КУМЯЛЬГАН
Пачаткова, відаць, эпітэт аднаго з субстратных балцкіх багоў-апекуноў коней (параўн. лат. Kummels “жарабя”; конь ( у фальклоры)”, ganit “пасвіць”, літ. Kumele “кабыла”, ginti “гнаць на пашу”), гіпатэтычна – Аўсеня. У пазнейшыя часы галоўныя функцыі гэтага персанажа перайшлі пераважна на св. Юр’я, а сам К. апынуўся ў шэрагу шматлікіх ліхіх духаў народнай дэманалогіі, увабраўшы ў свій вобраз рысы, уласцівыя Хлеўніку або Канёўніку.
Паводле народных уяўленняў, галоўнае прызначэнне К. – усяляк мучыць і псаваць коней, або заганяючы і душачы іх, або падмешваючы ў пошар якую атрутную расліну, або выкрадаючы коней ці жарабят у начным і пакідаючы іх на здабычу драпежнікам. Апошняе таксама збліжае вобраз К. з традыцыйным вобразам св. Юр’я як апекуна коней, бо лічылася, што конь, зарэзаны ваўком у начным, быў ахвярай гэтаму святому, а сам ён, як вядома, быў валадаром ваўкоў.
Апрача таго, К. вылучаўся хітрасцю і выкрутлівасцю, мог мяняць сваё аблічча, рабіўся неадрозным ад коней таго ці іншага гаспадара, і гаспадары часам, падманутыя К., самі пускалі яго ў свае стайні. Здольнасць К. прыпадабняцца да коней таксама збліжае яго з латышскім Усыньшам. Характэрная міфалагічная іканаграфія К.
Беларусы ўяўлялі яго як істоту падвойнай прыроды: чалавечай і конскай. К. меў чалавечае тулава, рукі і ногі, пакрытыя конскай поўсцю, конскую галаву і капыты на руках і нагах. Ён мог перасоўвацца і як чалавек, і як конь, г. зн. на двух або чатырох канечнасцях. Гэтым К. падобны да свайго антаганіста Вазілы.
Падвойная прырода К. дазваляе меркаваць пра яго тыпалагічную і, магчыма, генетычную сувязь з такімі персанажамі індаеўрапейскіх міфалогій, як ведыйскія Ашвіны, старагрэцкія Дыяскуры і кентаўры, латышскі Усыньш, і некаторымі іншымі, а таксама з эпічным (казачным) персанажам Кабылін сын.
Падабенства да Ашвінаў, Дыяскараў і Усыньша (які мае двух сыноў) узмацняецца парнасцю К. і Вазілы, у чым можна бачыць беларускі рэфлекс архаічных індаеўрапейскіх блізнечых міфаў, у якіх вельмі часта разыгрываецца тэма апазіцыйнасці і нават канфліктнасці братоў-блізнятаў, даволі выразная ў міфалогіі балцкіх народаў.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/2853
|