ДЗЕДАВІЦА

МОКАШ, МАКОШ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    МОКАШ, МАКОШ

    Віктар Каралькоў.

    Адна з багіняў славянскага (“кіеўскага) пантэона. У пералічаным “Аповесцю мінулых гадоў” спісе багоў, ідалы якіх былі пастаўлены Уладзімірам у Кіеве, М. з’яўляецца адзіным жаночым персанажам і згадваецца апошняй. Пра яе паведамлялася таксама ў “Слове некоего Христолюбца”.

    У рукапісе XIV ст. “О требокладении идольском» адзначана пра ўшанаванне жанчынамі М. і пра тое, што існавалі адмысловыя служкі гэтага культу, жрыцы – ідаламольцы: “… и Макошъ и да ище ся не явъ молять, да стаи призываюче идоломольц бабы, то же творят не токмо худши люди, нъ и богатых мужин жены”.

    Цікава, што ў гаворках Падмаскоўя слова “мокосья” абазначае жанчыну лёгкіх паводзінаў. Тое, што М. мела дачыненне да сексуальнага жыцця, вынікае з “Слова некоего Христолюбца”: “И Мокошъ чтут и Кылоу; и Малакию иже есть роучьный блоудъ велми почитают, рекуще Буякини”. На думку Г. Ільінскага, сувязь М. з сексуальным жыццём “вынікае з яе суседства з малакіяй ці рукаблюддзем”.

    У перакладзе з грэцкай мовы слова “малакія” азначае “спешчанасць, раслабленасць, мяккасць”. Паводле Вяч. Ус. Іванава і У. М. Тапарова, пры рэканструкцыі асноўнага міфа выяўляецца сувязь М. з Грымотнікам (г.зн Перуном): М. успрымалася як яго жонка. Але адначасова выяўляецца матыў здрады М. Перуну з яго праціўнікам.

    Таму ў пакаранне за здраду яна пазбаўляецца боскага і сямейнага статуса, ссылаецца з неба на зямлю, у хтанічныя воды. Згадка пра М. сведчыць, што з Перуном яна знаходзілася на адным роўні міфалагічнай сістэмы. У тапаніміі гэта стасуецца з урочышчамі Макошын Верх (у Чэхіі) і Пярынь блізу Ноўгарада (Расія), якое, магчыма, разумелася як імя жонкі Перуна (параўн. літ. Perkunija – персаніфікаваная навальніца, ст. – ісл. Fjorgyn – імя маці Тора, гоц. Fairguni “скала”).

    Значыць, суадносяцца гара Перуна і гара Перуновай жонкі – Пярыні ці М. Другі этап дачыненняў да М. ( пасля яе развянчання) адлюстраваны парамі тапонімаў накшталт “Перунова гара”, але “Мокашава балота”. На Беларусі захаваліся тапонімы “Мокшава балота”, “Мокіш”. Па шэрагу дадзеных, М. стасуецца з сырасцю (вадой), цемрай, прадзівам, прыналежнасцю да жаночага.

    У паганскім календары чацвер стасаваўся з днём Перуна, што найлепш прасочана палабскай традыцыі, а пятніца – з яго жонкай. Адпаведна гэтаму пасля прыняцця хрысціянства аналагам М. стала святая Параскева – Пятніца. З днём тыдня – пятніцай – былі звязаныя спецыфічныя і вельмі строгія забароны на пэўныя віды працы (асабліва прадзенне, мыццё бялізны), на ежу, посуд, адзенне, на полавыя дачыненні з мужам. У студню ў дар Пятніцы кідалі кудзелю, выпрадзеную воўну і тканіну.

    Паводле падання, з Пятніцай звязвалася практыка родаў у лазні. Пятніца разглядалася як павітуха. Нярэдка на абразах Пятніцу малявалі з распушчанымі валасамі. Выява Пятніцы ў шэрагу выпадкаў змяшчалася на зрубе студні. У паўночнарасейскіх вераваннях пра М. яе ўяўлялі як жанчыну з вялікай галавой і доўгімі рукамі, якая начамі прадзе ў хаце.

    Ёсць пэўныя паралелі з усходнебалцкай Лаўме: доўгія валасы, вялікія грудзі, жаночыя заняткі накшталт ткання ці мыцця, дачыненні з мужчынамі, сувязь з вадой, а таксама тыпалагічная блізкасць да іранскай Ардвісуры Анахіты, грэцкі мойр і германскіх норнаў. На думку У. М. Тапарова, імя М. лічыцца звязаным з і. – е. *mok - - “вільгаць, мокры, вільготны”, а таксама з *mokos – “прадзенне”.

    Акрамя некаторых згаданых мікратапонімаў прамых сведчанняў у пісьмовых або фальклорных крыніцах пра ўшанаванне багіні з імем М. на Беларусі няма (аднак параўн. бел. дыял. Максоніха “злосная жанчына”). Але што вера ў багіню з такімі функцыямі існавала, сведчыць распаўсюджанне культу яе хрысціянскага аналага – Параскевы – Пятніцы.

    З пісьмовых дакументаў XV – XVI стст. бачна, што існаваў звычай прысягаць імёнамі Бога, Божай Маці і святой Пятніцы. Адна з першых мураваных цэркваў (сярэдзіна XIV ст) у Вільні была прысвечана гэтай святой.

    Паводле сведчання Яна Ласіцкага (канец XVI ст.), беларусы вельмі ўшаноўвалі, акрамя Бога і Божай Маці, яшчэ святога Міколу і Пятніцу. Дзень Параскевы – Пятніцы святкаваўся 15 (28) кастрычніка. У яе верхняй іпастасі блізкай М. была палабская Жыва.

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/3533




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz