ЗАЯЦ
Табумістычныя назвы выдарапень, вытацюпень, адзін з вельмі папулярных і ў той жа час супярэчлівых вобразаў беларускай народнай міфалогіі, важны элемент зааморфнага коду традыцыйнай беларускай мадэлі свету. Семіятычны статус З. часткова абумоўліваецца яго марфалагічнымі і фізічнымі асаблівасцямі.
Так, у фальклорных тэкстах абыгрываюцца і яго даўгія вушы, і шпаркія лапы, і караценькі хвосцік, і характэрная “заечая губа”, і палахлівасць, і некаторыя іншыя яго ўласцівасці.
Уяўленасць З. у тэкстах розных фальклорных жанраў неаднолькавая. Так, З. – вельмі папулярны персанаж казак пра жывёл. Не менш часмта ён сустракаецца ў чарадзейных казках і значна радзей – у каляндарным абрадавым фальклоры. Сімвалічная роля З. вельмі яскрава праяўляецца ў шматлікіх звязаных з ім прыкметах, павер’ях і забабонах.
У чарадзейных казках З. амаль абавязкова прысутнічае ў тых сюжэтах, дзе персанажамі – чароўнымі памочнікамі героя – аказваюцца дзікія лясныя звяры. З. займае звычайна ў гэтых шэрагах пазіцыю самага маленькага (малодшага), часам падзяляючыяе, напрыклад, з вавёркай або ласкай, як у казках з матывам “звярынае малако”.
У гэткіх казках звяры дзейнічаюць супольна, у межаг шэрагаў рэзка не супрацьпастаўляюццаадны адным, падзяляючыся толькі паводле семіятычных азнакаў “дужы” – “слабы”, “вялікі” – “малы” і некаторых інш. З., як правіла, прыцягваецца да полюсаў мінімуму ў гэткіх апазіцыях.
Найбольш міфалагізаванае сюжэтнае ўваходжанне З. – у казках з матывам Кашчава (Змяёва) смерць у яйку. У гэтых казках З. уваходзіць ува ўпарадкаваныя сімвалічныя шэрагі, элементамі якіх абавязкова аказваюцца сам З., качка і яйка. Выразны касмаганічны кантэкст казак гэткага сюжэтнага тыпу раскрывае і сімволіку З. у традыцыйнай культуры наагул.
Акурат максімальная набліжанасць З. да самых пачатковых стадый касмагенезу і да пракаветнага хаосу, уяўлянага пачатковымі водамі, робіць З. адным з так званых медыятараў par excellence. Ён належыць не проста памежнай зоне паміж гэтым і якім-небудзь з іншых светаў, а менавіта мяжы паміж светам (космасам) і нясветам (хаосам) як гэткімі.
Між іншага, перакінуўшыся З., тройчы дасягае трыдзевятага царства герой казкі “Сіняя світа”. Сувязь З. са светам памерлых прасочваецца ў казцы “Аб свіным кажушку”, у якой памерлая маці дае з магілы сваёй дачцэ ў памочнікі З., якога тая перахоўвае ў дуплястай хваіне і на якім яна ездзіць да касцёла.
З гэтымі ўяўленнямі звязаныя і адмысловыя прадказальніцкія ўласцівасці З. Пры гэтым найчасцей З. вяшчуе нядобрае для людзей, будучы свайго роду тэрыяморфным адпаведнікам ворана. (У казцы “Бязногі багатыр” менавіта З. здабывае з крыніцы жывой вады, каб аджывіць героя. Цікава, што ў гэтай казцы З. дзейнічае ў пары з ваўком).
Так, паводле народных павер’яў, калі, выправіўшыся ў дарогу, сустрэнеш З., то лепей адразу ж вярнуцца дахаты, бо поспеху ў гэтай выправе не будзе. У гэтым павер’і З. выразна семіятычна і аксіялагічна супрацьпастаўляецца ваўку, сустрэча з якім, наадварот, прадказвае удачу.
Дадзенае ўяўленне, відаць, даволі архаічнае, за гэта можа сведчыць адзін фрагмент з летапісу Данііла Галіцкага 1252 г. пра хрышчэнне князя Міндоўга і яго паганскае мінулае: «Жряше богом своим вътайне: Нънадееви и Телявели и Диверикъзу, заечьему богу…Егда выехаше на поле и выбегняше заяць на поле – в лес, (в) рощения не вохожаше вну и не смеяше ни розгы уломити…”
Выклікае цікавасць згадка нейкага “заечага бога” Дыверыкса, імя якога можа разумецца і як “божы бізун”, і як “Сам Бог”, “Гасподзь Бог” (параўн. прускія ватыўныя формулы, накшталт, “ Diewe Rikijs…” – “О, Гасподзь Бог…” або “Mes Dinkaumai tebbe Rikijs Deiws…” – “Дзякуем табе Гасподзь Бог…”), апошняя магчымасць ставіць З. у вельмі спецыфічную пазіцыю, характар якой яшчэ патрабуе даследавання.
Дарэчы, воўк і З. выразна семіятычна супрацьпастаўляюцца і ў згаданым касмаганічным сюжэце: воўк (чароўны памочнік героя) раздзірае З. (які дзейнічае на баку антаганіста) і з таго вылятае качка, у якой схаванае яйка з Кашчавай смерцю. Нічога добрага не прадказвае і з’яўленне З. пры будаўніцтве новага дома: гэты дом абавязкова згарыць.
Не пазбегнуць масавага пажару і калі З. проста забяжыць у вёску. Гэтая нетрывіяльная сувязь З. з агнём, якая, што праўда, хутчэй ускосна выяўляецца і ў павер’і, быццам калі страляць па З. са стрэльбы, то тая сапсуецца, патрабуе дадатковага даследавання. Судачыняецца З. у фальклоры і з некаторымі нябеснымі свяціламі.
Так, добра вядомая назва сонечнай (або наагул светлавой) плямы “зайчык”. “Зайчыкамі” грае сонца на Купалле, рассыпаючыся на мноства частак, а потым раптам збіраючыся ў адно кола. У палякаў ёсць назоў Венеры ў яе вечаровай бачнасці – Gwiazda Zajacowa? Або Zajaca, у Беларусі, праўда, гэтае найменне не зафіксаванае (гл. Вечарніца). Найбольш выразная сувязь З. з Месяцам назіраецца ў дзіцячых лічылках, напр.: “Заяц-месяц, ідзе быў?”
У багата якіх павер’ях і чарадзейных казках выяўляецца таксама і нетрывіяльная сувязь З. з чараўнікамі, якія “апякуюць зайцоў” і могуць у іх пераўвасабляцца (як у казках “Хітрая навука” і “Пра хлопца, што ў ведзьмара вучыўся”).
Варта адзначыць і казачны матыў, як брат, папіўшы з заечага следу, ператвараецца ў З., але потым выратоўвае сваю сястру ад злой мачахі, дзе З. нібы заступае месца, звычайна займанае казлянём. У. Тапароў бачыў у казках гэтага тыпу захаванне даволі архаічных уяўленняў, звязаных з рытуальнай пахавальнай практыкай індаеўрапейцаў.
Субстытуцыя казляняці (гл. Казёл) З. матываваная іх вельмі блізкай семантыкай: абодва ўвасабляюць мужчынскую гіперсэксуальнасць і плоднасць. Аднак у казках тыпу “Пра брахлівага козліка” два тэрыяморфныя ўвасабленні ўрадлівасці і плоднасці – З. і каза – апынаюцца ў жорсткай апазіцыі: каза выганяе З. з яго хаткі; ні ліса, ні воўк, ні мядзведзь не змаглі даць рады; толькі певень з дапамогай пчалы выганяе казу з зайчыкавай хаткі ( параўн. вядомы хецкі міф пра зніклага бога ўрадлівасці Тэлепіну).
Гіпервітальнасць/сэксуальнасць З. адлюстраваная ў розных непрыстойнага зместу анекдотах, прымаўках, прыпеўках і песнях (напрыклад, у бел. песні з Лепельскага р-на “Ай, кум да кумы баразёнкай ішоў”).
Гэтая ж тэма абыгрываецца і ў некаторых беларускіх купальскіх песнях з відавочным эратычным кантэкстам (і словамі: “Зайца знайдзем – паганяем, мальца найдзем – пагуляем”), пры тым што ў тэкстах падобнага кшталту па жытнёвым полі звычайна ганяюць духа ўрадлівасці (параўн. пагоню за перапёлкай або за Юмісам у латышоў).
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/1842
ЗАЙКА ШЭРАНЬКІ
10.12.2008
Заяц на падставе сваіх паводзін асацыіруецца ў народнай культуры з баязлівасцю (дрыжыць як заяц, зайцава сэрца) і асцярожнасцю. Акрамя гэтага, з-за магчымасці штогод прыводзіць велізарнае патомства заяц стаў сімвалам плоднасці.
* У вясельных песнях і песнях пра каханне заяц згадваецца даволі часта. Ён увасабляе мужчынскі пачатак — сімвалізуе жаніха або халасцяка.
*Часта вясельныя караваі ўпрыгожвалі фігуркамі зайцоў, што павінна было паўплываць на нараджэнне ў маладых вялікай колькасці дзяцей.
* Як сімвал плоднасці заяц узгадваецца ў казках і прымаўках. На пытанне маленькіх дзяцей, адкуль яны ўзяліся, адказвалі, што іх заяц прынёс і палажыў у капусце.
* Па той жа прычыне бясплодным жанчынам раілі есці як мага больш заечыны, асабліва самцоў.
* Калі прысніўся сон, у якім злавілі зайца, тлумачылі пачаткам цяжарнасці або нараджэннем сына.
* Падчас цяжкіх родаў парадзісе змазвалі дзетародныя органы заечым тлушчам, каб палегчыць іх.
* З-за таго, што заяц хутка і на першы погляд залішне мітусіцца (робіць “петлі”, каб схаваць свае сляды ад драпежнікаў), здаралася, што вобраз зайца асацыіравалі з нячыстай сілай. Менавіта таму лічылася кепскай прыкметай, калі заяц перабягаў дарогу таму, хто кіраваўся ў далёкі шлях, асабліва вясельнаму поезду.
* Пра чалавека, які спаў даволі чутка і спрасонку ўздрыгваў, казалі, што ў яго “заечы сон”.
* Прыкмячалі, калі зайцы блізка падыходзілі да жытла чалавека, то гэта было знакам хуткіх моцных маразоў.
Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=27929
ЗАЯЦ
Калі заяц перабяжыць дарогу, то гэта ліхі знак. Лепш вяртайся назад: не будзе поспеху, а то здарыцца на дарозе няшчасце. Калі заяц забягаў у вёску, то праз нейкі час там адбываўся пажар.
Калі ж заяц заскокваў у хату, якая будавалася, то будаўніцтва спынялі і бярвенне выкарыстоўвалі толькі на дровы. У аднаго селяніна конь стаў наравісты і злы.
Вывеў гаспадар каня ноччу ў поле, зламаў асінавы дубец і пачаў біць яго дубцом. Праз некаторы час конь пакрыўся пенай, потым з яго зваліўся корч, ператварыўся ў чорнага зайца, які хутка знік у лесе.
Крыніца: http://mifijslavyan.ru/stories4/74.htm |