ДЗЕДАВІЦА

КОЛЕР
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 28
    Гасцей: 28
    Карыстальнікаў: 0

    СІМВОЛІКА КОЛЕРУ Ў БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАЙ КУЛЬТУРЫ

    Даследчыкі гісторыі традыцыйнай культуры беларускага народа прыйшлі да высновы, што найбольш старажытнымі і разам з тым найбольш распаўсюджанымі колерамі беларусаў былі белы (шэры колер адбеленага льну) і чырвоны (насычаны карычневы) колеры. Такое ўспрыманне навакольнага свету і безумоўнае выкананне спрадвечных традыцый дапамаглі нашым продкам здзейсніць вельмі дакладны выбар.

    Для таго каб зразумець, якую знакава-сімвалічную ролю выконвалі чырвоны і белы колеры, неабходна даведацца, якім чынам кожны ў іх быў звязаны з абрадавымі структурамі і ў якіх рытуальных кантэкстах выкарыстоўваўся. З гэтай нагоды ўзгадаем шэраг рытуальных дзеянняў і рэчаў, у якіх белы і чырвоны колеры з’яўляюцца дамінуючымі ці сэнсавызначальнымі.

    * Сёння гарадскія жыхары ўсё радзей узгадваюць, а можа, ужо і не ведаюць аб структуры жылой прасторы хаты і функцыянальным значэнні кожнай з рытуальных зон. Нагадаем, што ў супрацьлеглым баку ад парога заўсёды быў “чырвоны” кут, па дыяганалі ад чырвонага кута ў хаце знаходзілася печ, якую абавязкова фарбавалі ў белы колер.

    * У час першага рытуальнага купання дзіцяці, калі бабка-павітуха змывала сляды “таго”, мацярынскага свету і “ўводзіла” дзіця ў свет сям’і, роду, яго спавівалі ў белае, але пры гэтым зверху абавязкова перавязвалі чырвоным поясам-абярэгам.

    * Перад хрышчэннем дзіця апраналі ў новае (ці атрыманае ў спадчыну ад старэйшага дзіцяці) белае адзенне (і толькі такое, а не так, як сёння: дзяўчынку ў ружовае, а хлопчыка — у блакітнае, а пасля з нашымі хлопцамі бог ведае, што робіцца), а зверху зноў-такі павязвалі чырвоны пояс.

    * Імкнуліся, каб нацельны крыжык, які дадуць дзіцяці, быў на чырвонай нітцы.

    * Аб тым, што ў хату прыйшла бяда — смерць блізкага чалавека, сведчылі адпаведныя дзеянні людзей і спецыяльныя рытуальныя знакі-атрыбуты. Белы, без малюнкаў і арнаменту, ручнік вешалі на акно з боку вуліцы. Для ўсіх гэта быў знак таго, што ў хату прыйшла бяда. У жыллёвай прасторы хаты ўсе люстэркавыя паверхні экраніравалі тканінай белага колеру.

    * Яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя людзей хавалі ў белым саване. Сёння на дно труны кладуць белы ручнік (сімвал шляху са свету жывых у свет продкаў), а памерлага пакрываюць тканінай белага колеру (тканіна выключна белая, без слядоў, створаных чалавекам; у свеце продкаў пачнецца новы адлік часу, таму на дарозе вечнасці будуць напісаны зусім іншыя сімвалы).

    * У народнай традыцыі труну з нябожчыкам апускалі ў магілу на спецыяльна вытканых для гэтага ручніках. Пры гэтым труна знаходзілася на белай частцы ручніка, а тыя, хто апускалі яе — мужчыны ва ўзросце больш за 40 гадоў, — трымалі ручнік за чырвоныя канцы.

    * У адзенні нябожчыка не павінен быў прысутнічаць чырвоны колер (лічыцца, што гэта можа паклікаць за сабой яшчэ адну смерць кагосьці са сваякоў). У той жа час, калі ў сям’і была цяжарная жанчына, яна абавязкова апранала што-небудзь чырвонае ці яе абвязвалі чырвоным поясам.

    * У народзе і сёння існуе правіла: калі пасля смерці сваяка (да трэцяга калена) не прайшоў год, яйкі — галоўны атрыбут святкавання Вялікадня — нельга фарбаваць у чырвоны колер; яны павінны застацца белымі і тым самым паказаць выключны статус дадзенай сям’і, якая жыве ў структуры памінальнага года.

    * На працягу года ёсць некалькі памінальных дзён, напрыклад бацькоўскія суботы, восеньскія Дзяды і Радаўніца. У гэтыя дні жывыя наведвалі могілкі і прыбіралі магілы. На надмагільныя крыжы, калі гэта была магіла жанчыны, павязвалі белы фартушок, калі мужчыны — белы ручнік, калі незамужняя дзяўчына — белы вяночак.

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=26995

    Усе прыведзеныя ў папярэдняй публікацыі прыклады выкарыстання этнакультурных атрыбутаў у рытуалах дазваляюць зрабіць выснову, што белы колер сімвалізаваў смутак, жалобу, смерць.

    Гэта універсальны сімвал пераходу ў іншы стан. Калі зазірнуць у казкі, белы колер там — колер Свету Вечнасці, у якім “смерць — жанчына ў белым саване, з доўгімі валасамі, вандруе па палях і з’яўляецца людзям у снах”. А ў народзе здаўна жывуць такія выслоўі: “Белы як смерць” ці “Бачыў я цябе ў труне ў белых тапках”.

    Так, менавіта ў “белых тапках” (лапцях) хавалі нашых продкаў. Становіцца зразумелым, што ўсе рытуальныя моманты, звязаныя са смерцю чалавека, з яго пераходам з аднаго стану ў іншы стан, маркіраваліся белым колерам. Але ж такім самым пераходам з аднаго свету ў другі, з аднаго стану ў другі стан з’яўляюцца і нараджэнне, і хрышчэнне дзіцяці, а таксама падрыхтоўка і правядзенне вясельнай урачыстасці.

    Разам з тым, як вы ўжо заўважылі, побач з белым заўсёды прысутнічаў чырвоны колер — колер жыцця, самы надзейны і самы распаўсюджаны абярэг. Усё тое, што неабходна было захаваць, абараніць і пакінуць у стане спакою ці стабільнасці, знаходзілася ў шчыльным кантакце з чырвоным колерам: хлеб, рукі маці ці бацькі, дзіця і г.д.

    У народнай медыцыне наяўнасць рэчаў чырвонага колеру была складовай часткай пры лячэнні рожыстага запалення, спалохаў, сурокаў, рэўматызму і г.д. Абярэгамі хаты сталі чырвонае велікоднае яйка, галінка рабіны, сарваная 21 верасня. Самым надзейным абярэгам для чалавека з’яўлялася чырвоная нітка ці чырвоны пояс.

    Святым месцам у хаце быў “чырвоны” кут. Калі праз прызму ўсяго вышэйзгаданага паглядзець на асноўныя рытуальныя дзеянні правядзення вясельнага абраду, то можна ўбачыць такую заканамернасць: усе дзеянні, звязаныя з жаніхом і нявестай (тымі, хто перажывае рытуальную “смерць” і пераходзіць у новы статус), будуць пазначаны белым колерам, усё тое, што звязана з бацькамі, хатай, хлебам (тымі, хто не змяняе свой статус), будзе прамаркіравана чырвоным колерам.

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=27053

    Калі завяршаўся выкуп нявесты, бацька абвязваў дачку ручніком і тройчы абводзіў яе вакол стала — сакральнага месца, за якім збіраецца сям’я. Прычым нявеста была абвязана белай часткай ручніка (яна памірала для гэтай сям’і, пераходзіла ў іншую), а бацька трымаўся за яго чырвоныя канцы: ён заставаўся тут.

    * У час вянчання маладыя стаялі ў храме на белай частцы бела-чырвона-белага ручніка: паміралі ў статусе “хлопец і дзяўчына” (адно чырвонае поле ручніка) і перанараджаліся ў “мужчыну і жанчыну” (супрацьлеглае чырвонае поле таго ж ручніка) праз трохдзённае існаванне ў намінацыі “жаніх і нявеста” (тая пераходная — белая — зона абрадавага ручніка, на якім яны перажываюць перанараджэнне ў час вянчання).

    * Калі з хаты нявесты выходзілі маладыя, бацькі рабілі каля парога арку з ручніка і двух боханаў хлеба, кожны з якіх быў загорнуты ў чырвоныя (ніжнія) часткі ручніка. Утваралася “трыумфальная” арка (брама, радуга (вясёлка), падкова на шчасце), з-пад якой павінны дачка-нявеста і будучы зяць накіравацца ў новае жыццё.

    * Выходзячы з храма, хросны бацька жаніха ці нявесты звязваў маладым рукі поясам-абярэгам чырвонага колеру.

    * Маладыя ў час вяселля сядзелі ў “чырвоным” куце.

    * Пасля першай шлюбнай ночы ў адзенні жаніха і нявесты дамініраваў чырвоны колер.

    * Вясельны стол завяршаўся падзелам каравая, які пад усеагульнае благаславенне выносілі хросныя бацькі. Ручнік слалі так, каб каравай абавязкова знаходзіўся на яго чырвонай частцы.

    * Галоўныя ўдзельнікі вясельнага абраду — жаніх і нявеста — знаходзіліся ў стане пераходу, таму павінны былі апрануць адзенне белага колеру. Прычым не толькі нявеста, але і жаніх. Калі зірнуць на фотаздымкі мінулых гадоў, прыйсці ў музей этнаграфіі і фальклору, мы ўбачым там светлае адзенне жаніха і нявесты.

    Але: на сукенцы нявесты — на рукавах, грудзіне — будуць вышытыя шырокія чырвоныя палосы-абярэгі, а жывот будзе “закрываць” фартух з чырвонымі рысамі. У жаніха да светлай кашулі і штаноў будзе дададзены шырокі пояс з яркім чырвоным арнаментам па краях.

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=27059




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz