ЖЛОБ
Тып беларускага народнага лялечнага тэатра батлейка. Быў пашыраны ў асн. на Віцебшчыне ў 17 – пач. 19 ст. Спалучаў статычную лялечную панараму з рухомым тэатрам ценяў.
Паказы звычайна былі звязаны з рэлігійным святам нараджэння Хрыста і адбываліся у час каляд (жлобам на Віцебшчыне называлі яслі для кармлення жывёлы; паводле рэлігійнага міфа, Хрыстос у час пакланення вешчуноў ляжаў у яслях). Знежне Ж. нагадваў макет 2-яруснай 3 – купальнай царквы.
Ніжні ярус меў 3 нішы – аддзяленні. У сярэдняй (кампазіцыя з нерухомых лялек – сцэна “Пакланенне вешчуноў”), якая мела шкляныя дзверцы, у час паказу запальвалі свечку і статычная лялечная мізансцэна адлюстроўвалася на задняй люстраной сценцы.
Аддзяленні, дзе адбывалася дзеянне (верхні ярус і бакавыя нішы ніжняга), заклейваліся прамасленай паперай – экранамі, за якімі ставілі вяртушкі (рухало іх цяпло ад запаленай свечкі або батлейшчык).
У ніжняй частцы яе замацоўваліся плоскія, выразаныя з бляхі або картону, фігуркі персанажаў, якія ад святла запаленай свечкі давалі на экране адбітак рухомых ценяў – сілуэтаў.
Дзею каменціраваў сам батлейшчык або суправаджалі адпаведныя надпісы. У Ж. выконваліся сцэны “Уцёкі ў Егіпет”, “Паход цара Ірада”, “Падарожжа вешчуноў у Іерусалім”. Паказы суправаджаліся спяваннем псалмоў і кантаў.