АБВОРВАННЕ
Правядзеньне вакол вёскі магічнай баразны, якая, паводле павер'яў, запыняла пашырэньне эпідэмій. У некаторых мясьцінах абрад выконваўся і ў XX ст. У розных раёнах абворваньне рабілі па-рознаму. Найчасьцей старыя кабеты і цнатлівыя дзяўчаты (зрэдку ўдзельнічалі і цяжарныя жанчыны) згаворваліся і зьбіраліся разам, распраналіся, распускалі валасы, упрагаліся ў саху і праводзілі ёю замкнёную баразну вакол вёскі.
Адбывалася гэта апоўначы або да ўзыходу сонца. Калі ведалі пра выкананьне абраду, то павінны былі зачыняць вароты, дзьверы і вокны. Калі ж абворваньне рабілася таемна, то той, хто сустракаўся на шляху ўдзельнікаў абраду, мог быць забіты.
Сустрэтых ката, сабаку, а то і карову вяскоўцы забівалі. Звычайна праводзілі адну баразну, але бывала і тры баразны. У некаторых мясьцінах наперадзе працэсіі несьлі абраз.
Дзе-нідзе ў абрадзе абворваньня удзельнічалі і хлопцы. Часта абворваньне рабілася на валах-блізьнятах або двума братамі-блізьнятамі. На Гродзеншчыне і ў Заходнім Палесьсі, калі ў вёсцы не было блізьнятаў, то запрагалі двух аднагодкаў-цёзкаў з аднолькавым колерам валасоў. У Цэнтральным Палесьсі вядомы выпадкі абворваньня на чорных котках, пеўнях і сабаках.
Часта працэсія суправаджалася песьнямі. Як рэцыдыў абраду абворваньня ў XX ст. зафіксавана абворваньне на конях, на трактарох, бывала, плуг цягалі не вакол вёскі, а па вуліцах.
Вядома таксама абворваньне культавых камянёў, верагодна, зьвязаных зь Вялесам (Воласам), ахоўнікам жывёлы. Да абраду абворваньня сэмантычна і структурна блізкі абрад праворваньня (дарогі, рэчышча высахлай ракі) з мэтай выкліканьня дажджу.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/61