КАЛІ ЗАМУЧЫЛА НЕСПАННЁ
22.01.2008
БЯССОННІЦА.
У народным асяродку лічылі, што чалавек мог пазбавіцца сну, таму што ў хаце пасяліліся нячысцікі жаночага роду: Начніцы, Палуношніцы, Шчакаціхі-будзіхі і г.д. Каб дапамагчы чалавеку, які знямог ад бяссонніцы, народныя лекары раілі:
• не класціся спаць без малітвы, не перахрысціўшыся;
• пад падушку ці ў калыску дзіцяці неабходна пакласці асвечаную на Тройцу зеляніну;
• на парозе хаты пакінуць галінкі асвечанай вярбы;
• можна абкурыць ложак кменам або кропам;
• адным з эфектыўных сродкаў ад бяссонніцы лічыцца падушка, набітая пер’ем курэй з чужых падворкаў.
А яшчэ ў народзе ведалі: каб не “перадаць” сон са сваёй хаты, нельга аддаваць пасля заходу сонца хлебную лапату і жар са сваёй печы; люляць пустую калыску; пакідаць на ноч мокрыя пялёнкі ці адзенне на двары; ваду, якая засталася пасля купання дзіцяці, выліваць на двор.
Тым, каго турбавала бяссонніца,раілі зрабіць так: падысці да акна, пастукаць па шыбе сагнутымі пальцамі і сказаць:
“Гасподзь неба благаслаўляе, раб (імя) засынае. Гасподзь зямлю благаслаўляе, раб (імя) засынае. Гасподзь душу благаслаўляе, раб (імя) моцна спіць.Амін. Амін. Амін”.
ЗАМОВА НА СОН:
“Нашнік-нашнік, жалезны сашнік, адкуль прыйшоў, туды пайшоў, адкуль прыехаў, туды паехаў, адкуль прыляцеў, туды паляцеў. За марамі, за балатамі зарэзалі сем кабаноў, сем бараноў, сем бугаёў. Там кухары гатавалі, у скрыпачку ігралі, з раба (імя) нашнікі знімалі”.
Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=18934
|