НАВАЛЬНІЦА
Адна з прыродных стыхіяў, якая ўлучае ў сябе маланку і гром. У беларускіх легендах тлумачыцца, што калі дзе-небудзь ударае маланка, то гэта Бог б’е нячыстага. Гром з Перуном у фальклоры супрацьпастаўляецца Змею. Часам сустракаецца матыў шлюбных дачыненняў Грому і Маланкі. У беларускіх казках Пярун б’е чарцей.
Маланка з’яўляецца прыладай Грамавіка (хрысціянізаваны варыянт – стрэламі святога Іллі). Паводле фальклорных уяўленняў, маланка нараджаецца ад каменя. Яшчэ ў мінулым стагоддзі выпадкова знаходзілі ў зямлі, у народзе лічылі “громавымі стрэламі”. У многіх гаворках польскай мовы белемніты (акамянелыя малюскі цыгарападобнай формы) называюцца “kamien piorunowy”, “kamyszek z pioruna” і да т. п.
Згодна з зафіксаваным у XIX ст. народным павер’ем, калі бог Пярун хоча кагосьці пакараць, то ён “разбівае скалы і праз гэта пускае на зямлю агонь – маланку”. Паводле іншага павер’я, грымотны лук Перуна – каменны молат, часам вясёлка, а стрэлы – маланка. Адным ударам свайго молата ён разбівае хмары, і апладняльная вада ліецца на зямлю. Існавала таксама ўяўленне, што Пярун трымае ў руках двое велізарных жорнаў, трэ імі і стукае адзін аб адзін, трэннем і ўдарамі ён робіць гром і атрымлівае маланку.
Аскепкі жорнаў, што адскокваюць ад удараў, і з’яўляюцца “перуновымі стрэламі”. У народзе лічылася, што душа чалавека, забітага Перуном у часе барацьбы з нячысцікамі, трапляла прама на неба, таму не прынята было ратаваць загінуўшых ад удару маланкі, гэтаксама як і тушыць будынкі, што загарэліся ад Н.
Старажытныя грэкі месца, куды ўдарыла маланка, абгароджвалі і потым ушаноўвалі, падобны звычай вядомы і ў беларусаў. Асноўныя погляды на паходжанне грому і маланкі, характарыстыка бога грому існавалі яшчэ ў агульнаіндаеўрапейскай міфалогіі (у старажытнай Індыі імем бога Н. і адначасова навальнічнай хмары з’яўляўся Парджанья, у хетаў богам грому быў Пірва).
У беларускай мове да нашага часу маланку называюць Перуном. У казках Гром – муж царыцы Малонні, якія пераследуюць Змея (цара зміулана) і спальваюць яго статкі. Старажытнаісландскае Mjollnir (зброя бога тора) этымалагічна роднаснае слову “маланка” і першапачаткова ўяўлялася каменнай. (Беларуская міталогія).
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary?alpha=&authenticity_token=7ac738a48b166025e45f6b2c67b725bd415bc85e&page=1
НАВАЛЬНIЦА
Навальнiца, цi маланка ў народнай традыцыi ўспрымалiся як пакаранне, сiла Бога цi Ільi Граманосца, якi едзе па небасхiле на сваёй вогненнай каляснiцы i дасылае на зямлю палымяныя стрэлы. Згодна з дахрысцiянскiмi ўяўленнямi нашых продкаў, громам "кiраваў" Пярун. Славяне заўсёды шанавалi гром, бо лiчылi, што кожны яго ўдар знiшчае чорта цi д'ябла, бо менавiта громам Бог цi прарок Iлья пераследуюць нячыстую сiлу на зямлi.
У народзе лiчылi, што нячыстая сiла, каб схавацца ад грому, хаваецца ў чалавека, камень, ваду i г.д. Так з'явiлася правiла: у час навальнiцы абавязкова закрываць ёмiстасцi з вадой, а пусты посуд пераварочваць. З-за здолнасцi нячыстай сiлы хавацца ў рэчы, якiя акружаюць чалавека, лiчылася, што ў час навальнiцы нельга стаяць пад дрэвам, на скрыжаваннi дарог, сядзець цi ляжаць на мяжы.
Лiчылася, што нячыстая сiла можа схавацца ў сабаку цi ката, таму ў час навальнiцы гэтых жывёл не пускалi ў хату. Ахоўным сродкам ад грому лiчылася крапiва цi алешына, таму вандроўнiкi ў час навальнiцы абкручвалi сябе поясам з крапiвы цi алешыны. На Беларусi паўсюдна лiчылася, што самым надзейным сродкам ад удараў грому з'яўляецца хлебная лапата, якую на час навальнiцы выкiдалi праз акно ў двор.
Лiчылася, што ў такiм выпадку зямное полымя супрацьстаiць нябеснаму, i яно не кране хату. Акрамя гэтага, у час навальнiцы на палаючае вуголле ў печы клалi асвечаную соль, траецкiя i купальскiя травы. Паўсюдна лiчылi, што ў хату, на якой бусел пабудаваў гняздо, нiколi не трапiць маланка. У славян чалавек, якога забiла маланка, лiчыўся цi найвялiкшым праведнiкам, цi найвялiкшым грэшнiкам.
Таму яго хавалi цi на могiлках з вялiкiм гонарам, цi за агароджай могiлак, як вiсельнiка цi самазабойцу. Дрэва, у якое трапiла маланка, не выкарыстоўвалi для будаўнiцтва. Разам з тым, трэску ад "навальнiчнага" дрэва прыносiлi ў хату, у хлеў, на пчальнiк як надзейны абярэг. Зiмовая навальнiца, навальнiца на "голы" лес прадказвала галодны год, няўрод.
Гром, навальнiца на Святым Велiкодным тыднi — да ўраджайнага, спрыяльнага года. На працягу года неабходна было выконваць шэраг абрадаў, каб абаранiць сябе i сваю хату ад навальнiцы. Адным з дзён года, калi выконвалiся гэтыя абрады, з'яўляецца 15 лютага — Грамнiцы. У гэты дзень неабходна было ў храме асвяцiць грамнiчную свечку, затым пакласцi за абразамi ў чырвоным куце, i запальваць у час навальнiцы. (Беларуская міталёгія).
Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.
|