіснавання чалавека і навакольнага свету ва ўсім яго бязмежжы.
[1] Палескі архіў Інстытута славяназнаўства Расійскай акадэміі навук (далей ПА): зап. у 1985 г. Саннікава В. у в. Лапацін Пінскага р-на.
[2]ПА: зап. у Пінскім р-не.
[3] Фальклорны архіў Белдзяржпедуніверсітэта (далей ФА): зап. у 2002 г. Маліноўская А. у в. Чарнагубава Капыльскага р-на ад Байкоўскай Л. І., 1936 г.н.
[4] Тамсама.
[5]Архіў навукова-даследчай лабараторыі беларускага фальклору БДУ (далей АНДЛ): зап. у 1998 г. Лапкоўская Г. у в. Пастарынне Баранавіцкага р-на ад Лапкоўскай Л. П., 1949 г.н.
[6]ПА: зап. у 1985 г. Саннікава В. у в. Лапацін Пінскага р-на.
[7]Зап. аўтарам у в. Лядна Лепельскага р-на ад Халімоненка Г.М.,1925 г.н.
[8] Federowski M. Lud białoruski na Rusi Litewskiej. T. 1. Kraków, 1897. S.136.
[9] Макаренко А. Материалы по народной медицине Ужурской волости Ачинского округа Енисейской губернии // Живая старина. — 1897. — Вып. Ш-1У. С. 70.
[10]Зап. аўтарам у в. Перасельцы Гродзенскага р-на ад Мардасевіч А.І.
[11] Federowski M. Lud białoruski… S. 4.
[12] Зямная дарога ў вырай. Беларускія народныя прыкметы і павер’і. Кн.3. Уклад. У.Васілевіч. Мн.,1999. С. 475. [
13] Власова М. Русские суеверия. Энциклопедический словарь. СПб., 2001. С. 358.
[14]ПА: зап. у 1985 г. Саннікава В. у в. Колбы Пінскага р-на ад Коб-Сілецкай Соф’і Фядосаўны, 1910 г.н.
[15]ПА: зап. у 1985 г. Саннікава В. у в. Лапацін Пінскага р-на.
[16] Никифоровский Н.Я. Простонародные приметы и поверья, собранные в Витебской Белоруссии. Витебск, 1897. С. 44.
[17] АНДЛ: зап. у 1998 г. Лапкоўская Г. у в. Пастарынне Баранавіцкага р-на ад Лапкоўскай Л. П., 1949 г.н.
[18] ФА: зап. у 2002 г. Маліноўская А. у в. Чарнагубава Капыльскага р-на ад Байкоўскай Л. І., 1936 г.н.
[19] Полесские заговоры (з записях 1970 — 1990 гг.) / Сост., подготовка текстов и коммент. Т.А.Агапкиной, Е.Е.Левкиевской, А.Л.Топоркова. М., 2003. С. 73. Зап. у 1981 г. Гура А.В. у в. Лісяцічы Пінскага р-на ад Чэх А.П., 1914 г.н.
[20] Никифоровский Н. Простонароднае приметы…С. 40, № 267. Зап. у в. Веляшковічы Віцебскага пав.
[21] Werenko F. Przyczynek do lecznictwa ludowego // Materiały anrtopologiczno-archeologiczne i etnograficzne. Kraków, 1896. T.1. S. 129—130.
[22] Духовная культура русских Среднего Поволжья. Материалы полевых исследований. Ульяновск, 1999. С.78.
Крыніа: http://kryuja.org/artykuly/valodzina/valodzina_kryliszczy.html