ГОСЦЬ
Адзін з падставовых культурных канцэптаў беларускай духоўнай традыцыі. Э. Бенвеніст выводзіў паходжанне семантыкі гэтага слова яшчэ ад індаеўрапейскай старажытнасці. Г. – чужы для калектыву чалавек, у адной з магчымых сітуацый – чужаземец-вораг (напрыклад, лат.hostis – “вораг”), які ўваходзіць з гаспадарамі ў стасунак абмену падарункамі (параўн. “гасцінец” – падарунак, а таксама галоўны сэнс гасцявання – частаванне і пір).
Такім чынам, праз гэтыя падарункі паўстаюць паміж гаспадарамі і чужынцамі нейкія ўзаемадачыненні, сувязі, нават узаемныя абавязкі. У выніку гэтага семантыка слова “госць” зрабілася ідэальнай дзеля вызначэння бінарных супрацьлегласцяў свій/чужы, “гэты свет”/”той свет”, а таксама пачало выкарыстоўвацца як маркер дзеля вызначэння медыятара ці медыятыўнага аб’екта ў міфапаэтычнай творчасці.
Яно было прыстасавана для шматлікіх канкрэтных абрадавых сітуацый і перш за ўсё для абрадаў пераходу. Найбольш часта ў беларускай народнай творчасці Г. называюць памерлага. Ён як бы ўжо знаходзіцца на сумежжы абодвух светаў і ў гэты час пакуль яшчэ не належыць ніводнаму з іх.
У госці прымаюць дзядоў, душы памерлых продкаў. Г. называюць калядоўшчыкаў і валачобнікаў. У беларускім фальклоры пашыраны сюжэт, у якім Г. – непазнаны бог ці святы. Часта ён з’яўляецца ў выглядзе жабрака і хоча скарыстацца звычаем гасціннасці. Калі яму адмаўлялі – гаспадароў чакала бяда.
Прыкладу: у вёску прыйшоў Г. – Ісус Хрыстос або святы у выглядзе дзядка (жабрака) і папрасіўся пераначаваць або паесці. Гаспадары не пусцілі яго, і толькі адна бедная жанчына (удава або дзяўчына) пусціла дзядка ў хату. Раніцай ён сказаў жанчыне ісці за ім і не азірацца.
Калі яны пайшлі, ззаду пачуўся шум, і жанчына азірнулася. За гэта Бог ператварыў яе ў камень, а на месцы вёскі зрабіў возера (Бялынічы, в. Дзераўная Слонімскага р-на). Або дзяўчыну ператварыў у зязюлю, а вёску ў камяні (в. Ружаны Слуцкага р-на).
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/1002