ЗНАХАРСТВА
Вядомы са старажытных часоў прымітыўныя спосабы лячэння, якія суправаджаліся рознымі рытуаламі. Спачатку З. не аддзялялася ад народнай медыцыны, пазней адасобілася я к лячэбная магія і выкарыстоўвалася ў інтарэсах рэлігійнага культу. З. паступова ператваралася ў сродак узбагачэння саміх знахароў.
З развіццём грамадства змест, формы і віды З. істотна мяняліся. Знахар для лячэння розных хвароб выкарыстоўваў замовы, магічныя дзеянні, травы. Да знахара звярталіся з такімі хваробамі, як “пярэпалахі”, ці “спуджанне”, “порча”, “суроцы” (хваробы ад ліхога вока), “падвей” (ад скразняка), “прыстрэк”, “крыкса-плакса” і інш.
Звычайна знахары спецыялізаваліся на якой-небудзь адной хваробе: адны з іх лячылі “рожу” (рожыстае запаленне скуры), другія – “вогнік” (высыпка, лішаі на скуры), трэція – “крыксу-плаксу” і г.д. Некаторыя знахары валодалі пэўнымі ведамі ў гал. Народнай медыцыны, ведалі мясцовую флору, збіралі зёлкі і рыхтавалі з іх настоі, адвары, розныя мазі.
У аснове лячэбнай магіі ляжала вера ў звышнатуральныя сілы, у тое, што чалавек пры пэўных абставінах можа паўздзейнічаць на гэтыя сілы. Пэўную падтрымку містыка-рэлігійных уяўленняў на прычыны хваробы і спосабы лячэння з дапамогай “святой” вады і малітваў зрабіла царква са сваім культам святых, малебнамі, хрэснымі ходамі да “святых мясцін”, прошчаў і інш.
Распаўсюджанне З. было выклікана адсутнасцю медыцынскай дапамогі, невуцтвам і забабонамі. У наш час з ростам культуры і дабрабыту народа, з шырокай сеткай бясплатнага медыцынскага абслугоўвання і пашырэннем санітарнай асветы З. хутка знікае. З. ў СССР караецца законам.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/13933
|