КРОТ
Жывёла, стасоўная ў міфалагічнай традыцыі з хтанічным светам і таемнымі (магічнымі) здольнасцямі. Паводле беларускіх легендаў, К. у часы стварэння свету ўступіў у канфлікт з Богам, адмовіўшыся будаваць дарогу (падкопваючы “райскія сады”), за што і быў асуджаны на падземны лад жыцця, слепату і смерць пры перасячэнні дарогі.
Сувязь К. з хтанічнай сферай (светам нябожчыкаў) выяўляецца ў звышнатуральных здольнасцях і ў адмысловай знакавасці ягоных паводзінаў. Так, чалавек, які вымазаў рукі свежай крывёю забітага К., атрымліваў здольнасць лячыць рукамі хваробы жывата (жывот як “ніз” у структуры чалавечага цела). Каб паляўнічая стрэльба “не жывіла” (г. зн. біла насмерць), трэба было пад яе рулю пакласці лапку К.
Калі К. пачынаў рыць зямлю ў хаце, гэта азначала, што неўзабаве сярод сямейных з’явіцца нябожчык, калі ж ён з-пад снегу выкідваў кратавіне – зіма абяцала быць лёгкай. Шэраг народных уяўленняў быў заснаваны на фізічных асаблівасцях К. (чорная ільсняная скурка, маленькія, “сляпыя” вочкі, шасціпалыя канечнасці).
Напрыклад, цяжарным забаранялася забіваць К. ці пляваць на яго. У зваротным выпадку павінна было нарадзіцца сляпое ці шасціпалае дзіця. Калі ў коней “навожывалася” (здзіралася, крывавіла ад працы) скура, эфектыўным сродкам лячэння з’яўляліся мёртвы К., павешаны ў стайні. Каб прываражыць (“ухапіць”) каханага, раілі адарваць ад жывога К. лапку і “пачвэркаць” ёю гэтага чалавека (Смаргонскі р-н).
Эфектыўным сродкам барацьбы з К. як шкоднікамі ў сельскай гаспадарцы лічыўся жывы рак, упушчаны ў яго нару, ці паліца ад сахі, якой перагароджвалі хады К. Пасля падобных мерапрыемстваў К. або сыходзіў з гэтае зямлі ці нават здыхаў.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/2782
|