ДЗВЕРЫ
Элемент хаты для рэгламентаванага ў яе ўваходу/ выхаду, мяжа паміж жылой прасторай і наваколлем. Зачыненыя Дз. Пазначалі замкнёнасць і абароненасць “свайго”, унутранага, што падмацоўвалася спецыяльнай аздобай вонкавага боку Дз.: затыканнем за іх вострых прадметаў, калючых раслін, маляваннем крыжоў на Вадохрышча і інш., а таксама змяшчэннем ля Дз. ( ужо з унутранага боку) веніка, качаргі і іншых абярэгаў.
Адкрыванне Дз. Сімвалізуе выхад, у тым ліку і за межы “свайго”, у замагілле. Калі ў хаце ляжаў нябожчык, Дз. Адчынялі, каб дапамагчы яго душы пакінуць цела. З той жа мэтай на Віцебшчыне з Дз. Даставалі вершнік. “Выхад” з хаты нявесты сімвалічна праграмаваўся ў калядных варожбах, калі ад кута да Дз. Дзяўчаты перастаўлялі адна за другой свае чаравікі.
У той жа час пры захаванні пэўных правілаў Дз. “прапускалі” праз сябе і ў адваротным кірунку: гаспадар клікаў Мароза на куццю, адчыніўшы Дз. І высунуўшы галаву; дастаўшы на Дз. Вершнік і гледзячы ва ўтвораную адтуліну, лічылася магчымым убачыць памерлых сваякоў, што прыходзілі ў хату на Дзяды.
Сімволіка мяжы захоўваецца ў звычаі забіваць над/пад Дз. нож, калі ў лесе заблудзіла жывёла, каб тая хутчэй вярнулася. Дз. Як локус ці аб’ект уваходзяць у шэраг рытуальных дзеянняў, звязаных з асноўнымі падзеямі жыццёвага цыкла, пераходны характар якіх вымагаў пільнай увагі да граніц, у тым ліку і да Дз.
Калі сваты збіраліся да дзеўкі, браліся за дзвярны шпунт, “каб там зрабіць лад”, у Дз. кумы перадавалі дзіця бацькам, ды і ў будзённым жыцці да Дз. праводзяць гасцей і сваякоў. У такіх кантэкстах семантыка Дз. супадае з семантыкай парога.
Медыятыўнасць, звернутасць Дз. як да “свайго” і да “чужога” выразна бачная ў вераваннях палешукоў, згодна з якімі “камета перакідаецца ў чорную бабу, якая ў ночы ходзіць па сялу ды й піша вуглем на дзвярах храсты; дзе паставіць чорны хрэст, у той хаце ўсе памруць.
Затым то, як стаіць на небе мятла, трэба самому начыркаць хрэст на сваіх дзвярах вуглем”, каб падмануць камету. Праз Дз. дэманы хвароб выганяліся і выдаляліся, да Дз. нават звярталіся: “Добры вечар, тры калы (тры калы – стаякі Д.: бакавыя і верхні), вазьміце маіх тры бяды, прыміце мае хлеб – соль, дайце рабе божай сон”.
Для пазбаўлення ад многіх хвароб практыкавалася рытуальнае вымярэнне дзіцяці ў праёме Дз., калі на вышыні роста ставілася рыска або прабівалася адтуліна, куды складваліся пазногці, валасы, нітка, якой мерылі суставы.
Верылі, як толькі дзіця перарасце рысу, хвароба мінецца. Прастора за Дз., асабліва пятнічок – шчыліна між вушаком і прыадчыненымі Дз. – разумелася як пачатак іншасвету, локус “чужога” ў “сваім”.
У пятнічок вылівалі ваду пасля абмывання хворага, закладалі ў праём і сціскалі балючую руку, праз завесы пералівалі ваду ды інш. Свайго роду “дэманічнасць” Дз. і іх звернутасць да 2таго” свету захавалася ў прадпісаннях вешаць на Дз. кашулю каўняром уніз пры начніцах. Дз., як іншыя элементы жытла, уключаюцца ў сістэму перакадзіровак між целам чалавека і хатай.
Выразная генітальная сімволіка Дз.: параўн. замовы на захаванне плода: “Замкніцеся, ключы залатыя, зачыніцеся, дзверы царскія, ня пусьціця гэтыя дзіцяці” (гл. Геніталіі жаночыя).
Дз. таксама прыпадабняюцца роту і зубам, у прыватнасці, у замовах шаптуны “ замыкаюць звярам зубы і губы”. Над Дз. затыкалі адрэзаны каўтун, як бы імітуючы яго безупынную прысутнасць на галаве.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/1222
|