ДЗЕД
Адзін з ключавых тэрмінаў традыцыйнай культуры беларусаў, абазначэнне ім шэрагу прадметаў і існасцяў акцэнтуе важкія бакі іх семантыкі. Лексема Дз. звычайна сустракаецца ў якасці назвы зажынкавага снапа, зрэдку дажынкавага, называе спецыяльную кладку снапоў, абазначае апошнія нязжатыя каласы – “дзед” (“дзеду на бараду”, “дзедава барада”).
Падобныя найменні пераклікаюцца з уяўленнямі пра існаванне міфічнага Дз., які распараджаецца ўраджаем і патрабуе для сябе выканання пэўных дзеянняў – “бараду кідалі ў полі, каб дзед даў ураджай у зямлі сабраць”.
Дз. – сноп зажынкавы – рэпрэзентаваў сабой апекуна збожжа, гаспадара (“гаспадар”- варыянтная назва першага снапа), дзеда – продка, апекуна хатніх спраў: “зажынкавы дзядок старажыць хаты, яго торкалі за абраз”; “дзед сцярох, кап мышы ня елі” ды інш. (параўн. Жыцень).
Сэнсавае значэнне апірышча, падтрымкі, грунту, асновы закладзенае ў найменні дзедам апорнага слупа ў гаспадарчых будынках; прыстасовы, у якую ўстаўлялі лучыну для асвятлення хаты; Дз. называлі звязаныя снапы саломы, якімі ўмацоўвалі край саламянай страхі.
Характэрнае найменне “дзед” атрымаў Слуп пячны – цэнтральны слуп жытла, з якім самым цесным чынам звязваліся ўяўленні аб бостве-продку. Спрыянне жывым, засцярога іх ад нячыстай сілы дамінуюць у матывацыі абазначэнняў праз лексему “дзед” чартапалоху, суквеццяў – шышачак лопуху, што актыўна выкарыстоўваліся ў якасці абярэгаў.
Дзеля наўпростага назову продкаў ужываюць найперш множны лік – Дзяды, гэтаксама называецца і абрад памінання нябожчыкаў, і сам гэты дзень, а таксма прымеркаваныя да рытуальнай вячэры стравы: “вот не наварыць дзедоў, аны і сняцца”. Аднак фіксуецца і адзіночны лік: Дз. – памерлы продак.
Маці супакойвалі дзяцей: “Прыдзе, прыдзе дзед, табе пірог спячэць”, што сведчыць пра ўдзел продкаў у выпяканні хлеба (= надзяленні доляй). У некаторых мясцінах Дз. называліся хмары – “ужо вылазяць дзяды, будзе дождж”. Дз. – рэгулярнае азначэнне галоўных персанажаў гульнёва-абрадавых дзеяў накшталт “Жаніцьбы Цярэшкі”, масленкавага пахавання Дз. ды інш., жабрака і нават нячысціка.
Галоўнай прыкметай усіх гэтых вобразаў выступае судачыненне са светам памерлых і звязаныя з гэтым міфалагічныя адценні. Адметна, што беларускай мове было ўласцівае ўтварэнне ад асновы “дзед” такіх паняццяў, як дзядзінец – двор перад парогам, дзе, магчыма, хавалі памерлых; дедина, дедизна – Айчына (параўн. Бацькаўшчына), спадчына і нават нябеснае царства, рай, вечнае жыццё, што ніяк не супярэчыць міфалагічнаму субстрату гэтага тэрміна.
Тэрмін “Дзед” часта сустракаецца ў мікратапаніміцы: Дзедава гара (Навасёлкі Мядзельскага р-на), лес Дзедаўшчына (в. Пагарэлая Стаўбцоўскага р-на), каменныя крыжы ва ўрочышчы Дзедаў шмат (блізу г. п. Бягомль Докшыцкага р-нга), камень Дзед на месцы паганскага капішча ў Мінску на беразе ракі свіслач, балота Дзядок блізу в. Мярэцкія Глыбоцкага р-на.
Ёсць назвы старажытных могільнікаў – Дзед, Дзедка, Дзедавы ямы, назвы паселішчаў – Дзедаў Шпіль ды інш. Гл. таксама Дзяды.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/1252
|